Працягласць водпуску дзяржаўнага служачага

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

Да дзяржаўных служачых у галіне культуры адносяцца супрацоўнікі Міністэрства культуры, упраўленняў і аддзелаў культуры мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, за выключэннем работнікаў, што ажыццяўляюць тэхнічнае абслугоўванне і забеспячэнне дзейнасці гэтых органаў.

Прававое палажэнне дзяржаўных служачых, а таксама пытанні іх матэрыяльнага і сацыяльнага забеспячэння рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” (далей — Закон).
Працягласць водпуску дзяржаўнага служачага ўстаноўлена артыкулам 50 Закону і складала да 1 студзеня гэтага года 30 каляндарных дзён, да якога далучаўся дадатковы водпуск у залежнасці ад стажу дзяржаўнай службы працягласцю да 6 каляндарных дзён. Акрамя таго, дзяржаўнаму служачаму мог быць прадастаўлены дадатковы заахвочвальны водпуск працягласцю да 5 каляндарных дзён.
15 ліпеня 2008 года прыняты Закон Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўнай службы” (далей — Закон ад 15 ліпеня 2008 года), у адпаведнасці з якім выкладзены ў новай рэдакцыі артыкул 50 Закону.
У адпаведнасці з названым артыкулам дзяржаўнаму служачаму штогод прадастаўляецца асноўны працоўны адпачынак працягласцю 28 каляндарных дзён.
Пасля пяці гадоў стажу дзяржаўнай службы дзяржаўнаму служачаму прадастаўляецца дадатковы працоўны адпачынак працягласцю два каляндарныя дні, пасля дзесяці гадоў стажу дзяржаўнай службы — чатыры каляндарныя дні.
Дадатковы працоўны адпачынак далучаецца да асноўнага працоўнага адпачынку дзяржаўнага служачага працягласцю 28 каляндарных дзён. Прадастаўленне дадатковых заахвочвальных водпускаў дзяржаўнаму служачаму не прадугледжана.
Дадзенае змяненне ўступіла ў сілу з 1 студзеня 2009 года.
Такім чынам, максімальная працягласць працоўнага адпачынку дзяржаўнага служачага з 1 студзеня 2009 года складае 32 каляндарныя дні.
У мэтах аднолькавага прымянення норм артыкула 50 Закону Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь растлумачана, што з 1 студзеня 2009 г.: нявыкарыстаныя працоўныя адпачынкі (ці іх часткі) за папярэднія перыяды работы (раней за 2008 — 2009 працоўны год) прадастаўляюцца ў адпаведнасці з Законам ад 15 ліпеня 2008 года;
працягласць працоўных адпачынкаў за 2008 — 2009 працоўны год падлічваецца прапарцыянальна: за перыяд працоўнага года да 1 студзеня 2009 года — у адпаведнасці з артыкулам 50 Закону, у рэдакцыі, што дзейнічала да ўступлення ў сілу Закону ад 15 ліпеня 2008 года, а за перыяд з 1 студзеня 2009 года — у адпаведнасці з артыкулам 50 у рэдакцыі Закону Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2008 года.
Улічваючы змены ў працягласці працоўнага адпачынку ў кантрактах, што былі заключаны з дзяржаўнымі служачымі, неабходна ўносіць адпаведныя змены шляхам складання дадатковага пагаднення, якое падпісваецца наймальнікам і дзяржаўным служачым.
Неабходна ўлічваць, што Законам ад 15 ліпеня 2008 года ў Закон унесены і іншыя змяненні, якія ўступілі ў сілу з 15 жніўня 2008 года і якія таксама павінны знайсці сваё адлюстраванне ў кантрактах.
Названыя змяненні тычацца публікацый і выступленняў, звязаных з выкананнем дзяржаўнымі служачымі службовых абавязкаў, выканання ў працоўны час ім іншай работы, што аплачваецца, а таксама прыняцця дзяржаўным служачым маёмасці (падарункаў) і атрымання іншай выгады ў выглядзе паслугі і некаторае іншае.

Алена ВЕШТАРТ,
начальнік юрыдычнага аддзела
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь