ПАЛАЖЭННЕ аб Прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў сферы культуры і мастацтва

№ 4 (872) 24.01.2009 - 30.01.2009 г


1. Прэмія Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў сферы культуры і мастацтва (далей — Прэмія) прысуджаецца работнікам культуры, дзеячам мастацтва, прафесійным і аматарскім калектывам мастацкай творчасці (далей — творчыя калектывы) і індывідуальным выканаўцам за заслугі і высокія дасягненні ў літаратуры і журналістыцы, тэатральным, экранным і музычным мастацтве, жывапісе, скульптуры, графіцы, дызайне і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, народным і самадзейным мастацтве. Кандыдаты на суісканне Прэміі павінны быць членамі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.
2. Прэмія прысуджаецца адзін раз на год да Дня работнікаў культуры ў наступных намінацыях:
а) літаратура і журналістыка — адна прэмія;
б) тэатральнае мастацтва — адна прэмія;
в) экраннае мастацтва — адна прэмія;
г) музычнае мастацтва — адна прэмія;
д) жывапіс, скульптура, графіка, дызайн і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва — адна прэмія;
е) народнае мастацтва — адна прэмія;
ж) самадзейнае мастацтва — адна прэмія.
3. Памер Прэміі ўстанаўліваецца пры прыняцці рашэння аб яе прысуджэнні пастановай Прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.
4. Вылучэнне асоб, творчых калектываў на суісканне Прэміі адбываецца на сходах працоўных калектываў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, пасяджэннях прэзідыумаў раённых, абласных і Цэнтральнага камітэтаў, калегій, прэзідыумаў і сакратарыятаў праўленняў органаў культуры, творчых саюзаў, міністэрстваў і ведамстваў Рэспублікі Беларусь.
Вылучэнне асоб, творчых калектываў на суісканне Прэміі і адбор кандыдатаў у суіскальнікі праводзіцца галосна, з папярэднім аб’ектыўным і аргументаваным абмеркаваннем, пры абставінах высокай патрабавальнасці і пры шырокім удзеле грамадскасці.
На суісканне Прэміі могуць вылучацца асобы, творчыя калектывы, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё культуры і мастацтва, сферу журналістыкі Рэспублікі Беларусь, а таксама тыя, хто вёў актыўную работу па развіцці народнага мастацтва і самадзейнай творчасці ў рэспубліцы.
Не дапускаецца ўключэнне ў склад калектыву суіскальнікаў Прэміі асоб, якія ажыццяўляюць у працэсе выканання работы толькі адміністратыўныя, кансультатыўныя або арганізацыйныя функцыі.
5. На суісканне Прэміі не могуць быць прадстаўлены асобы, творчыя калектывы, якія адначасова вылучаны на атрыманне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, міжнародных прэмій іншых дзяржаў, ці тыя, хто атрымаў такія прэміі раней.
Прэмія Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў сферы культуры і мастацтва паўторна не прысуджаецца.
6. Дакументы і матэрыялы па вылучэнні асоб, творчых калектываў на атрыманне Прэміі згодна з дадаткам 1 прымаюцца Камісіяй па Прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў сферы культуры і мастацтва (далей — Камісія па Прэміі) да 1 чэрвеня года, у якім будзе прысуджана Прэмія.
Матэрыялы і дакументы па кандыдатах на суісканне Прэміі разглядаюцца Камісіяй па Прэміі ў два этапы. На першым этапе адбіраюцца найбольш дастойныя кандыдаты для ўдзелу ў конкурсе на суісканне Прэміі. На другім этапе прымаецца рашэнне аб рэкамендацыі Прэзідыуму Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры да прысуджэння Прэміі.
7. Інфармацыя аб парадку вылучэння асоб, творчых калектываў, прадстаўлення і афармлення дакументаў і прыкладзеных да іх матэрыялаў вызначаецца Цэнтральным камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў культуры і публікуецца ў газетах “Беларускі час”, “Культура” да 1 студзеня года, у якім прысуджаецца прэмія. Для шырокага азнаямлення грамадскасці з кандыдатамі і іх дзейнасцю, іх спіс, інфармацыя аб творчай дзейнасці публікуецца ў газетах “Беларускі час”, “Культура” да 1 кастрычніка года, у якім прысуджаецца прэмія.
8. Рашэнне аб прысуджэнні Прэміі прымаецца па прадстаўленні Камісіі па Прэміі пастановай Прэзідыума Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры. Пры гэтым улічваецца ўдзел кандыдата ў рабоце прафсаюзнай арганізацыі, выбарных органах прафсаюзнай арганізацыі і мерапрыемствах, якія праводзяцца прафсаюзамі.
Асобам, якім прысуджана Прэмія, надаецца званне “Лаўрэат прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры”, уручаецца Дыплом лаўрэата і грашовае ўзнагароджанне.
У тым выпадку, калі Прэмія прысуджаецца творчаму калектыву, дык канкрэтны склад яго ўдзельнікаў не абазначаецца, грашовая частка Прэміі накіроўваецца на ўмацаванне яго матэрыяльна-тэхнічнай базы. Калектыву ўручаецца Дыплом.
9. Адмяніць пастанаўленне аб прысуджэнні Прэміі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры ў сферы культуры і мастацтва мае права толькі Прэзідыум Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры пасля разгляду ўсіх фактаў і абставін, якія ставяць пад сумненне правамернасць яе прысуджэння.