Ці не страціў ён той Боскай прыгажосці гуку, той недасягальна дэталёвай тонкасці прачытання твораў пры агульнай драматургічнай цэласнасці, што адразу вылучалі яго сярод іншых? Ці не згубіў частку ўласнага “Я”? Усё ж амерыканская (і, шырэй, заходняя) манера ў нашым уяўленні зусім іншая — нязмушана побытавая ці, наадварот, разлічаная на большую відовішчнасць, забаўляльнасць (узгадаем хаця б тэндэнцыі інструментальнага тэатра, калі некаторыя музыканты дэманструюць на сцэне ледзь не акрабатыку).
Але ж Андрэй стаў граць яшчэ лепей, чым раней. Так мудра і проста, як мог бы дазволіць сабе толькі самы высокі майстар — кшталту Святаслава Рыхтэра. І менавіта па-беларуску — з той доляй разважлівасці, што дапамагае знайсці гармонію паміж еўрапейскай канструктыўнасцю і рускай нястрыманасцю шалёных пачуццяў. Гэта было абсалютна самадастатковае выкананне, якому не патрабуецца ні забаўляльны відэашэраг, ні ўступнае слова пра кампазітара і эпоху, ні нават навуковае паглыбленне ў таямніцы драматургічных “падсвядомасцей” твора.
“Чыстая” музыка, мастацтва дзеля мастацтва? Можна сказаць і так. Але лепей — музыка, ачышчаная ад неўласцівых гэтаму “мастацтву душы” прымесяў відовішчных, сюжэтных, калыханачна-фонавых.
Пачаў з І.Брамса — дзвюх першых балад і Трэцяй санаты. І гэта быў сапраўдны Брамс: без паказнога “брамцання”, накіраваны не на публіку, а ў бела-чорнае бяздонне раяльных клавішаў, з цёплым гукам, падобным на дотык да мяккай цацкі, якую хочацца не столькі разглядаць з усіх бакоў, колькі адразу прыціснуць да грудзей, каб тая засталася сам-насам з душой.
У другім аддзяленні, зрабіўшы адбор прэлюдый С.Рахманінава, А.Паначэўны быццам адкрыў для нас новага, амаль невядомага кампазітара — зноў-такі, без звыклых знешніх эфектаў, сусальнага ззяння, але са сваёй філасофіяй загадкавай рускай душы.
Дый С.Пракоф’еў у Сёмай санаце паўстаў перад намі не проста іранічна “сонечным” хлапчуком, якім яго часам “малююць” іншыя піяністы, а — кампазітарам-мысліцелем, чые думкі сягаюць у касмічныя далячыні. На “біс” узнікла “Лодка пасярод акіяна” М.Равэля, і мы ўбачылі кампазітара не столькі вытанчаным імпрэсіянісцкім жывапісцам, колькі майстрам інсталяцый — неабсяжных па каларыстыцы люстэркавых адбіткаў.
Такі літаральна бачны “выхад на авансцэну” менавіта кампазітараў, а не самога выканаўцы — бадай, галоўная загадка А.Паначэўнага, якому быццам удаецца надзець на сябе шапку-невідзімку. Бо ігру майстра хочацца не глядзець, а менавіта слухаць — нават з заплюшчанымі вачыма, як пры першым пацалунку.