Сімфаньета для маэстра

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Напрыканцы 2008 года прафесару Леаніду Іванову, кіраўніку і галоўнаму дырыжору аркестра народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі, было прысвоена ганаровае званне народнага артыста Беларусі. Ушаноўванне маэстра з гэтай нагоды адбылося ў Магілёўскім драмтэатры, і віноўнік урачыстасці ўвесь вечар не выпускаў з рук дырыжорскай палачкі: яго аркестр даў цудоўны канцэрт, пачаўшы яго творам Генадзя Ермачэнкава, у свой час напісаным спецыяльна для гэтага калектыву.

 /i/content/pi/cult/192/2123/Simfanjeta.jpg
Сцэна Магілёўскага драмтэатра для Л.Іванова шмат у чым знакавая. Упершыню ён выйшаў на яе яшчэ ў 1952 годзе — у складзе школьнага хору. У 1959-ым выконваў тут на баяне ў складзе аркестра Сімфаньету Мікалая Чуркіна. І тут жа ўпершыню выступіў як дырыжор. Сёння яго аркестр народных інструментаў, у складзе якога — больш за 50 студэнтаў педагагічнага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і выкладчыкаў музычных устаноў Магілёва, дае ў год каля 30 канцэртаў, выконвае 4 — 5 новых праграм.
Гэты унікальны калектыў арганічна спалучае традыцыі выканання на рускіх музычных інструментах з самабытным беларускім каларытам. З 1998 года ён з’яўляецца філарманічным. У рэпертуары калектыву — звыш 30 твораў інструментальнай класічнай музыкі і паўсотні твораў беларускіх кампазітараў, больш за сто рамансаў і песень. Калектыў выступаў з такімі вядомымі зоркамі сцэны, як народныя артысты СССР Барыс Штокалаў, Віргіліус Нарэйка, Юрый Багацікаў, народнымі артыстамі Расіі Сяргеем Захаравым, Людмілай Сенчынай, Уладзімірам Трошыным, дамрыстам Аляксандрам Цыганковым, сусветна знакамітым італьянцам Раберціна Ларэці... А наперадзе — усё новыя творчыя праекты!
Ларыса ЗІНЬКЕВІЧ
Фота Ірыны САВОСІНАЙ
Магілёў