Полымя ў кроплі вады

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Ансамбль салістаў Беларускай дзяржаўнай філармоніі пад кіраўніцтвам Ігара Іванова быў запрошаны на Фестываль мастацтваў у Дэлі, сталіцу Індыі, і зрабіў там сапраўдны фурор.

 /i/content/pi/cult/192/2121/Polymya.jpg
Тых, хто хаця б аднойчы чуў выступленне гэтага калектыву, такой навіной не здзівіць: выступалі яны і ў Заходняй Еўропе, і летась у Кітаі — на Міжнародным турыстычным форуме. Здзіўленне выклікае кожны выхад музыкантаў на сцэну, бо яны дэманструюць і заўзятую віртуознасць, і разнастайны рэпертуар, складзены з уласных пералажэнняў класікі, арыгінальных твораў беларускіх, расійскіх і ўкраінскіх кампазітараў, а таксама адметных фальклорных апрацовак.
— Як вы фарміравалі праграму гэтым разам? Мабыць, раіліся з арганізатарамі гастролей?
— Мы ехалі, — расказаў мастацкі кіраўнік ансамбля, балалаечнік Ігар ІВАНОЎ, — па запрашэнні Індыйскага савета па культурных сувязях — згодна з дамовай паміж нашай філармоніяй і Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь. Нам падказалі, што там любяць сваю музыку — і еўрапейскую. Амерыканскае ж мастацтва — тое ж амерыканскае кіно — не карыстаецца попытам. Мы пераканаліся ў гэтым самі: па радыё гучыць і еўрапейская класіка, але пераважае індыйская традыцыйная музыка, песні з індыйскіх фільмаў. Нам, вядома, хацелася паказаць штосьці сваё, нацыянальнае. Спыніліся на музыцы Яўгена Глебава і Генадзя Ермачэнкава. А яшчэ, як ні дзіўна, “на ўра” ішлі не толькі павольныя медытатыўныя кампазіцыі (нам здавалася, што менавіта такая музыка найхутчэй знойдзе шлях да сэрцаў індыйскай публікі), але і, у першую чаргу, вясёлыя ды віртуозныя.
— Мабыць, па кантрасце? Усё ж культура Індыі настолькі своеасаблівая, што знайсці кропкі сутыкнення з нашай, беларускай, ці, больш шырока, славянскай, пэўна, немагчыма.
— Мы таксама раней так думалі, — усміхнулася дамрыстка Алена ДЗІКАВІЦКАЯ-ІВАНОВА. — Але тамтэйшыя слухачы адчулі ў адной з нашых мініяцюр… індыйскія інтанацыі.
— Увогуле ж, — уключыўся ў размову басгітарыст Мікалай АБРАМОВІЧ, — нас яднае, у параўнанні з іншымі народамі, большая стрыманасць, філасофскае стаўленне да ўсяго, што адбываецца, адсутнасць варожасці, нецярплівасці. Але ўменню індусаў захоўваць душэўны спакой у самых пікавых сітуацыях нам яшчэ вучыца ды вучыцца.
— Некаторыя паралелі, — дадаў баяніст Андрэй СІВАКОЎ, — можна правесці паміж іх разьбой па камені і нашай — па дрэве. Гэтыя старадаўнія народныя рамёствы патрабуюць вялікай засяроджанасці, упартасці, настойлівасці. Уразіла тутэйшая мэбля — надзвычай вытанчаная, густоўная.
— Карацей, пераканаліся, што ў іх “мядзведзі па вуліцах не ходзяць”?
— Якраз ходзяць, — парыравала Алена, — толькі не мядзведзі: сланы, малпы, папугаі. Прычым у іх з людзьмі — поўная гармонія.
— Пэўна, такое яднанне з прыродай у чымсьці блізкае і нашаму пантэізму. А як вас прымалі — ці з “беларускай” гасціннасцю?
— Папросту шыкоўна! — зноў далучыўся Ігар. — Была добрая рэклама: вялізныя афішныя шчыты, расцяжкі з рэкламай нашага ансамбля, увага прэсы, мора кветак. Наша асаблівая ўдзячнасць Пасольству Беларусі ў Індыі — асабіста Паслу Алегу Лапцёнку і яго супрацоўнікам. А міністрам культуры Індыі нават выказвалася надзея на далейшы сумесны праект — нашых музыкантаў і індыйскіх: штосьці накшталт “джэм-сэйшна”.
— Дарэчы, у вас калісьці была спроба “джэм-сэйшна” з сімфанічным аркестрам.
— Надта гучна сказана: мы разам выконвалі адну п’есу. Але зараз марым пра цэлы сумесны канцэрт — разам з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам. Нават ужо некалькі аранжыровак гатовы. Але ж бліжэйшыя “далёкія планы” — правядзенне сольнага вечара Андрэя Сівакова, акурат перад 8 Сакавіка.
Развітваючыся, разглядаю атрыманыя музыкантамі прызы Дэлійскага фестывалю — прыгожыя празрыстыя статуэткі, па сваіх абрысах падобныя адначасова на полымя свечкі і кроплю вады. І раптам разумею, што творчасць — бы полымя ў кроплі вады: парывы натхнення спалучаюцца ў ёй з упартасцю кропель, здольных “перамагчы” камень. Углядаюся ў змешчаныя побач з назвай фестывалю алегарычныя выявы індыйскага бога Шывы, кожная са шматлікіх рук якога сімвалізуе адзін з відаў мастацтва. І разумею, што такая мастацкая “шматстаночнасць” уласцівая самім удзельнікам ансамбля. Ігар робіць выдатныя аранжыроўкі, займаецца вырабам і рамонтам балалаек. Андрэй, акрамя інструментальных транскрыпцый, “вяртае жыццё” старадаўнім піяніна, займаецца рэканструкцыяй і аднаўленнем іншых музычных інструментаў. Колішні дуэт гэтых музыкантаў, што склаўся яшчэ ў гады вучобы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, і стаў пазней асновай ансамбля, усе ўдзельнікі якога — творча апантаныя людзі.

Надзея Бунцэвіч
Фота Юрыя ІВАНОВА