Неамагнетызм дзядоўніка

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

У Маладзечанскім музычным вучылішчы імя М.К. Агінскага праходзіць выстаўка памяці мастака Юрыя Герасіменкі-Жызнеўскага.

 /i/content/pi/cult/192/2115/Neamagnetyzm1.jpg
 Р.Мяжуеў. ”Касцёл у Даўгінаве”.
Пасля заканчэння аддзялення графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) мастак доўгі час быў кіраўніком народнай студыі пры Доме культуры г. Маладзечна. У апошнія гады жыцця выкладаў на аддзяленні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Маладзечанскім музычным вучылішчы.
Паралельна з выкладчыцкай дзейнасцю Юрый Герасіменка-Жызнеўскі актыўна працаваў у галіне кніжнай і станковай графікі, удзельнічаў у шматлікіх выстаўках. У мастацтве Юрый Герасіменка-Жызнеўскі праявіў сябе як сапраўдны філосаф, творчасць якога непарыўна звязана з Зямлёй і Космасам.
Шмат яго былых вучняў сёння — прафесійныя мастакі. І ў дзень памяці свайго настаўніка з вялікай любоўю і павагай успаміналі Юрыя Паўлавіча як цудоўнага выкладчыка, мастака і чалавека.
У мемарыяльнай выстаўцы таксама прынялі ўдзел сябры аб’яднання прафесійных мастакоў “Маладзечна”.
Экспазіцыя атрымалася разнапланавая: ад выяў родных мясцін Герасіменкі-Жызнеўскага — “Даўгінава. Хата мастака” Міколы Аўчыннікава, “Касцёл у Даўгінаве” Рыгора Мяжуева — да фармальна-пластычных жывапісных работ Уладзіміра Тамашэвіча і Васіля Лазоўскага. Адной з лепшых работ у экспазіцыі з’яўляецца партрэт Юрыя, які напісаў Кастусь Харашэвіч. У выстаўцы прынялі ўдзел таксама Генадзь Селядзец, Іван Смалякоў, Віктар Чапскі.
Напрыканцы студзеня 2009 года выстаўка будзе дэманстравацца ў Вілейскім музеі. А мастакі-маладзечанцы чакаюць вясну, каб наладзіць пленэр, прысвечаны памяці Юрыя Паўлавіча, наведаць Вілейскі край, вёску Даўгінава, дзе нарадзіўся і пахаваны Юрый Герасіменка-Жызнеўскі.
Мікола АЎЧЫННІКАЎ
Маладзечна


 /i/content/pi/cult/192/2115/Neamagnetyzm2.jpg
 Ю.Герасіменка. Ілюстрацыя да "Беларускага календара”.
***
Ён пражыў усяго 48 гадоў. Выхаванец БДТМІ, вучань Васіля Шаранговіча і Паўла Любамудрава, Юрый Герасіменка-Жызнеўскі, мaладзечанскі мастак, увайшоў у беларускую графіку як выдатны ілюстратар, віртуоз “вялікіх графічных форм” і акварэліст. Яго афармленне кніг “Выбраныя творы” Якуба Коласа, “Бандароўна” Янкі Купалы, “Казкі і раскі”Васіля Віткі, “Знак бяды” Васіля Быкава, “Маўчанне травы” Васіля Зуёнка, манументальна-экспрэсіўныя лісты “Неамагнетызм”, “Дзядоўнік”, “Сябры”, серыі аўталітаграфій і малюнкаў “Здані”, “Вёскі катастроф”, “Негатыў”, “Акт”, цыкл партрэтаў сучаснікаў і блізкіх людзей — увайшлі ў беларускую графічную класіку 80-х гадоў як творы, зробленыя не толькі на высокім прафесійным узроўні, але, мабыць, галоўнае, з вострым, па-сапраўднаму філасофскім поглядам на свет, які нас акружае: з яго дабрынёй і трагізмам, складанымі супярэчнасцямі і любоўю.
Я ведаў Юрыя шмат гадоў, і памятаю, які ён быў таленавіты мастак-наватар і цёплы, вельмі сардэчны чалавек, для якога творчасць была ўсім. Без творчасці ён не ўяўляў сваё жыццё. І тое, што паспеў зрабіць на сваім нядоўгім шляху, — дарагога каштуе.

Б.К.