Калі прадзюсер — філармонія

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

З чаго пачынаецца артыст? Хтосьці абсалютна справядліва скажа: “З таленту”. Хтосьці па-філасофску дадасць: “З выхавання, падрыхтоўкі, бо любая прыродная адоранасць патрабуе далейшага развіцця”. А хтосьці хітра ўсміхнецца: “З прадзюсера!” І, не хаваючы з’едлівасці, дадасць агульнапрынятае: “Толькі дзе яго знайсці?” Пакінем спрэчкі пра тое, ці існуе на Беларусі шоу-бізнес і якія ў яго перспектывы. Паразважаем у гэтым кантэксце пра сутнасць такой канцэртнай арганізацыі, як філармонія.

Крыху гісторыі з геаграфіяй
Само слова “філармонія” паходзіць з грэчаскай мовы і азначае “любоў да гармоніі”. Сапраўды, першыя філарманічныя таварыствы з’явіліся ў ХІХ ст. у Еўропе і Амерыцы і былі пакліканы прапагандаваць сімфанічную музыку. Гэтая сувязь канцэртнай арганізацыі і сімфанічных жанраў адлюстравана нават у назвах некаторых еўрапейскіх аркестраў, якія скарочана называюць філармоніямі.
У былым Савецкім Саюзе філармонія стала дзяржаўнай арганізацыяй, якая, асабліва на першых этапах, папулярызавала не толькі і не столькі класіку, колькі савецкае мастацтва, накіраванае на выхаванне “новага чалавека”. Адпаведна з гэтым, у рэспубліканскіх філармоніях ствараліся творчыя калектывы. У 1935 годзе ў Маскве нават з’явілася спецыяльнае распараджэнне, згодна з якім кожная рэспубліканская філармонія павінна была займець у сваім складзе сімфанічны, народны аркестры, харавую капэлу, а таксама джазавы ці духавы аркестр.
Праўда, пасля вайны джаз быў прызнаны антысавецкім мастацтвам, таму апошні пункт былой пастановы адпаў сам сабой, а вось першыя тры калектывы і дагэтуль складаюць аснову многіх падобных устаноў. Уласна кажучы, філармоніі з самага пачатку былі надзелены прадзюсерскімі функцыямі. Іншая справа, што ў савецкіх рэаліях гэта быў адзіны магчымы прадзюсер. Але з гэтымі абавязкамі ўстанова спраўлялася папраўдзе на ўсе сто. Адметнасць жа нашай філармоніі, да ўсяго, у тым, што за апошнія два дзесяцігоддзі, перажыўшы перабудову, рамонт будынка і многія іншыя нязручнасці, яна не страціла назапашаныя за папярэдні час калектывы.

 /i/content/pi/cult/192/2106/Filarmonija.jpg
А вось на “геаграфію” філармоній у Савецкім Cаюзе ўплывалі не толькі грошы, але і, галоўнае, ідэалогія. Савецкія артысты, амаль пазбаўленыя замежных гастролей, павінны былі як мага больш шырока гастраляваць па ўсёй краіне, тым самым садзейнічаючы папулярызацыі нашых нацыянальных культур. Беларускія калектывы месяцамі калясілі па Сібіры і Далёкім Усходзе, а наша філармонія ледзь не штотыдзень прымала зорак сусветнага маштабу з Масквы і Ленінграда.
Купляйце беларускае!
Цяперашнія рэаліі — іншыя. Можна колькі заўгодна скардзіцца, што мы мала бачым на сталічнай філарманічнай сцэне суперзорак (адразу заўважым: за апошні год іх стала нашмат болей, чым, мабыць, ледзь не за ўсё папярэдняе дзесяцігоддзе). Але відавочнай стала тэндэнцыя да вядомых па FM-фармаце 75 працэнтаў беларускага. Гэта ў эфіры тыя працэнты трэба было ўводзіць спецыяльнымі распараджэннямі, — у філармоніі ўсё ўзнікла быццам само сабой, з-за... элементарнага недахопу грошай. Калі сродкаў на запрашэнне гастралёраў не хапала, сцэнічную пляцоўку сталі запаўняць свае ўласныя калектывы, тым больш, што яны таксама страцілі магчымасць падоўгу гастраляваць за межамі рэспублікі.
Гэта прывяло і да зрухаў у саміх калектывах. Бо на адной і той жа пляцоўцы не будзеш круціць па сто разоў запар адную і тую ж праграму. Можа, ранейшая практыка садзейнічала больш дасканалай “шліфоўцы” кожнай асобнай праграмы, затое цяперашняя — вымусіла выканаўцаў быць больш мабільнымі.
Зноў-такі, не абышлося без мінусаў. Выканаўцы на сцэне былі— свае. А вось музыку яны гралі ды спявалі— пераважна “чужую”. Бо дбалі пра прыбытак ад квіткоў, а шырокая публіка, як вядома, хутчэй “клюе” на раскручаныя назвы.
Тым не менш, сёння сітуацыя змянілася і тут. Толькі за апошні год філарманічныя калектывы выканалі больш за 300 твораў беларускіх кампазітараў. Зразумела, шмат у чым гэтаму паспрыяла падрыхтоўка да 75-годдзя Беларускага саюза кампазітараў, якое адзначалася ў снежні. Але, што вельмі важна, канцэрты пад юбілейным грыфам працягваюць ладзіцца і ў новым годзе! Да таго ж, многія выканаўцы, пакаштаваўшы нацыянальнай класікі, знайшлі ў ёй смак. Літаральна на нашых вачах адраджаюцца былыя традыцыі выканання кожнага прафесійнага буйнога новага твора, пры гэтым з’яўляецца і новае пакаленне музыкантаў, якія ставяць за мэту свядомую папулярызацыю свайго, беларускага. Пры гэтым даволі часта звяртаюцца да твораў 20-гадовай даўніны, выкананню якіх у свой час перашкодзілі вышэйазначаныя фінансавыя праблемы.
Не засталася філармонія ў баку і ад грамадска-культурнай акцыі “Мы — беларусы!”, разгорнутай Міністэрствам культуры краіны. Філарманічныя калектывы і салісты не толькі ўдзельнічалі ў буйнамаштабных канцэртах гэтай акцыі. Колькасць разнастайных выступленняў, у тым ліку рэгіянальных, што прайшлі пад лозунгам “Мы — беларусы!” і былі арганізаваны Белдзяржфілармоніяй, складае больш як паўсотні. А колькасць зайдзейнічаных у іх артыстаў, у тым ліку самадзейных, — каля пяці тысяч.
Музыка без межаў і па той бок мяжы

За апошні год філармонія вельмі актывізавала сваю міжнародную дзейнасць. Бачнай часткай гэтага “айсберга” сталі куды больш частыя прыезды да нас замежных зорак. Падкрэслю: менавіта зорак, а не проста замежных артыстаў аматарскай падрыхтоўкі, гатовых выступіць на нашай сцэне.
За мінулы год па лініі філармоніі адбылося больш за 150 такіх “зорна-гастрольных” канцэртаў, у якіх узялі ўдзел прадстаўнікі амаль 20-ці краін. Значна “расквецілася” і афіша “Беларускай музычнай восені”: чаго каштаваў хаця б адзін прыезд таго ж піяніста Дзяніса Мацуева!
 /i/content/pi/cult/192/2106/Filarmonija2.jpg
Дарэчы, наконт “каштаваў” (у прамым сэнсе гэтага слова): многія зорныя артысты лічаць за гонар выступіць у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. І пагаджаюцца пры гэтым на куды меншыя ганарары, чым звычайна. Бо спрацоўвае прэстыж гэтай арганізацыі, памножаны на асабістыя стасункі мастацкага кіраўніка ўстановы Юрыя Гільдзюка і многіх іншых нашых выдатных творцаў.
Але ж існуе і не заўсёды бачная ў нас частка “айсберга” — паспяховыя выступленні нашых філарманічных калектываў і салістаў за мяжой. Раней такія паездкі ладзіліся, можна сказаць, прыватным чынам. Ці то замежныя імпрэсарыо замаўлялі наш калектыў, ці то нашы выканаўцы самі шукалі магчымасці выступіць за мяжой, нават бралі на час такіх гастролей адпачынак за свой кошт. Зараз пошукам такіх кантактаў актыўна займаецца сама філармонія. І гэта адразу прынесла плён! Бо павялічылася і колькасць выездаў нашых калектываў (у тым ліку буйных, сімфанічных і харавых) за мяжу, і магчымасці для прапаганды ў замежжы менавіта беларускай музыкі, а не толькі той, што была замоўлена імпрэсарыо.
Па-першае, дзякуючы падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі былі заключаны дамовы паміж нашай філармоніяй і філармоніямі суседніх краін— Літвы, Польшчы, Украіны. Такія ж дамовы існуюць і з Санкт-Пецярбургам і, вядома, з Масквой. На іх аснове адбываюцца шматлікія абменныя канцэрты і цэлыя акцыі, што, акрамя ўсяго, працуе на той “дыялог культур”.
Шырокі рэзананс мае і правядзенне Дзён культуры, якія ладзяцца на самым высокім дзяржаўным узроўні. Летась, да прыкладу, беларускія калектывы выязджалі ў Кітай, Егіпет, Сірыю, ПАР, а наша філармонія прымала канцэрты Дзён культуры Арменіі, Таджыкістана. Наладзіла філармонія і плённае супрацоўніцтва з пасольствамі. У прыватнасці, існуюць сумесныя творчыя праекты з Азербайджанам, Германіяй, Ізраілем, Казахстанам, Турцыяй, Францыяй і іншымі краінамі. Не трэба казаць, што падобныя сумесныя праекты прадугледжваюць і тое, што частку расходаў на правядзенне канцэртаў (звычайна гэта тычыцца аплаты праезду і ўтрымання замежных зорак) пасольствы бяруць на сябе.
Вялікую ролю адыгрывае і Савет дырэктараў, у які ўваходзяць прадстаўнікі дзяржаўных канцэртных арганізацый краіны. Узначальвае яго дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Аляксандр Гарбар.
— Раз на квартал, — расказвае Аляксандр Валянцінавіч, — мы збіраемся, абмяркоўваем праблемы, плануем гастрольныя туры замежных артыстаў па рэспубліцы.
Сапраўды, дзейнасць такога каардынацыйнага савета мае вялікае значэнне. Бо калі запрошаная зорка прыязджае не на адзін канцэрт у Мінску, а на некалькі — яшчэ і ў абласных цэнтрах, дык расходы на такія гастролі значна таннейшыя. Дый зоркі пагаджаюцца хутчэй, бо за адзін іхні прыезд колькасць выступленняў і, адпаведна, ганарараў павялічваецца.
Жывы механізм ці механічнае жыццё?
Як жа ажыццяўляецца механізм фарміравання філарманічнай афішы ў самой рэспубліцы? Як паведамілі нам супрацоўнікі канцэртнага аддзела БДФ, спачатку ўлічваюцца планы буйных філарманічных калектываў — найперш, Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, рэпетыцыйнай залай якога з’яўляецца сама філарманічная сцэна ў ранішнія часы. Потым у афішу зводзяцца запланаваныя праграмы астатніх калектываў, сетка дзіцячых абанементных канцэртаў, выступленняў стыпендыятаў і лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Зразумела, пры гэтым улічваюццаі гастрольныя выступленні, і джазавыя вечары, што праходзяць раз на месяц, і, вядома, фестывальныя праграмы, якія, дарэчы, фарміруюцца асобна. А ўжо тыя “вокны”, што засталіся, могуць запаўняцца выступленнямі іншых артыстаў і калектываў, якія самі ці праз сваю навучальную, канцэртную, творчую ўстанову звяртаюцца з прапановай.
Права выступлення з сольным канцэртам у двух аддзяленнях атрымліваюць тыя прафесіяналы, што маюць адпаведную тарыфікацыю. Усё часцей філармонія стала прымаць выступленні студэнцкіх калектываў, навучэнцаў профільных школ і гімназій. У такіх выпадках частку білетаў звычайна выкупляюць самі ўстановы ці калектывы і салісты, тым самым дапамагаючы філармоніі ў іх распаўсюджванні. План па запаўняльнасці залы ўстаноўлены ў 75 працэнтаў — гэта надзвычай вялікая лічба. Тым не менш, летась філармонія дала 84 працэнты — гэта сапраўды вельмі вялікае дасягненне. Куды больш публікі стала збірацца на сімфанічныя канцэрты, палепшылася рэклама, з’явіліся банеры ў метро, продаж білетаў праз Інтэрнет. Ды ўсё ж механізм інфармацыйна-рэкламнай дзейнасці яшчэ патрабуе свайго далейшага паляпшэння. “Прадаць” можна абсалютна ўсё, бо ў культуры няма той нішы, якая не знайшла б сваіх “пакупнікоў”.
Было б што “прадаваць”! І — у адпаведнай “упакоўцы”. Трэба падзякаваць Міністэрству культуры за мэтанакіраванае выдзяленне сродкаў: цяпер усе філарманічныя калектывы маюць сцэнічныя строі. Былі набыты новыя музычныя інструменты — прытым, што раней яны не закупляліся дзесяцігоддзямі.
Пры такім значным умацаванні матэрыяльнай базы застаецца ў філармоніі яшчэ адна, пакуль няспраўджаная, мара — пра ўласную студыю гуказапісу. Захады для яе стварэння ўжо зроблены. Запісваюцца ледзь не ўсе канцэрты, што праходзяць у філарманічных залах, — каб была магчымасць надалей вярнуцца да тых запісаў, і пасля неабходнай апрацоўкі выдаць на кампакт-дысках. Стварэнне студыі папраўдзе дасць новы штуршок як фінансавай дзейнасці філармоніі, так і творчай, і, зразумела, прадзюсерскай. Бо, паводле сусветнай практыкі, жывыя канцэрты і запісы адпаведных калектываў і салістаў — дзве шчыльна ўзаемазвязаныя часткіагульнага працэсу папулярызацыі музыкі.
Надзея БУНЦЭВІЧ