Сцэнарый і рэжысура — аддзела культуры

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Выступаючы на мітынгу, прысвечаным 65-годдзю вызвалення Калінкавічаў ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, першы намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Віктар Сямашка казаў аб прыкрай уласцівасці часу: яго імклівы бег зацярушвае памяць нават пра тое, што забывацца ніколі не павінна. Для тых людзей, якія перажылі вайну, яна стала ці не найважнейшай падзеяй жыцця, але для многіх нашых маладых суайчыннікаў гэта не болей, чым раздзел у падручніку па гісторыі. Настолькі ж аддалены ад рэчаіснасці, як, скажам, Напалеон. Як супрацьстаяць дэструктыўнай уласцівасці хуткаплыннага часу? Пошукі адказаў на гэтае філасофскае пытанне ў значнай меры знаходзяцца ў кампетэнцыі работнікаў культуры. Менавіта яны рыхтуюць урачыстасці да юбілею вызвалення сваіх родных гарадоў і вёсак.

Адных слоў замала…
Вызваленне Беларусі ад фашысцкай навалы пачалося ў мястэчку Камарын, што на Гомельшчыне. Адпаведна, і старт 65-годдзя даты быў дадзены ў гэтым рэгіёне. І пакуль работнікі культуры іншых абласцей яшчэ толькі выкрышталізоўваюць ідэі, як зрабіць святочныя мерапрыемствы адпаведнымі значнасці іх нагоды, калегі з Гомельшчыны ўжо могуць падзяліцца сваім вопытам.
— Рыхтуючы юбілейныя імпрэзы, у першую чаргу мы ставілі перад сабою пытанне: чым можна “зачапіць” сучаснікаў? — кажа першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга АНТОНЕНКА, якая курыруе “культурны” складнік святкавання па ўсёй вобласці. — Адных слоў, нават самых шчырых і прачулых, сёння ўжо замала. Так, для франтавікоў яны насычаны жыццёвым зместам і абуджаюць уласныя ўспаміны. Але моладзі згадваць няма чаго. Таму шукаць новыя выяўленчыя сродкі нас прымушае само жыццё.
 /i/content/pi/cult/192/2127/Rekanstrukcyja1.jpg
…Па Лоеве зноў шпацыруюць самаўпэўненыя “эсэсаўцы” з аўтаматамі, але панаваць ім відавочна засталося нядоўга... На Дняпры з’яўляюцца лодкі і плыты з савецкімі салдатамі, якія адважна пераадольваюць адлегласць да берага па халодных хвалях ракі... Паўсюль выбухі, страляніна… І ўрэшце па-над горадам залунаў чырвоны сцяг.
У дзень 65-годдзя вызвалення Лоева разгортваліся, на першы погляд, амаль тыя самыя гераічныя падзеі, што і ў 1944-м — толькі без чалавечых ахвяр. Назіраючы за інсцэніроўкай на свае вочы, кожны з гледачоў маштабнай дзеі нібы адчуў сябе сведкам знакамітай аперацыі па фарсіраванні Дняпра. Атрымаўшы унікальную магчымасць не адно ўбачыць, але і перажыць.
Як вядома, двойчы ўвайсці ў адну і тую ж раку нельга. Але спосабы ўзнаўлення падзей мінулага ні для кога ўжо не ў навіну. Іх, прынамсі, два: тэатралізацыя і гістарычная рэканструкцыя. Апошняя патрабуе куды большых высілкаў ды затрат, але затое дазваляе сучаснікам сапраўды паўнавартасна акунуцца ў гісторыю: энтузіясты з клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі імкнуцца стварыць максімальна рэалістычнае адлюстраванне падзей мінулага.
Тэатралізацыя, у сваю чаргу, аперыруе ўмоўнасцямі: такія ўжо законы жанру. Але затое пры ўмелым (і, галоўнае, творчым) іх выкарыстанні можна спарадзіць той самы “эфект прысутнасці”. Пра гэта сведчыць досвед Калінкавіцкага раёна, які адсвяткаваў свой юбілей 14 студзеня.
Сцэны ў кузавах грузавікоў
Тэатральны фрагмент свята ў Калінкавічах доўжыўся ўсяго якія паўгадзіны, але ж запатрабаваў не адзін месяц працы: ад агульнай ідэі да звядзення ўсіх эпізодаў у адну цэласную праграму.
Першае прынцыповае рашэнне, прынятае ў раёне адносна правядзення ўрачыстасці, — абыходзіцца ўласнымі сіламі, не запрашаючы прафесійных рэжысёраў са сталіцы. Прычым не толькі дзеля эканоміі сродкаў.
— Вядома, куды прасцей перакласці адказнасць на плечы прафесіяналаў, — кажа начальнік аддзела культуры Віктар ЛЕВАНОВІЧ. — Але практыка паказвае, што “залётныя” рэжысёры не заўсёды сумленна ставяцца да сваёй працы. Будзем шчырымі: для некаторых з іх гэта ўсяго толькі магчымасць “падхалтурыць”, а для нас — Дзень вызвалення роднага краю. Адчуваеце розніцу? Арганізоўваючы свята самастойна, мы можам быць упэўнены ў тым, што пройдзе яно сапраўды годна.

 /i/content/pi/cult/192/2127/Rekanstrukcyja2.jpg
Задачы, якія ставяць мерапрыемствы такога фармату перад сваімі рэжысёрамі, лёгкімі не назавеш. Як адлюстраваць маштабныя гістарычныя падзеі ў кароткі адмежак часу ды яшчэ і ў абмежаванай прасторы, прычым такім чынам, каб шматлікая аўдыторыя магла ўсё бачыць?
Без адмысловых рэжысёрскіх хадоў тут не абысціся. У дадзеным выпадку ім стаў даволі арыгінальны спосаб арганізацыі тэатральнай дзеі. Эпізоды вайны ўвасабляліся… у кузавах грузавікоў, якія павольна праязджалі міма публікі. Такім чынам, замест адной сцэнічнай пляцоўкі атрымалася пяць, і кожная — са сваімі дэкарацыямі. Пытанне іх хуткай змены адпала само сабой.
На гэтых эпізодах варта спыніцца асобна. Вайна была адна — паўсюль і для ўсіх. Але літаральна кожны куток Беларусі можа ганарыцца сваімі, унікальнымі, падзеямі і героямі. І ўжо гэтага дастаткова для таго, каб погляд на глабальныя падзеі быў адметны, а не “трафарэтны”.
— Мы ставілі перад сабой задачу асабліва акцэнтаваць увагу на тых гістарычных фактах, якія характарызуюць менавіта наш раён, — кажа Віктар Левановіч. — Па-першае, гэта падпольная група “Смугнар” (“Смерть угнетателям народов”), утвораная падлеткамі з Калінкавічаў без загаду, выключна па ўласнай ініцыятыве. А па-другое… Вы ведаеце, што вобраз “партызанскай мадонны” паходзіць менавіта з нашага краю? Так называлася фота жанчыны са стрэльбай і двума дзецьмі, якое потым абляцела, не раўнуючы, увесь свет. Знакаміты здымак пад час свята “матэрыялізаваўся” ў выглядзе свайго кшталту “жывой скульптуры”.
Танк вытворчасці ЖКГ
Зрэшты, ідэйны складнік — толькі адзін бок медаля ў гонар вызвалення роднага краю. Увасобіць добрыя памкненні ў канкрэтную дзею яшчэ больш складана, чым іх дэталізаваць.
Для іх матэрыялізацыі патрэбны касцюмы, рэквізіт, тэхніка… І, вядома, самае галоўнае — акцёры. Хай сабе і “другога плана” — ад іх умення “пераконваць” публіку залежыць многае. Як выкручвацца з такой сітуацыі раёну, дзе ўласнага прафесійнага тэатра (не кажучы ўжо пра кінастудыю) ніколі не было?
 /i/content/pi/cult/192/2127/Rekanstrukcyja3.jpg
Тут аддзелу культуры разлічваць выключна на свае сілы не выпадала. Няма ў яго на балансе пяці грузавікоў і яшчэ тузіна “рафікаў”! Таму словы Віктара Левановіча пра тое, што да свята спрычыніўся ўвесь край, — не перабольшванне.
— Мы распрацавалі сцэнарый, зрабілі эскізы і даручылі прадпрыемствам раёна ўвасобіць той ці іншы эпізод, — распавядае ён. — Самы складаны этап працы — мантаж усіх кампанентаў у адзіную дзею. Рэпеціраваць даводзілася штодня і падоўгу.
Танк, “пасаджаны” на звычайны “уазік”, быў зроблены камунальнікамі. Касцюмы шукалі праз знаёмых — не толькі ў сваім раёне, а яшчэ і ў суседніх. А эпізод “Партызанская мадонна” ўвасобілі работнікі мясакамбіната.
Як адзначыў начальнік аддзела культуры, у ахвотных паспрабаваць сябе ў ролі акцёра недахопу не было. Прычым прадстаўнікі зусім не творчых прафесій ставіліся да гэтай нязвыклай для сябе дзейнасці з вялікай адказнасцю.
На думку Вольгі Антоненка, самадзейныя артысты маюць тую важную якасць, якой не заўсёды хапае прафесіяналам, — шчырасць, уменне папраўдзе ўжывацца ў вобраз.
— Сёння я зноў падкрэсліла для сябе адну акалічнасць, — падзялілася яна сваімі ўражаннямі. — Калі ў пастаноўцы ўдзельнічае твой сусед або калега па працы, ты глядзіш на яго зусім іншымі вачыма, чым на прафесійнага тэатральнага акцёра. І гэты вобраз сапраўды пераконвае.
Лішне нават казаць, што арганізацыя маштабнай дзеі не запатрабавала вялікіх матэрыяльных выдаткаў: яе каштарыс будзе па кішэні бюджэту любога раёна.
Творчыя ўкладанні былі куды большыя. І, па вялікім рахунку, менавіта яны вызначаюць эфектыўнасць падобных значных імпрэз.

* * *
Па заканчэнні дзеі Віктар Левановіч выглядаў стомленым (сказвалася і доўгая праца, і заўсёднае “перадпрэм’ернае” хваляванне), але сапраўды задаволеным.
— Я ўважліва назіраў за рэакцыяй публікі і ў самыя драматычныя моманты нашай дзеі бачыў на вачах людзей слёзы, — адзначыў ён. — Значыць, нам удалося крануць сэрцы гледачоў, і працавалі мы недарэмна.
Падзякаваўшы ўпраўленню культуры за добрую арганізацыю свята, старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон, які быў сярод ганаровых гасцей, адзначыў, што аднаўленне гістарычных падзей спрыяе абуджэнню духоўнай еднасці паміж пакаленнямі дзядоў ды ўнукаў. І дух гэтай еднасці сапраўды адчуваўся ў той дзень на плошчы Калінкавічаў.
Ілля СВІРЫН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Калінкавічы — Мінск
Фота аўтара