Трывалая повязь

№ 15 (781) 14.04.2007 - 20.04.2007 г

Хто не забываецца на мінуўшчыну, той упэўнена глядзіць у заўтрашні дзень. У гэтай досыць ёмістай і вядомай выснове — сутнасць штодзённай дзейнасці ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі. Пра духоўную повязь з мінуўшчынай напярэдадні 18 красавіка — Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін расказвае “К” начальнік упраўлення Васіль АБЛАМСКІ:

  Хто не забываецца на мінуўшчыну, той упэўнена глядзіць у заўтрашні дзень. У гэтай досыць ёмістай і вядомай выснове — сутнасць штодзённай дзейнасці ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Беларусі. Пра духоўную повязь з мінуўшчынай напярэдадні 18 красавіка — Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін расказвае “К” начальнік упраўлення Васіль АБЛАМСКІ:

- Цікаўнасць да помнікаў культуры і гісторыі і заканамерная, і даўняя, уласцівая кожнаму з народаў. Яшчэ ў XVII стагоддзі пры шведскім каралі Густаве была створана дзяржаўная інстытуцыя па ахове матэрыяльнай спадчыны. А дэкрэтамі вялікай французскай рэвалюцыі помнікі даўніны ўпершыню абвешчаны агульнанародным набыткам. У Беларусі 5 ліпеня 1926 года ўрад нацыяналізаваў адпаведнай пастановай шэраг аб'ектаў мастацтва, архітэктуры, побыту і прыроды. На акружныя, раённыя, гарадскія і сельскія саветы ўскладаліся абавязкі па ахове помнікаў культуры. У першы Дзяржаўны спіс увайшло 87 аб'ектаў, размешчаных у Мінскай, Слуцкай, Полацкай, Аршанскай, Магілёўскай, Калінінскай, Бабруйскай і Віцебскай акругах. А ў 1992 годзе быў прыняты фундаментальны Закон Беларусі "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны". Заканадаўчая база ў гэтай сферы ўдасканальваецца, Дзяржаўны спіс каштоўнасцей пастаянна пераглядаецца і дапаўняецца. Цяпер у ім - 4799 аб'ектаў, у тым ліку 4684 - матэрыяльна нерухомыя помнікі. Гэта архітэктурная, гістарычная, мастацкая спадчына, стан якой знаходзіцца пад дзяржаўнай увагай.

- Васіль Яўгенавіч, мы, беларусы, ведаем, што захоўваць. У 1980-ыя гады выдавецтва "Беларуская савецкая энцыклапедыя імя Петруся Броўкі" выдала васьмітомны "Звод помнікаў гісторыі і культуры Беларусі", які і па сёння, здаецца, не мае аналагаў на постсавецкай прасторы... Словам, захоўваць ведаем што, але як захоўваем?

- Сёлета на рэканструкцыю і рэстаўрацыю найбольш значных каштоўнасцей мяркуецца накіраваць каля 100 мільярдаў рублёў з рэспубліканскага бюджэту. Сярод аб'ектаў - замкавы комплекс у Міры, палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы, былы палац Пацёмкіна ў Крычаве, Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, Нацыянальны тэатр оперы і балета ў Мінску, сядзібны дом у Чырвоным Беразе, царква абароннага тыпу ў Сынкавічах. Дастаткова вялікі аб'ём узнаўленчых работ, іншых мерапрыемстваў па ахове спадчыны вядзецца і на ўзроўні абласных выканаўчых камітэтаў. Рэстаўрацыйныя арганізацыі з Мінска, Віцебска, Полацка, Брэста, іншыя субпадрадчыкі працуюць цяпер больш чым на трохстах гісторыка-культурных аб'ектах Беларусі... Для выканання леташняга Закону "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў Кіраўніка дзяржавы і Урада Беларусі. І, паверце, яны дзейнічаюць. Для давядзення да ладу канкрэтных аб'ектаў канцэнтруюцца бюджэтныя сродкі, таму тэрміны работ істотна скарачаюцца. Гаворка ідзе пра стварэнне найбольш рацыянальнай сістэмы дзяржаўнага кіравання рэстаўрацыйнай вытворчасцю. Больш таго, архітэктурна-будаўнічае заканадаўства ўтрымлівае прававыя нормы па ахове спадчыны, па захаванні помнікаў пры праектаванні і будаўніцтве ў гарадах і за іх межамі. Тэрыторыі размяшчэння гісторыка-культурных каштоўнасцей вызначаны ў якасці зон асаблівага дзяржаўнага рэгулявання. У выніку вядзецца работа па рэгенерацыі гістарычных цэнтраў нашых населеных пунктаў і развіцці малых гарадоў. А ў Мінску па ініцыятыве Прэзідэнта рэспублікі падрыхтавана праграма адаптацыі кварталаў гістарычнай забудовы да ўмоў сучаснага жыцця. Словам, повязь сучаснасці з мінуўшчынай - трывалая і плённая.

- Крыху падрабязней, Васіль Яўгенавіч, пра перспектывы рэстаўрацыйнай дзейнасці.

- Сядзібны дом ХІХ стагоддзя ў Скоках (плануецца размяшчэнне музея), палац Пуслоўскіх у Косаве на Брэстчыне, палацава-паркавы ансамбль у Жылічах Магілёўскай вобласці, былы калегіум у Юравічах на Гомельшчыне, палацава-паркавы комплекс у Дзіўнай на Віцебшчыне - гэта далёка не поўны пералік аб'ектаў, якія праз пэўны час будуць якасна адноўлены. Дадам, што іх размяшчэнне ў рэспубліцы дастаткова ўдала супадае з магчымасцю арганізацыі турыстычных маршрутаў гісторыка-краязнаўчай накіраванасці. Такім чынам мы, з аднаго боку, больш актыўна і дзейсна ўключаем помнікі даўніны ў кантэкст агульнакарыснай турыстычнай дзейнасці, з другога - павышаем эфектыўнасць захавання гісторыка-культурнай спадчыны за кошт прыцягнення дадатковых сродкаў, прызначаных на добраўпарадкаванне планавых турыстычных аб'ектаў.

Гутарыў Андрэй СТАРЖЫНСКІ