МІЛЬЯРДЫ, АД ЯКІХ ВЫРАСТАЮЦЬ КРЫЛЫ

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Артыкул гэты — невыпадковы. Ён з’яўляецца лагічным працягам чэрвеньскай публікацыі нашай газеты (“К” № 24, 2008 г.) “Навука асвойваць грошы”, дзе акцэнт рабіўся на аналіз сістэмнага падыходу да ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ў культурнай прасторы Івацэвіцкага раёна Брэстчыны. Прайшоў час, і натуральным падалося жаданне пацікавіцца, з якімі вынікамі за 2008-ы спрацаваў у гэтым кірунку мясцовы аддзел культуры. Здабыткі, як і чакалася, аказаліся больш чым важкія. На рамонт і ўзвядзенне ўстаноў культуры ў рэгіёне асвоена летась амаль паўтара мільярда рублёў. Да сямі наяўных аграгарадкоў цягам мінулага года дадалося яшчэ тры: “Целяханы”, “Гошчава”, “Даманава”. Паказальнымі падаюцца і першыя тыдні бягучага года: 23 студзеня ў аграгарадку “Хадакі” з удзелам прадстаўнікоў абласных улад быў урачыста адкрыты сельскі Дом культуры, на ўзвядзенне якога выкарыстана больш за мільярд рублёў (600 мільёнаў — з абласнога бюджэту, ільвіная доля — з раённага)... Не, нездарма начальнік аддзела культуры Івацэвіцкага райвыканкама Любоў Фосцікава ўзнагароджана Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Вопыт прафесіянала, які ўпэўнены, што без капіталаўкладанняў культура на сённяшнім этапе не будзе даваць аддачу, які ведае, куды, на што і як трэба выкарыстоўваць грошы, варты павагі ды пераймання.

Не адстаць ад “Хадакоў”
Гадоў 15 таму мясцовы калгас вырашыў узводзіць гаспадарчым спосабам клуб. Час пасля распаду Савецкага Саюза быў супярэчлівы і не надта просты ў эканамічным плане — аб’ект пакрысе займеў вызначэнне “даўгабуд”. Толькі сцены і паспелі ўзвесці. Гаравалі не вельмі, бо праз дарогу месцілася будыніна паўвекавога “ўзросту”, якую і выкарыстоўвалі пад сельскі клуб. Хоць і старэнькі дамок, але высілкамі аддзела культуры і стараннямі загадчыка ўстановы Людмілы Краўчэні выглядаў і дзейнічаў як мае быць.
Вясковая дзятва і моладзь вакол Людмілы Іванаўны так і раілася. Хоць і маленькая глядзельная зала (яна ж — танцавальная), хоць і не ставала месца для работы гурткоў і краязнаўчага аб’яднання (вынік дзейнасці — клубны пакой-музейчык сялянскага побыту), але СК план па аказанні платных паслуг заўжды выконваў, — летась, да прыкладу, зарабіў мільён рублёў...
 /i/content/pi/cult/192/2119/RZ1.jpg
 На вуліцы Садовай аграгарадка “Хадакі”.
Цягам мінулага года даўгабуд ператварыўся ў шыкоўны СДК, якому, падаецца, няма аналагаў на Брэстчыне. Але спачатку патлумачу адзін нюанс: чаму летась Івацэвіцкаму аддзелу культуры на рамонт і будаўніцтва матэрыяльнай базы было выдаткавана 408 мільёнаў рублёў, а фактычна асвоены на гэтыя мэты 1 мільярд 480 мільёнаў.
Справа вось у чым: паколькі грошы на Івацэвіччыне выкарыстоўваюцца без прамаруджванняў, улады раёна нязменна выдаюць Фосцікавай карт-бланш, а пад выплату на рамонт і ўзвядзенне бяруць крэдыты. І яшчэ: неасвоеныя па рэспубліцы грошы напрыканцы кожнага года размяркоўваюцца па больш разваротлівых ды кемлівых аддзелах культуры раёнаў. У ліку іх, безумоўна, і Івацэвіцкі, бо няма большай крыўды для начальніка мясцовага аддзела культуры, чым пачуць, што нейкая арганізацыя не ўпраўляецца, мякка кажучы, з асваеннем грошай. Маўляў, гэтыя сродкі — ды на культуру б раёна... Вельмі падрабязна пісаў пра азначаную фінансавую стратэгію ў артыкуле “Навука асвойваць грошы”. (Каго з начальнікаў аддзелаў культуры за жывое зачапіла — перачытайце для агульнадзяржаўнай карысці!)
Дык вось, загадчыца Хадакоўскага СК Людміла Краўчэня рыхтуецца стаць дырэктарам Хадакоўскага СДК.
І года не мінула, як недабудаваныя сцены ператварыліся ў сапраўдны палац. Ведаючы аўтарытэт клубніцы, рабочыя “Івацэвічыкапбуда” нават колер пакояў у новым будынку штодня ўзгаднялі менавіта з ёю...
Работа выканана вялізная. Праведзена сур’ёзная карэкціроўка маральна састарэлага праекта, у выніку рэалізацыі якога з’явіліся ў сельскім Доме культуры зала на 250 месцаў, фае з функцыяй дыскатэчнай залы (ва ўпраўленні капітальнага будаўніцтва Краўчэня літаральна з усімі пазнаёмілася, каб дапамаглі прыдумаць арнамент каванага аздаблення дзі-джэйскага “закутка”, дзе стацыянарна будзе захоўвацца ўся музычная апаратура), а таксама пяць пакояў для гуртковай работы, у тым ліку і памяшканне артыстычнай для будучых гастралёраў — калектываў і салістаў. І бібліятэка магчымасці пашырыла: займела чытальную залу, кнігасховішча... Ёсць у СДК выгоды для інвалідаў-калясачнікаў. Словам, СК — у мінулым, будучыня — за СДК. Статус памяняла не толькі вёска, але і клуб...
А старэнькі будынак СК, які сумна пазірае маленькімі аканіцамі на шыкоўныя
 /i/content/pi/cult/192/2119/RZ6.jpg
 Праз навюткі шклопакет Хадакоўскага СДК
бачны Хадакоўскі СК.
шклопакеты суседа-прыгажуна, без справы не застанецца. Натуральна, утрымліваць яго далей на аддзелаўскім балансе немэтазгодна, таму стане колішні СК уласнасцю мясцовай сельскай гаспадаркі. Па меркаванні яе кіраўніцтва, лепшага памяшкання для спартыўна-трэнажорных заняткаў вясковай моладзі і не прыдумаць. Вось такая сялянская кемлівасць, а на сённяшнім лексіконе разумнага гаспадарання — аптымізацыя сеткі сацкультбыту...
Карацей, “Хадакі” хады прыбавілі. І статус памянялі, і маштабы адказнасці перад народам. Аддача цяпер ад мясцовых культасветнікаў чакаецца двайная-трайная. І не толькі ў фінансавым плане. Людміла Краўчэня цяпер, пакрысе забываючыся на клопат галоўнага хадакоўскага будаўніка, думае над пашырэннем уласных творчых магчымасцей. Адна з ідэй — наладзіць на базе музейчыка і гуртка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва выраб адмысловых і дэфіцытных на сёння кошыкаў. Дай Бог, каб ідэі гэтыя доўжыліся бясконца і рэалізоўваліся з карысцю для ўсіх.
Ці бывае шмат грошай?
Гаворка сённяшняя не столькі пра “Хадакі” і крэатыўнасць тамтэйшых клубнікаў, колькі — пра гнуткасць стратэгіі развіцця нашай культуры. І грунтоўнасць будаўніцтва тут з эканамічнай мэтазгоднасцю — дзве родныя сястры, якія жыць адна без адной не могуць.
Да прыкладу, хтосьці можа запытацца: ці не маглі б патрываць “Хадакі” (пры наяўнасці хоць і старога, але досыць дыхтоўнага СК), бо асваенне мільярда не пашкодзіла б пасёлку Косава?! Ён хоць і не аграгарадок, але, маючы такія знакавыя аб’екты, як палац Пуслоўскіх ды дамок Касцюшкі, заўжды прыцягвае да сябе безліч гасцей, турыстаў, аматараў даўніны з усёй Беларусі і замежжа. А развіццё адпаведнай інфраструктуры тут робіць ужо першыя, хоць і ўпэўненыя, крокі...
Пытанне слушнае, але на першы, мабыць, не надта дасведчаны, погляд. Справа ў тым, што наяўнасць любога даўгабуда, у тым ліку і колішняга хадакоўскага, абкладаецца немалымі штрафнымі санкцыямі, і ліквідацыя гэткай “чорнай фінансавай дзіркі” з’яўлялася для раёна задачай першачарговай. І на сёння гэтае пытанне паспяхова знята з парадку дня.
Перад тым, як павесці больш падрабязную гаворку пра Косава, хачу падкрэсліць вось яшчэ што.
 /i/content/pi/cult/192/2119/RZ2.jpg
 Па-мастацку аформлены “закуток” дзі-джэя і месца захоўвання музычнай апаpатуры.
Мясцовыя культасветнікі ніякім чынам не падаюцца гэткімі нахлебнікамі, што мрояць пра мільярды падаткаплацельшчыкаў на карысць вузкіх раённых інтарэсаў. Яны і самі зарабляюць. Летась, да прыкладу, за кошт аказання платных паслуг жыхарам Івацэвіччыны, унеслі на дзяржаўны рахунак амаль 300 мільёнаў рублёў. Пэўную частку, натуральна, выкарысталі на карысць уласных устаноў культуры: набылі найсучаснейшую апаратуру ў Амяльнянскім СДК, Косаўскім ГДК, у вядомым ужо Хадакоўскім сельскім доме культуры. Крэслы, мэбля, шклопакеты, “адзенне” сцэны (усяго — амаль на 132 мільёны рублёў) у пэўнай ступені набыты тут за ўласны, раённы, кошт.
А наконт таго, мрояць тут ці не пра мільярды на пашырэнне маттэхбазы, шчыра зазначу: мрояць. І правільна робяць. Зусім не банальная на сёння выснова, што сквапны плаціць нават не двойчы, а тройчы, становіцца ў сферы нацыянальнай культуры ці не зыходным прынцыпам — і ў эканамічным, і ў духоўным значэннях. І ад паўсюдных, але кропкавых і капеечных уліванняў сэнсу, шчыра скажам, аніякага. Хто яшчэ сумняваецца — узгадайце Мір і Нясвіж, іншыя аб’екты культуры, якія даводзіліся да ладу сістэмна.
Таму і палітыка ў начальніка аддзела культуры Івацэвіцкага райвыканкама Любові Фосцікавай ніяк не звязана з фінансавымі аб’ёмамі “чайнай лыжкі”. І толькі ёй адной, напэўна, вядома, якіх высілкаў, і маральных і фізічных, вымагае рэалізацыя штодзённых фінансава-будаўнічых планаў. Адзін з галоўных — далейшая рэканструкцыя Косаўскага ГДК.
Косава, Мілейкі: патрэбна дапамога вобласці
Клуб у гарадскім пасёлку Косава месціўся да пэўнага часу ў будынку, узведзеным яшчэ ў 1920-я — 30-я.
Быў прыняты аптымальны варыянт пераезду ўстановы культуры ў будынак былога мэблевага вытворчага аб’яднання. Слова не разышлося са справай, і ўжо на карэнную рэканструкцыю гарадскога Дома культуры было асвоена 180 мільёнаў рублёў. Але грошай хранічна не стае. Як вы думаеце, колькі сродкаў, па падліках Любові Фосцікавай, спатрэбіцца, каб не сорамна было глядзець у вочы айчынных і замежных турыстаў, што нязменна цікавяцца косаўскай даўніной? Больш за мільярд рублёў. Але і аргумент у галоўнага “культурніка-будаўніка” раёна самы што ні ёсць жалезны: “Займаемся не толькі аграгарадкамі, але і вёскамі, пасёлкамі!” І гістарычнае Косава тут — ледзь не на першым месцы, бо ягонае аблічча і сацыякультурная структура — прэстыж не толькі раёна і вобласці. І калі б не фінансавыя праблемы са штрафнымі санкцыямі па даўгабудзе ў вёсцы Хадакі, мільярд з гакам быў бы выкарыстаны, безумоўна, у гарпасёлку Косава. Але мільярды — не грыбы, самі па сабе не з’яўляюцца. Аднак у Івацэвічах спадзяванняў не губляюць: маўляў, губернатар Брэстчыны Канстанцін Сумар у Косаўскім палацы бывае, мясцовыя праблемы да драбніц ведае не з чужых слоў...

 /i/content/pi/cult/192/2119/RZ3.jpg
 Косаўскі палац.
І яшчэ адно пытанне, якое не дае спакою Івацэвіцкаму аддзелу культуры. У вёсцы Мілейкі, якая ў перспектыве стане аграгарадком, зачакаліся ўжо, калі будынак колішняга дзіцячага садка будзе перапрафіляваны ў сельскі Дом культуры. Пытанне калі не сённяшняга дня, дык заўтрашняга — дакладна. А ў тым, што дзяржаўныя грошы будуць выкарыстаны з розумам і з гарантыяй планавых перспектыўных дывідэндаў, красамоўна пераконваюць не толькі “Хадакі”, але і аграгарадкі “Целяханы”, “Гошчава” і “Даманава”, здадзеныя ў 2008 годзе...
Падкрэслю яшчэ раз: “Культура” не вышуквае недахопы, а імкнецца да далейшага ўзаемакарыснага, канструктыўнага дыялога з раёнамі і абласцямі, хоча дапамагчы не толькі прачулым журналісцкім словам, але і канкрэтнай справай. У гэтым, дарэчы, — адзін з найпершых прафесійных абавязкаў СМІ...
А наконт магчымых пярэчанняў на месцах — “Вось гэтак, з грашыма, і мы б маглі працаваць!” — зазначыць магу хіба што адзінае: “Вось гэтак, спадарове, і працуйце, як у Івацэвіцкім раёне!”
Ад дыхтоўнага клуба і аддача — не капеечная
У “Гошчаве” будынак СДК не пазнаць: калгаснае памяшканне 1960-х гадоў ператварылася ў сучасную культурную ўстанову з прыбудовай. Тэрыторыя — добраўпарадкаваная. Вакол — ажурны каваны плот (характэрная адмысловасць ледзь не ўсіх клубаў Івацэвіччыны). Натуральна, і фінансавая аддача ад рэалізацыі планаў па аказанні платных паслуг значна павялічылася. А ці можа быць інакш?! Не кажу ўжо аб фактары чалавечага даверу, які нашых культработнікаў літаральна акрыляе і натхняе на новыя творчыя пошукі.
Пра “Даманава” пісаў у чэрвеньскім артыкуле. І там на сёння СДК нагадвае гарадскі Палац культуры. І дзяўчаты — баявыя і нястомныя...
А вось на аграгарадку “Целяханы” хацелася б спыніцца больш падрабязней. Надта ўжо тут нестандартныя падыходы да выкарыстання матэрыяльнай базы прасочваюцца. І справа зусім не ў люстраной столі дыскатэчнай залы — хоць гэта і досыць арыгінальная з’ява. ДК пасля рамонту пераўтварыўся тут у Цэнтр культуры і адпачынку. Але гаворка пра бібліятэкі — дарослую і дзіцячую. Месціліся яны ў прыстасаваных хатках і штодня чакалі аграгарадоцкіх пераўтварэнняў. Сістэмны падыход будаўнічага перапрафілявання і эканамічнай мэтазгоднасці і на гэты раз спрацаваў вельмі вынікова...
 /i/content/pi/cult/192/2119/RZ5.jpg
 Хадакоўскі сельскі дом культуры.
Адну з бібліятэк “прыняў да сябе” мясцовы вузел сувязі, суседам другой па будынку стаў камбінат бытавога абслугоўвання. Эканамічная выгода — відавочная: за арэнду памяшканняў бібліятэчныя ўстановы, як бюджэтныя арганізацыі, не плацяць, а толькі з дапамогай уласных лічыльнікаў кампенсуюць фінансавыя выдаткі на карыстанне вадой і цяплом.
Словам, нездарма начальнік аддзела культуры Любоў Фосцікава вольна аперыруе такімі будаўнічымі тэрмінамі, як “бетонная сцяжка”, “калор”, “працэнтоўка” і г. д., а эканаміста аддзела лічыць сваёй правай рукой...
Замест заключэння
Перадкамандзіровачная згадка. На мінскім прывакзальным пляцы нейкі дзядзька з няўздымнымі валізкамі запытаўся па-руску: “А гэта вашы тралейбусы, беларускія?” — “Нашы”, — адказаў я. “А аўтобусы таксама вы самі робіце?” — “Мы...” Той нават валізкі на лаўку апусціў...
Зараз пішу гэтыя радкі і думаю: вось гэтага госця з Расіі — ды на экскурсію б у Хадакі. Здзіўленню не было б межаў! Новыя аўтобусы ў гарадах і СДК у вёсках — рэчы, здавалася б, розныя, але сведчаць пра адно: у выніку сістэмнага падыходу кроўны рубель напоўніцу працуе на беларускі дабрабыт і нашу прэстыжнасць у свеце.

Яўген РАГІН,
наш спецыяльны карэспандэнт
Мінск — Івацэвіцкі раён — Мінск
Фота аўтара