Па той бок штодзённасцi

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

Напрыканцы 2008 года ў музеі-сядзібе “Пружанскі палацык” адкрылася новая выстаўка. Другі раз палотны выхаванца Бабруйскага мастацкага вучылішча, пружанца Уладзіміра Пятраня выстаўляюцца ў гэтай зале.

 /i/content/pi/cult/191/2087/Pa toj bok.jpg
 А.Восіпаў. “Карыда”.
У музеі размешчаны восем работ мастака. Але ж сёння Уладзімір прыйшоў да аматараў мастацтва не адзін, а са сваім сябрам — мастаком Алегам Восіпавым, таксама пружанцам, які прадстаўляе два свае новыя палотны. Дарэчы, ён прымаў удзел у Першым конкурсе выяўленчага мастацтва “Арс-Лонга-2005” са сваёй работай “Абуджэнне Глафіры”.
Толькі карціны, прасякнутыя глыбокім сэнсам, які перадае ўласнае “Я”, могуць сапраўды прыцягнуць гледача. Усё, што існуе па той бок штодзённасці, зачароўвае. Мо таму работы У.Пятраня вартыя ўвагі. Цяжка вызначыць яго стыль: можа, гэта разнавіднасць фігуратыўнага сюррэалізму? Здаецца, што ні адно паняцце тут не падыходзіць дакладна. Яго карціны адзінкавыя ў сваім родзе і не даюць уключыць сябе ў рамкі вызначанага стылёвага кірунку. Ні яго тэмы, ні яго стыль, ні яго тэхніка не з’яўляюцца працягам вызначанай традыцыі.
Ды і вядомы пружанцам будынак музея ўражвае сваёй арыгінальнасцю, і калі шараговы наведвальнік музея, ужо перапоўнены эмоцыямі, заходзіць у выставачную залу, ён атрымлівае эмацыйна-культурны шок. Менавіта тут, у рэгіёне, чалавек сустракаецца з высокім мастацтвам жывапісу праз вобразна-стракатыя незразумелыя палотны, якія насамрэч вабяць гледача.
Алег Восіпаў пакуль невядомы пружанцам мастак. Ягоныя палотны кранаюць сваёй насычанасцю фарбаў і вобразаў… Ён належыць да шэрагу вечных працаўнікоў і шукальнікаў на перакрыжаваннях сусветаў мастацтва. Бадай, створанае гэтым мастаком зразумелае не столькі лагічна, колькі вобразна. Яго карціны — гэткі шчыры аповед душы. Алег Восіпаў — складаны, самакрытычны творца, якому ўласцівы сумневы і які пастаянна знаходзіцца ў пошуку. Мір яго карцін распасціраецца ад пачуццёва-пэўнага да па-філасофску ўсеагульнага, ад гратэскава-рэалістычнага да вольна формаўтваральнага.
Вобразныя сюжэты ў яго творах змяняюць свае прапорцыі, дэфармуюцца, набываюць рытм і рух, напаўняюцца лёгкім дэкорам, вар’іруюцца. Устойлівая кампазіцыя ўдасканальваецца праз лёгкую імправізацыю. Гармонія формы накіроўваецца ў кантрастныя проціпастаўленні.
Зразумела, час ад часу бачыш, што на выстаўку прыходзяць ужо знаёмыя асобы — многія наведвальнікі прыходзяць другі, трэці раз, яны прыводзяць з сабой сваіх блізкіх і сяброў.
Госці і жыхары горада атрымалі унікальную магчымасць сустрэчы з сучаснымі накірункамі жывапісу, а гэта гонар і для мастака, і для музея.

Юрый ЗЯЛЕВІЧ
Пружаны