Спадчына: музейная і дакументальная

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

19 студзеня 2009 года ў Варшаве адбылося падпісанне Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Беларускім камітэтам Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) і Польскім нацыянальным камітэтам ІКАМОС.

Падпісанню пагаднення папярэднічала дзелавая сустрэча старшыні Беларускага камітэта Уладзіміра Гілепа і прэзідэнта Польскага камітэта прафесара Анджэя Тамашэўскага, пад час якой былі абмеркаваны сумесныя дзеянні па арганізацыі даследаванняў і праектаванні, распрацоўцы методык рэстаўрацыйных і кансервацыйных работ на аб’ектах агульнай культурнай прасторы, асабліва — памежных помнікаў культурнай і гістарычнай спадчыны. Гаворка вялася на прыкладзе такіх аб’ектаў, як Дом-музей А.Міцкевіча ў Навагрудку, замак Радзівілаў у Нясвіжы, Аўгустоўскі канал, дзе супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый ІКАМОС было вельмі плённым.
Пацвярджаючы сваю прыхільнасць да больш шырокага супрацоўніцтва ў будучым, кіраўнікі грамадскіх арганізацый дамовіліся актыўна падтрымліваць намаганні дзяржаўных і грамадскіх арганізацый па пашырэнні беларускіх турыстычных шляхоў за кошт надання значнай увагі вывучэнню і ўшанаванню старажытных родаў, такіх, як Радзівілы, Хадкевічы, Сапегі, Агінскія і іншыя, пашырэнню ведаў аб агульных гістарычных постацях (Т.Касцюшка, А.Міцкевіч, С.Манюшка, Т.Рэйтан ды іншыя), папулярызацыі ў першую чаргу такіх аб’ектаў, як Волчын, Залессе, Шчорсы, Грушаўка і іншыя.
Польскі камітэт ІКАМОС падтрымаў таксама ідэю беларускага боку аб далучэнні да Спісу сусветнай спадчыны аб’ектаў драўлянага сакральна-дакументальнага дойлідства Беларусі, для чаго плануецца арганізаваць сумесную экспедыцыю па аб’ектах драўлянага дойлідства Беларусі, па выніках якой падрыхтаваць адпаведныя прапановы ў UNESСO.
Неабходна адзначыць, што многія вядучыя арганізацыі і ўстановы культуры Беларусі і Польшчы плённа супрацоўнічаюць у розных накірунках культуры і мастацтва. Толькі за апошнія два гады пры садзейнічанні і падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча былі падпісаны і рэалізуюцца пагадненні аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Нацыянальнай бібліятэкай Польшчы, Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў і Нацыянальным цэнтрам даследаванняў і дакументацыі гістарычных помнікаў архітэктуры, Нацыянальным музеем гісторыі і культуры Беларусі і Дзяржаўным археалагічным музеем, Вілянаўскім палацава-музейным комплексам у Варшаве. Падрыхтаваны таксама да падпісання дамова аб супрацоўніцтве паміж Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Музеем літаратуры імя А.Міцкевіча ў Варшаве, плануецца падпісанне адпаведнай дамовы і рэалізацыя сумесных праектаў паміж Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі і Вілянаўскім палацава-музейным комплексам у Варшаве. Шматгадовыя плённыя сувязі існуюць паміж шэрагам беларускіх і польскіх рэгіянальных устаноў культуры, перш за ўсё — з Гродзенскай і Брэсцкай абласцей.
Плёнам такога супрацоўніцтва з’яўляюцца важныя для абедзвюх краін сумесныя праекты — Міжнародная летняя школа паслядыпломнай падрыхтоўкі “Нясвіжская акадэмія” і міжнародны праект віртуальнай рэканструкцыі архіва Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, падрыхтоўка сумесных прапаноў па ўнясенні ў Спіс сусветнай спадчыны UNESСO Аўгустоўскага канала і “Дакументальнай спадчыны Радзівілаў”, правядзенне міжнародных канферэнцый і семінараў, стажыровак спецыялістаў на базе польскіх і беларускіх музеяў і бібліятэк.
Тадэуш СТРУЖЭЦКІ,
саветнік Пасольства Рэспублікі Беларусь
у Рэспубліцы Польшча