Санцьяга вачыма Дамейкі

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Першы канал падрыхтаваў да эфіру першы фільм пра слыннага сына беларускай зямлі — Ігнація Дамейку з дакументальнай серыі аўтарскага праекта Алега Лукашэвіча “Эпоха”.

 /i/content/pi/cult/192/2109/Damejka.jpg
Творчая група Алега Лукашэвіча працавала над серыяй дакументальных фільмаў пра нашага земляка два гады. Былі праведзены здымкі ў Беларусі, Англіі, Францыі, Германіі, Бразіліі і, канешне ж, у Чылі, дзе Дамейка правёў значную частку свайго жыцця.
Стваральнікі серыі фільмаў прадставяць гледачам архівы, фотаздымкі, дакументы. Многія з іх былі дагэтуль вядомы толькі спецыялістам. Журналісты змаглі пабываць на шахтах срэбра і медзі, якія яшчэ ў ХІХ стагоддзі былі знойдзены нашым суайчыннікам.
Таксама здымачная група Першага канала адшукала нашчадкаў Ігнація Дамейкі, пазнаёмілася з праўнукамі вучонага, зазірнула ў дом, размешчаны ў Санцьяга, дзе жыў знакаміты беларус.
Як вядома, на Беларусі, непадалёк ад Міра, захаваўся фундамент маёнтка, дзе нарадзіўся Дамейка. Праўнук нашага земляка — Пабла Дамейка Перэс наведаў радзіму свайго продка некалькі гадоў таму. Ён быў уражаны тым, як пейзаж на малюнку Ігнація Дамейкі дакладна супаў з убачаным у наваколлях Міра.
Серыя фільмаў пра слыннага сына беларускай зямлі Ігнація Дамейку будзе дэманстравацца на Першым канале з 27 па 30 студзеня.

Паводле паведамлення прэс-службы
Белтэлерадыёкампаніі