Дэкаратыўная гучнасць

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Галерэя Тызенгауза заўсёды старалася пазнаёміць сваіх наведвальнікаў з творчасцю гродзенскіх мастакоў. Адной з самых яркіх і самабытных экспазіцый за апошні час стала выстаўка Дзмітрыя Кузняцова.

 /i/content/pi/cult/192/2116/Dekaratyu.jpg
 Д.Кузняцоў. ”Балет”.
Экспазіцыя адлюстравала шлях пошукаў і адкрыццяў аўтара, які натхняецца перш за ўсё прыродай, праламляючы яе праз прызму мастацкага пераасэнсавання. Выстаўка сумясціла язычніцкія фантазіі, жывапісную абстракцыю, дэкаратыўную прадметнасць і яркую пластыку, увасобленыя ў разнастайных кампазіцыях станковага жывапісу і керамікі.
Пейзажы, нацюрморты, жанравыя карціны, напісаны, так бы мовіць, на поўную моц, яскрава, гучна, у характэрнай для мастака манеры, па ягоным уласным вызначэнні, “дэкаратыўнага рэалізму”.
Натура не разглядаецца Кузняцовым як застылая, нязменная форма — гэта, хутчэй, мітуслівая, поўная шалёнага рытму, стрыманая толькі знешнімі контурамі пластычная маса, якая ўвасабляе жыццёвую энергію. І толькі мастак, як медыум, можа выявіць у сваім творы гэтую сутнасць, адказаць на пытанне, што ж такое жыццё.
Настойлівыя пошукі найбольш дакладных форм увасаблення і раскрыцця вобразаў фізічнага і метафізічнага светаў прывялі да свядомага выбару найбольш актыўных сродкаў жывапісу — колеру і рытму. Свае пачуцці аўтар імкнецца данесці да гледача з дакладнай выразнасцю, вастрынёй, настойлівасцю, нават пэўнай навязлівасцю, з гранічнай экспрэсіяй.
Карціны Кузняцова заўсёды ўражваюць рэзкасцю і смеласцю спалучэнняў колераў, часцяком — на практычна дысануючых, кантрастных тонах. Але не столькі інтэнсіўнасць колераў, колькі іх пастаяннае проціпастаўленне, а таксама падпарадкаванне лінейнаму рытму, які пераходзіць часам у заблытаны арнамент, што нагадвае язычніцкія, першабытныя знакі-сімвалы, нараджаюць вобразы.
Мэтай мастака з’яўляецца не сляпое адлюстраванне рэчаіснасці — прырода служыць толькі штуршком для выяўлення сродкамі свету і колеру эмоцый, інтуітыўных пачуццяў, абуджэння нейкіх архаічных ведаў. Але пры гэтым форма не заглушае змест карціны. Адмаўляючыся ад рэалістычнага адлюстравання рэчаіснасці на карысць дэкаратыўнага жывапісу, мастак толькі ўзмацняе магічнае ўздзеянне формы і колеру. Больш за тое — менавіта адкрытыя дысанансныя колеры і энергетычная напоўненасць жывапісу надаюць вобразам тую адметнасць, што дазваляе вывесці іх на ўзровень своеасаблівага эпасу, разумення сапраўднай сутнасці прыроды.
Наталля ПАЎЛЕНКА,
мастацтвазнаўца Гродна