“Народ, які мае...”

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

22 студзеня, у дзень, калі Нацыянальная акадэмія навук Беларусі адзначала сваё 80-годдзе, Нацыянальная бібліятэка Беларусі пад час адкрыцця кніжна-ілюстрацыйнай выстаўкі правяла літаратурна-творчую сустрэчу “Вялікі талент, вялікая работа, вялікае сэрца” з лаўрэатамі прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных прэмій Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2008 года. Больш за дзесяцігоддзе гэтыя высокія ўзнагароды з’яўляюцца сведчаннем дзяржаўнага прызнання заслуг навуковай і творчай інтэлігенцыі, гуманітарнай і творчай дзейнасці. Удзельнічалі ў сустрэчы і прадстаўнікі аўтарскага калектыву дзесяцітомнага выдання “Беларусы” Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З дырэктарам установы і кіраўніком творчай групы, доктарам архітэктуры і гістарычных навук, членам-карэспандэнтам НАН Беларусі, прафесарам Аляксандрам ЛАКОТКАМ і сустрэўся наш карэспандэнт.

Калі каштоўнасці мікшыруюцца ў брэнды
— “Беларусы” — самастойны, адзіны, завершаны цыкл, прысвечаны этнагенезу, этнічнай гісторыі краіны. Прасцей кажучы — паходжанню беларускага народа, традыцыям і звычаям, побыту, матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. Праца надзвычай актуальная цяпер: пабудаваўшы самастойную, незалежную, моцную беларускую дзяржаву, мы ўсё больш глыбока вывучаем яе нацыянальнае аблічча. Пры гэтым з’яўляемся сведкамі працэсаў глабалізацыі, сутыкнення цывілізацый, якія гістарычна сфарміраваліся на розных веравызнаннях, міжкантынентальных каранях, у розных антрапагенных умовах. Мы бачым, як культурныя каштоўнасці часта мікшыруюцца, пераўтвараюцца масавай культурай у брэнды, піар.
Тое, што ўмацавала адзінства
— Зразумела, кожны народ — унікальны і з’яўляецца каштоўнасцю для сусветнай цывілізацыі. Наш дзесяцітомнік якраз і адказвае на пытанні: хто такія беларусы, у чым іх унікальнасць.
Гэта народ, які мае тысячагадовую гісторыю, сфарміраваў нацыянальную мову, здольны забяспечыць любую сучасную камунікацыю, адпаведную самым сучасным сусветным патрабаванням, што прад’яўляюцца да сусветных моў. Гэта народ, які мае самабытную матэрыяльную і духоўную культуру, багата і квяціста, разнастайна прадстаўленую: народным, дэкаратыўна-прыкладным, прафесійным мастацтвам. Гэта народ з найбагацейшай духоўнай культурай, фальклорам: песнямі і легендамі, былінамі і паданнямі, а таксама баладамі, якія існуюць не ва ўсіх славянскіх народаў. Народ, які мае высокую самасвядомасць, які мае гонар. Народ добразычлівы, гасцінны, што гістарычна сфарміраваў вопыт, годны пераемнасці і пераймання. Беларусы шануюць добрасуседства, сяброўскае суіснаванне з іншымі этнасамі і этнічнымі супольнасцямі. І ў гэтым ярка вызначаецца самасвядомасць нашай нацыі. Беларусы — народ, які мае дакладныя ўяўленні аб сваёй тэрыторыі, сваіх прыродакаштоўных ландшафтах, рэгіёнах, аб багацці і разнастайнасці кожнага кутка. Народ, які мае асаблівасці ў эканамічных, рыначных адносінах, што сфарміраваў і нацыянальны рынак, — гэта таксама этнічная прыкмета. Гэта ўсё ўмацавала нашанацыянальнае адзінства і самавызначэнне, цэласнасць народа.
 /i/content/pi/cult/192/2107/NAN.jpg
 Лаўрэаты прэміі “За духоўнае адраджэнне” Яўген Сахута, Галіна Каспяровіч, Валянціна Бялявіна, Аляксандр Лакотка, Любоў Ракава, Таццяна Кухаронак, Аляксандра Гурко і вынік іх 10-гадовай працы — серыя кніг “Беларусы”.
У працы адлюстраваны апошнія дасягненні ў плане развіцця і пераемнасці традыцый, грамадскага, сямейнага побыту. Распавядаецца, як беларусы спрадвек адзначаюць каляндарныя святы. Паказана і тое, як можна выкарыстоўваць традыцыі ў справе адраджэння вёскі, развіцця лакальных раёнаў, малых куткоў нашай Беларусі.
Мяркую, дадзеная навуковая праца ў цэлым будзе мець вялікае значэнне для вырашэння дзяржаўных задач у сферы як нацыянальнай палітыкі, так і развіцця нацыянальнай культуры.
Выданне “Беларусы” — гэта вынік працы навукоўцаў усяго інстытута. Увогуле, фундаментальныя даследаванні — працэс бесперапынны, які складваецца з карпатлівага вывучэння тэмы цягам дзесяцігоддзяў.
Адгалінаванні ад “стваловага дрэва”
— Серыя “Беларусы” не з’яўляецца рубяжом гісторыка-культурнага і этнічнага вывучэння. Дзеля навуковага суправаджэння і навуковага забеспячэння праблем культуры наш інстытут стварае новыя актуальныя кнігі.
У бліжэйшы час выйдуць у свет два мэтавыя выданні. Адно з іх — кніга, прысвечаная народам і культурам Беларусі, этнічным супольнасцям. Яна распавядае аб паходжанні і культуры рускіх, украінцаў і народаў Прыбалтыкі ў Беларусі, татар, палякаў, цыган, яўрэяў, армян і іншых народнасцей, якія жывуць у нашай краіне, маюць свае формы супольнасці, развіваюць уласныя культурныя традыцыі.
Чакаецца выхад асобнай вялікай кнігі і, я мяркую, вельмі цікавай, запатрабаванай — “Турысцкая мазаіка Беларусі”, дзе прадстаўлены гісторыка-культурная спадчына, каштоўнасці матэрыяльнай і духоўнай культуры, помнікі гісторыі і культуры Беларусі ў свеце развіцця нацыянальнага турызму. Яна змяшчае шматлікія карты, турыстычныя маршруты, атрыбутаваныя 6,5 тысячы помнікаў гісторыі і культуры. Гэта своеасаблівы варыянт, адгалінаванне ад “стваловага дрэва” — асноўнай працы “Беларусы”.
Сёлета будзе завершана шасцітомная кніга “Архітэктура Беларусі: нарысы эвалюцыі ва ўсходнеславянскім і еўрапейскім кантэксце”. У хуткім часе павінна выйсці першая кніга чацвёртага тома, прысвечаная беларускаму народнаму дойлідству, дзе асвятляюцца праблемы фарміравання народнага дойлідства як феномена нацыянальнай матэрыяльнай культуры, асяродка жыцця нашай вёскі. Тут жа будуць раскрыты праблемы, звязаныя з развіццём вясковай архітэктуры ў межах Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла, развіцця малых гарадоў у рамках праграмы станаўлення вясковага турызму. А напрыканцы года выйдзе другая кніга чацвёртага тома, прысвечаная архітэктуры ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў. Ва ўступнай частцы прапануецца новы погляд на сучасную архітэктуру: канцэптуальную, пазастылёвую, асацыятыўную, якая грунтуецца на інтэлектуальных інавацыйных канструкцыях, тэхналагічных схемах, на прымяненні камапазітных матэрыялаў, напрыклад, святлопразрыстых сістэм і канструкцый. Усё гэта адлюстроўвае, з аднаго боку, глабальныя тэндэнцыі ў развіцці сусветнага дойлідства, якія вядомыя і шырока распаўсюджваюцца і даюць магчымасць для развіцця канкрэтных нацыянальных рыс.
А яны, гэтыя нацыянальныя рысы, вызначаюцца, дзякуючы маштабу, гістарычна складзеным формам, сістэмаформастварэнню, каларыстыцы, уяўленням аб прапорцыях жыллёвага, вытворчага, грамадскага асяродка, што складаліся стагоддзямі. У выданні пададзены напрацоўкі і метады вядомых дойлідаў нашага часу: прадстаўнікамі карпарацыі “Рэнза Піяна”, дойлідамі Сальвадорам Калятравам, Фрэнкам Гера, Пітэрам Оўэнам Мосам, вядомым Норманам Фостэрам.
У сусветным кантэксце аналізуецца сучасная архітэктура Беларусі, яе адпаведнасць перадавым дасягненням.
Новая канцэпцыя гісторыі культуры
— Рыхтуецца да выхаду серыя “Гісторыя культуры Беларусі”. Праца над ёй будзе весціся 6 гадоў. Гэта новая навуковая канцэпцыя гісторыі культуры, напісаная з сучасных пазіцый. Сёлета павінен быць скончаны і здадзены ў выдавецтва рукапіс першай кнігі, якая выйдзе ў свет у 2010 годзе. Матэрыяльная культура будзе прадстаўлена ў дзвюх кнігах, духоўная культура змешчана таксама ў двух тамах, як і прафесійная культура. Такая структура — апраўданая з пункта гледжання значнасці традыцый і культурнай спадчыны, іх сучаснага стану, іх ролі ў справе фарміравання нацыянальнай культуры сёння. Прыкладное значэнне выдання: яно дае прагноз культурнага развіцця ў перспектыве, магчымыя шляхі ўвасаблення, а таксама высвятляе, што навука можа прапанаваць дзяржаве для практычнага ўкаранення, ужывання, для вырашэння праграмных захадаў. Гэтыя працы, зноў-такі, з’яўляюцца працягам таго, што было акрэслена ў шматтомнай серыі “Беларусы”. Будзем спадзявацца, што яна атрымае рэзананс не толькі ў навуковых, творчых колах, але і сярод усіх, хто цікавіцца культурай і нацыянальнымі здабыткамі Беларусі.
Фактар культуры сёння прыярытэтны ў сістэме цывілізацыйных каштоўнасцей. Калі паўстагоддзя таму каштоўнасцямі былі энерганосьбіты, прыродныя рэсурсы, то зараз бачна, што гуманітарны складнік — вырашэнне тых праблем, у якіх хаваюцца выклікі, патэнцыйныя крызісы. Ён непасрэдна залежыць ад чалавечага фактару: ад узроўню культуры, ад узроўню адносін да яе. У прынцыпе, сусветная цывілізацыя, вобразна кажучы, уяўляе яркі лугавы дыван, усеяны прыгожымі кветкамі, якія прадстаўляюць нацыянальныя культуры. Зараз паўсюль разумеюць, што трэба ствараць умовы для рэпрэзентатыўнасці нацыянальных культур, іх лакальнага і рэгіянальнага развіцця. Часам культурны абмен перасцерагае ад крызісных з’яў, сутыкнення цывілізацый, рознага роду непаразуменняў. За апошнія дзесяцігоддзі толькі дзякуючы турызму шмат рэгіёнаў свету сталі шырокадасягальнымі.
Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Юрыя ІВАНОВА