Гомельскія адкрыцці

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г

Фонды Гомельскага палацава-паркавага ансамбля папоўніліся новым прадметам надзвычайнай важнасці: люстэрка другой паловы XIX стагоддзя вышынёй амаль тры метры было прынята на пастаяннае захоўванне. 20 студзеня адбылася прэзентацыя гэтага прадмета.

 /i/content/pi/cult/192/2105/Gomel.jpg
Таццяна Літвінава, загадчык мастацкага аддзела ўстановы, адзначыла: “Улічваючы тое, што войны забралі шмат вырабаў, якія ўпрыгожвалі ўнутранае ўбранне палаца, прыдбанае люстэрка стане дастойным упрыгожаннем “Чырвонай гасцёўні” — музея на першым паверсе цэнтральнай часткі будынка”. І гэта сапраўды твор мастацтва: залачоная рама выраблена з дубу з элементамі разьбы і ляпніны, на ёй пераплятаюцца гірлянды з кветак, лістоў і перлін.
Работнікі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, куды люстэрка было адпраўлена на экспертызу, зрабілі выснову, што само люстраное палатно было заменена ў сярэдзіне XX стагоддзя. А па самой тэхналогіі вырабу, канструкцыі, наяўнасці ў дэкоры рамы і кансолі розных дэталей з гіпсавымі ляпнымі элементамі прадмет суадносіцца з творамі майстроў Аўстрыі і Германіі 2-й паловы XIX стагоддзя.
Да гэтай пары ў музеі амаль не захавалася прадметаў, якія адносяць да дарэвалюцыйных гадоў. Толькі адно з палацавых люстэркаў, якое захавалася, па меркаваннях даследчыкаў, з той пары, існуе ў экспазіцыі “Аўдыенц-зала”, што знаходзіцца ў вежы.
Сюрпрызам для работнікаў палацава-паркавага ансамбля стаў падарунак патомнай гамяльчанкі Алены Берасневіч: яна падарыла музею медную цукарніцу, якая, мяркуючы па кляйму, была выраблена ў Варшаве. Даследчыкі сцвярджаюць, што дата яе стварэння — канец XIX — пачатак XX стагоддзя. Алена Рыгораўна расказала, што цукарніца належала яе сям’і з даўніх часоў, а першай уладальніцай была яе бабуля.
Прадмет зараз праходзіць экспертызу, якая дакладна ўстановіць прадпрыемства, дзе ён быў выраблены, тэрмін і месца стварэння.
Алена САБАЛЕЎСКАЯ