Якімі быць “Народам Беларусі”?

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Вынікам работы дзяржаўных органаў у сферы этнарэлігійнай дзейнасці ў 2008 годзе было прысвечана пасяджэнне калегіі апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

На пасяджэнні асобна падкрэслівалася, што кіраўніцтва рэспублікі дэманструе адкрытасць у дыялогу з усімі канфесіямі. Калі ж звяртацца да канкрэтных лічбаў, то летась апаратам Упаўнаважанага было разгледжана 78 зваротаў па дазволе на будаўніцтва рэлігійных аб’ектаў. 53 звароты былі задаволены, і, адпаведна, плануецца ўзвядзенне 44 праваслаўных, 5 рымска-каталіцкіх і 4 пратэстанцкіх храмаў.
У 2008 годзе адбыўся шэраг мерапрыемстваў па святкаванні 1020-годдзя Хрышчэння Русі, а таксама па ўшанаванні князя Канстанціна Астрожскага.
Як адзначыў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей Леанід Гуляка, пазітыўна развіваліся стасункі з прадстаўнікамі іудзейскай і мусульманскай канфесій. Напрыклад, у Мінску ўзведзена сінагога, адноўлены работы па будаўніцтве мячэці.
Вялікае значэнне летась надавалася правядзенню экспертызы рэлігійнай літаратуры, аўдыё- і відэаматэрыялаў, прывезеных з-за мяжы, на прадмет адпаведнасці айчыннаму заканадаўству. Колькасць такой прадукцыі вымяралася сотнямі адзінак.
Летась былі прыняты канкрэтныя меры і па развіцці ўзаемавыгадных сувязей з суайчыннікамі за мяжой. Апарат Упаўнаважанага ўдзельнічаў у падрыхтоўцы Закону аб падтрымцы беларускай дыяспары. Нашым суайчыннікам за мяжой былі накіравана літаратура, нацыянальныя касцюмы для творчых калектываў.
У 2008 годзе пры Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей створаны Кансультатыўны міжканфесійны савет.
Прадоўжана таксама практыка зацвярджэння спецыяльных прызоў за ўклад ва ўмацаванне нацыянальнай згоды, папулярызацыі культур розных народаў у рэспубліцы. Адбываецца садзейнічанне, у тым ліку і фінансавае, Інстытуту мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы НАН Беларусі для падрыхтоўкі матэрыялаў выдання “Народы Беларусі”.
Па меркаванні Леаніда Гулякі, можна лічыць удалым правядзенне VII Фестывалю нацыянальных культур у Гродне, у якім прынялі ўдзел больш за 700 прадстаўнікоў 25 нацыянальнасцей.
Сёлета, у Год роднай зямлі, як адзначыў Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, плануецца вырашыць пытанні, звязаныя з даўгабудам культавых будынкаў, аховай помнікаў гісторыі і культуры, добраўпарадкаваннем тэрыторый каля храмаў і на могілках, а таксама ўсталяваннем памятных знакаў.
К.А.