На палітры пленэру

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

У Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстаўка, прысвечаная 70-годдзю Мінскай вобласці. Тут прадстаўлены работы навучэнцаў школ мастацтваў рэгіёна. Экспазіцыя ўпершыню аб’яднала два раённыя пленэры: “Залатая палітра” (Барысаўскі) і “Дзе льецца Нёман срэбраводны” (Стаўбцоўскі), а таксама абласны пленэр “Фарбы роднай зямлі”, які штогод ладзіцца ў Чэрвені.

 /i/content/pi/cult/192/2128/Plener1.jpg
 У.Васілеўскі. “Восеньскія матывы”.
Удзел у такіх пленэрах вельмі важны для падлеткаў: яны вучацца адзін у аднаго, а самае галоўнае — іх вучыць мастацтву Прырода.
Пленэры штораз прапануюць розныя праграмы. Напрыклад, пад час Чэрвеньскай імпрэзы дзеці наведваюць музей Хаіма Суціна, родавы маёнтак Ваньковічаў, мужчынскі манастыр у вёсцы Ляды. Не менш цікавая і праграма рэгіянальных пленэраў. “Залатая палітра” ў Барысаве — гэта паездкі ў Зембін, які Надзея Лежэ лічыла сваёй радзімай, на Брылёўскае поле, што стала вядомым пасля вайны 1812 года, а таксама ў маляўнічыя мясціны вёскі Пяскі. Пленэр у Стаўбцах, на радзіме Якуба Коласа, прапануе экскурсіі, звязаныя з імем знакамітага земляка, паездкі ў Мір і Нясвіж, арганізуе сустрэчы з беларускімі паэтамі і мастакамі.
Беларускае мастацтва адметнае ўдумлівасцю, якасцю майстэрства. Тым больш каштоўнай для беларускіх гледачоў з’яўляецца гэтая выстаўка, якая дэманструе добрыя прыклады работы ў хуткай тэхніцы “а-ля прыма”, а таксама дзіцячае шчырае
 /i/content/pi/cult/192/2128/Plener2.jpg
 З.Антановіч. “Фарбы роднага краю”.
ўспрыманне навакольнага свету.
Для юных мінчан, якія вучацца мастацтву, будзе цікава і карысна ўбачыць творчасць іх калег з вобласці.
Магчыма, шэраг вядомых мастакоў калісьці папоўніцца імёнамі тых юных талентаў, работы якіх дэманструюцца на выстаўцы. Некаторыя з удзельнікаў пленэру (Уладзімір Васілеўскі, Дар’я Мельнікава, Павел Гецман ды іншыя) ужо працягваюць свой творчы шлях у якасці навучэнцаў мастацкіх сярэдніх і навучальных устаноў.
Застаецца падзякаваць арганізатарам пленэраў і дырэкцыі Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, якія паспрыялі ажыццяўленню мары юных мастакоў — прадставіць свае работы на адной з лепшых выставачных пляцовак краіны.

Наталля ЦАРЫК,
кандыдат мастацтвазнаўства,
выкладчык Барысаўскай ДМШ