Пра каханне з любоўю

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Пра каханне спяваюць многія. А ці магчыма праспяваць... само каханне? Менавіта гэта паспрабуе здзейсніць салістка Беларускай оперы, лаўрэат і дыпламант міжнародных конкурсаў Настасся МАСКВІНА, якая нядаўна была ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны. З сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам маладых дырыжораў Алега Лесуна і Андрэя Іванова яна правядзе ў Канцэртнай зале “Мінск” сольны вечар “Спяваю каханне…”

 /i/content/pi/cult/192/2113/Maskvina.jpg
— Гэтая тэма, — гаворыць Настасся, — выяўляе саму сутнасць оперы як мастацтва. Усе оперныя гераіні, незалежна ад таго, як складаецца іх лёс, спяваюць пра каханне. І не проста спяваюць — жывуць каханнем. Тэатр быццам выносіць на паверхню ўсё тое добрае і светлае, што ёсць у чалавечай душы, робіць яго чутным і бачным, нават больш велічным. У побытавай мітусні, сярод жыццёвай завірухі мы інтуітыўна імкнёмся захаваць штосьці патаемнае — і часам “хаваем” так, што потым забываемся, дзе ж яго адшукаць. У тэатры! У музыцы! Оперу, здараецца, абвінавачваюць за тэатральную ўмоўнасць, але… Ці ж не ў гэтым яе перавага? Я вельмі ўдзячна кіраўніцтву тэатра, што тут паверылі ў моладзь. Што тая ж Аксана Волкава змагла выйсці на вялікую філарманічную сцэну са сваім праектам “Опера-мадэрн”, — яна, можна сказаць, і мяне натхніла на штосьці падобнае.
— Вы ўсё пра оперу ды пра оперу. А што на сэрцы?
— Яно пакуль вольнае — дакладней, аддадзена оперы і сыну Івану. Мабыць, у жыцці ўсё ўзаемазвязана, таму і шукаю ўсё яшчэ сваю палавінку. Бо я і да оперы не адразу шлях знайшла. У музычнай школе навучалася на скрыпцы (цікава, што разам са мной там вучыўся яшчэ адзін артыст нашага тэатра — Уладзімір Громаў). У школьным хоры саліравала не я, а мая сяброўка Людміла Лазарчык — зараз салістка Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра імя І.Жыновіча. Потым я асвоіла гітару, “мурлыкала” сабе старадаўнія рамансы, цікавілася джазам. Ездзіла ў Маскву, ва ўсе тэатральныя навучальныя ўстановы, — не паступіла. Нарэшце, скончыла Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў як рэжысёр тэатра. Але паралельна пачала браць прыватныя ўрокі па спевах, прычым адразу сказала выкладчыку: маўляў, оперу я не люблю, паступаць у кансерваторыю не буду — гэта так, для сябе. А аднойчы зайшла ў Акадэмію музыкі — і, як кажуць, “адчула розніцу”: вырашыла атрымаць другую вышэйшую адукацыю.
На адным з першых заняткаў у Людмілы Колас мой голас раптам зазвінеў так, што ў мяне закружылася галава. І ўсё — я “захварэла” на оперу. Потым была і аспірантура ва Універсітэце культуры, і магістратура ў Акадэміі музыкі, і ажно чатыры дарэмныя праслухоўванні ў оперны тэатр… І раптам мяне запрасілі адначасова і ў Беларускі дзяржаўны музычны тэатр (я спявала Разалінду ў “Лятучай мышы” Штрауса), і ў оперу. Некаторы час “разрывалася” паміж імі, але опера перамагла…
Тым не менш, усё другое аддзяленне канцэрта будзе аддадзена мюзіклу і джазу. Падрыхтаваны і сюрпрыз: акрамя іншых оперных салістаў, выступіць запрошаны наш сусветна знакаміты цымбаліст Міхаіл Лявончык — ды не сола, а ў дуэце з Н.Масквіной. Што ні кажыце, такога яшчэ ніхто ў свеце не чуў!
Надзея БУНЦЭВІЧ