Школа ў Чырвоных Казармах

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Арыгінальны праект распрацаваны калектывам Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея напярэдадні 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У адной з залаў філіяла ўстановы ў Чырвоных Казармах, якія месцяцца ў Бярозе, створана новая экспазіцыя, што ўзнаўляе адну са слаўных старонак гісторыі партызанскага руху рэгіёна — вучобу дзяцей у лясных партызанскіх школах.

 /i/content/pi/cult/192/2124/Shkola.jpg
Дырэктар музея Любоў Ківацкая адзначае, што, ратуючыся ад фашыстаў, у лясы сыходзілі цэлымі сем’ямі, і таму літаральна пры кожным партызанскім атрадзе існаваў свой сямейны лагер, дзе было багата дзяцей.
Аднойчы ў атрад імя Калініна брыгады імя Дзяржынскага, якім камандаваў Пётр Кавальскі, прыляцеў самалёт з Вялікай зямлі: у цюках, скінутых лётчыкамі, былі не толькі боепрыпасы і медыкаменты, але і кіпы газет, сярод якіх — “Піянерская праўда”. Чытаючы яе, Пётр Мамертавіч задумаўся: “Ці ўсё робяць дарослыя, каб не толькі захаваць жыцці дзяцей, але і выхаваць іх сапраўднымі людзьмі?” Паколькі ў сямейных лагерах знайшліся людзі, якія да вайны працавалі настаўнікамі, было вырашана адкрыць лясныя школы. Не хапала падручнікаў і сшыткаў, ручак і алоўкаў, таму дзеці пісалі на палях газет і ўпаковачнай паперы, адваротным баку нямецкіх лістовак, а то і палачкамі на бяросце або на пяску. За алфавіт былі літары, выразаныя з бярозавай кары, а шышкі і жалуды дапамагалі засвойваць арыфметыку.
У музеі зроблена спроба ўзнавіць працэс навучання, заняткі ў лясной партызанскай школе ў суровыя гады вайны, а самае галоўнае — даць магчымасць дзецям і падлеткам адчуць тую атмасферу. Была праведзена вялікая праца па выкарыстанні экспанатаў з фондаў, а таксама пошуку прадметаў ваеннага часу. Самае галоўнае, бадай, тое, што ўвасобіліся ідэі па арыгінальнай падачы матэрыялаў.
У супрацоўнікаў музея ўсё гэта, падаецца, удала атрымалася. Маскіровачная сетка, якой завешаны столь і сцены памяшкання, нагадвае партызанскую зямлянку. У цэнтры — сталы з дошак, дзе ляжаць лісты тоўстай паперы, шышкі і жалуды, на сцяне — партрэт Сталіна і школьная дошка, на якой — дата: “7 лістапада 1943 года”. На настаўніцкім стале ляжаць старыя падручнікі, стаяць лямпа і будзільнік, што выконвае ролю школьнага званка. Паабапал зямлянкі вывешаны плакаты перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а таксама выпускі “Баявога алоўка”. Тут ёсць месца і малюнкам палітрука першай роты 345-га партызанскага атрада, што дзейнічаў на Бярозаўшчыне, Сяргея Вольскага. Ён у перапынках паміж баямі паспяваў захаваць на паперы эпізоды партызанскага жыцця...
Цікава, што знаёмства з лясной школай праводзіцца не ў форме экскурсіі, а як музейна-педагагічны занятак. У дзяцей ёсць магчымасць пазаймацца тут на ўроках мовы, матэматыкі, гісторыі і малявання. А каб усё гэта было цікавым і запамінальным, супрацоўнікамі музея выкарыстана нямала арыгінальных прыёмаў. Скажам, на ўроку чытання хлопчыкі і дзяўчынкі агучваюць зводку, якую на іх вачах толькі што прыняла “радыстка”. Цікава праходзіць і ўрок мовы, дзе дзеці пішуць ліст салдату, які тады быў на фронце. На ўроку малявання дзеці фарбамі адлюстроўваюць свае ўяўленні пра вайну.
Урок гісторыі адметны асабліва: ён не абыходзіцца без расповеду пра піянераў-герояў, што нарадзіліся ў Бярозаўскім раёне: Сашу Васілеўскага, Сашу Здановіча і Сашу Тарасевіча. Першы хлопчык быў вучнем лясной школы, таму за адным са сталоў адноўлена яго месца — чарніліца і аркуш паперы з надпісам: “Я пайшоў на жалязяку”. Так называлі чыгунку, куды юны падрыўнік атрада імя Калініна хадзіў разам з дарослымі. Там ён і загінуў у верасні 1943 года пры выбуху эшалона. Хлопчык паўтарыў подзвіг Колі Гойшыка і пасмяротна быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені.
Саша Здановіч разам з бацькам, членам Бярозаўскага антыфашысцкага камітэта Лявонам Раманавічам сышоў у партызанскі атрад імя Варашылава. Пад час бою ён быў захоплены фашыстамі, але і пад катаваннямі нікога не выдаў. Саша Тарасевіч хаваў у сваёй хаце параненых байцоў Чырвонай арміі, і быў забіты фашысцкай куляй, калі нёс ваду хвораму салдату. Здарылася гэта 15 ліпеня 1944 года — усяго за дзень да вызвалення Бярозаўшчыны ад фашыстаў.
Асобная экспазіцыя прысвечана друкаваным выданням, што выходзілі на тэрыторыі раёна. Гэта Бярозаўская раённая газета “Полымя” (цяпер — “Маяк”), першы нумар якой быў надрукаваны ў партызанскай зямлянцы 23 студзеня 1944 года. Дзеці маюць магчымасць убачыць адзін з першых яе выпускаў — невялікую лістоўку.
Тут ёсць і нумар Брэсцкай абласной газеты “Заря” за 19 чэрвеня 1944 года, што таксама выдавалася ў зоне дыслакацыі партызан на тэрыторыі Бярозаўшчыны. У зямлянцы дзеці таксама могуць бачыць радыёпрыёмнік і стары патэфон, біклажку, каску, планшэт і іншыя экспанаты. У гільзах выстаўлены засушаныя зёлкі, якія выхаванцы лясных школ збіралі для партызанскага шпіталя.
Разалія КАРПЕШ
Бяроза
Фота Аляксандра МАЛАМЫ