“Рэчанька” поўная... джазам

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

У кожнага дзіцяці — свая творчая іскрынка. Менавіта такі агеньчык і вялікі інтарэс да спеваў заўважыла ў сваіх вучнях выкладчыца Чэрыкаўскай цэнтральнай дзіцячай школы мастацтваў Галіна Максіменка. Па яе ініцыятыве ў 2004 годзе быў створаны харавы калектыў “Рэчанька”.

 /i/content/pi/cult/191/2096/Rechanka.jpg
Заснавальніца і кіраўніца ансамбля — сапраўды мэтанакіраваны і актыўны творчы чалавек. Яна прыйшла ў дзіцячую школу мастацтваў пасля заканчэння Магілёўскага дзяржаўнага вучылішча імя Рымскага-Корсакава. Складана прыгадаць раённае мерапрыемства, у праграме якога не гучалі б разнастайныя музычныя творы ў выкананні як самой Галіны Алегаўны, так і “Рэчанькі”. У аснове рэпертуару — духоўныя старадаўнія і сучасныя творы, джаз, рамансы, класічныя песні беларускіх кампазітараў, акапэльны спеў.
Калектыў складаецца з вучняў ДШМ ва ўзросце ад 9 да 16 гадоў, прычым кожнага з іх можна смела назваць самастойнай творчай адзінкай.
Прыкладам, Настасся Шматава і Паліна Зубава — улюбёнцы мясцовай сцэны, дыпламанты абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, Марына Касмачова і Юлія Швінгельская — салісткі, актыўныя ўдзельніцы раённых канцэртных праграм.
“Рэчанька” пастаянна ўдасканальвае свой выканальніцкі ўзровень, працуе над пашырэннем рэпертуару, вядзе актыўную творчую дзейнасць.
А ў 2009-м калектыў будзе вылучацца на прысваенне звання “ўзорны”.

Ларыса САДОВІЧ,
спецыяліст аддзела культуры
Чэрыкаў