Меркуцыо не змеркне

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Новы год — новыя ўводы. Мабыць, менавіта гэтыя словы сталі лозунгам для Беларускага балета. Хаця там і раней салісты ўвесь час працавалі над усё новымі партыямі, мінулы тыдзень аказаўся асабліва “ўраджайным”.

 /i/content/pi/cult/192/2112/Merkuccio.jpg
17-га студзеня ў партыі Юнака ў “Балеро” гледачы ўпершыню ўбачылі аднаго са сваіх улюбёнцаў — Дзяніса Клімука. 18-га знакамітая Людміла Кудраўцава “прымерыла” на сябе каларытную ролю Мерсэдэс у “Дон Кіхоце”. А лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксандр Бутрымовіч, які толькі летась уліўся ў трупу, правёў адразу дзве прэм’еры: 15-га ён паўстаў як Меркуцыо ў “Рамэа і Джульеце”, а 21-га — як Зігфрыд, закаханы ў зачараваную дзяўчыну-лябёдку (“Лебядзінае возера”). “Белай” Адэтай і “чорнай” Адыліяй была яшчэ адна маладая танцоўшчыца — лаўрэат міжнародных конкурсаў Кацярына Алейнік.
Звярніце ўвагу: ніводны з уводаў не “тыражуе” аднойчы знойдзенае тым ці іншым артыстам (хаця ў балеце звычайна не карыстаюцца паняццем “амплуа”, усё ж падзяленне на лірычных і характарных герояў існуе), а раскрывае нейкія новыя псіхалагічныя і, тым больш, пластычныя рысы салістаў. А да таго ж, салісты ўзгадоўваюцца ў самой трупе! Бо тэатр — гэта, найперш, творчыя асобы. І кожны новы крок трупы робіцца менавіта ў гэтым напрамку: шліфуючы тэхніку, не забыцца на тонкую, не ўсім нават бачную ауру творчай адухоўленасці. Таму і пачаў той жа А.Бутрымовіч, акрамя класікі ХІХ ст. (Зігфрыд), актыўна засвойваць тую “новую класіку” ХХ-га (Меркуцыо), якая складае сусветна прызнаную адметнасць нашай нацыянальнай харэаграфіі.
Можа, яшчэ і гены дапамаглі? Бо ягоны бацька Віталь Бутрымовіч спачатку ставіў “сур’ёзную” харэаграфію ў операх “Русалка”, “Барыс Гадуноў”, “Галька”, потым заняўся “несур’ёзнымі” аперэтамі ды мюзікламі (на пасадзе галоўнага балетмайстра тагачаснага Тэатра музычнай камедыі Беларусі), а ў Чэлябінскім і Ніжагародскім тэатрах оперы і балета працаваў пераважна над балетнымі спектаклямі, у тым ліку на музыку беларускіх кампазітараў — Яўгена Глебава, Уладзіміра Кандрусевіча.

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: А.Бутрымовіч у партыі Меркуцыо
(“Рамэа і Джульета”).