Вызначана прававое становішча дзіцячых школ мастацтваў

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

У гэтым нумары “К” завяршае друкаваць каментарый да Палажэння аб установах пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры (пачатак у № 3). Пасля афіцыйнага апублікавання дакумента мы абавязкова пазнаёмім чытачоў з ім больш падрабязна.

Палажэннем вызначаны парадак камплектавання школ мастацтваў. Кантрольныя лічбы прыёму навучэнцаў у школу мастацтваў вызначаюцца заснавальнікам па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі штогод да 1 лютага.
Заявы аб прыёме ў школу мастацтваў падаюцца законнымі прадстаўнікамі на імя дырэктара школы мастацтваў.
Пры паступленні ў школу мастацтваў дзеці праходзяць праслухоўванні і прагляды з мэтай выяўлення здольнасцей дзіцяці да таго ці іншага віду мастацтва.
Палажэнне прадугледжвае, што пры наяўнасці свабодных месцаў магчымы прыём дзяцей у школу на працягу навучальнага года, аднак гэта можна зрабіць толькі да 10 лістапада.
Характарызуючы вучэбна-выхаваўчы працэс у школах мастацтваў, трэба адзначыць, што работа ў іх арганізуецца з навучэнцамі на працягу ўсяго каляндарнага года.
Палажэннем прадугледжана магчымасць ажыццяўляць навучанне адначасова па двух профілях, у такіх выпадках распрацоўваюцца індывідуальныя вучэбныя планы і вучэбныя праграмы навучання.
Навучанне і выхаванне ажыццяўляецца ў працэсе вучэбнай работы, пазакласных і пазашкольных мерапрыемстваў. Асноўнай формай арганізацыі вучэбнага працэсу ў школе мастацтваў з’яўляецца ўрок, які можа быць як індывідуальным, так і групавым. Працягласць урока складае 45 хвілін, а для дзяцей дашкольнага ўзросту — не больш за 35 хвілін. Для ацэнкі паспяховасці навучэнцаў выкарыстоўваецца дзесяцібальная шкала ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці.
Палажэннем вызначаны правы і абавязкі навучэнцаў і педагагічных работнікаў школ мастацтваў, асобная глава Палажэння прысвечана пытанням кіравання школай мастацтваў.
Непасрэднае кіраўніцтва дзейнасцю школы мастацтваў ажыццяўляе дырэктар, які нясе персанальную адказнасць за якасць і эфектыўнасць работы школы мастацтваў, забеспячэнне адпаведных умоў правядзення і арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу і ўмоў працы ўсіх работнікаў школы.
У мэтах развіцця і ўдасканалення вучэбна-выхаваўчага працэсу, павышэння педагагічнага майстэрства педагагічных работнікаў у школе ствараецца педагагічны савет і можа быць створаны метадычны савет. У школе мастацтваў можа быць таксама створаны апякунскі савет, які ажыццяўляе сваю дзейнасць у адпаведнасці з Палажэннем аб апякунскім савеце ўстановы адукацыі, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 24 мая 2002 г. № 20.
Алена ВЕШТАРТ,
начальнік юрыдычнага аддзела
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь