Маляваць густым сланечнікавым... басам

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

Мусіць, яшчэ ад прабацькоў — Адама і Евы — нам дасталася невычэрпная прага да пазнання свету. Для дзіцяці жаданне выпрабаваць усё на густ і вобмацак, “пакарыць неабсяжныя прасторы” натуральнае. Аднак, пасталеўшы, большасць колішніх “першаадкрывальнікаў” страчвае інтарэс да тых “пошукаў” і замыкаецца ў межах будзённых клопатаў.

 /i/content/pi/cult/191/2086/Malyavac.jpg
 Ж.Будзейка. “Павуцінне часу”.
Мастак Жанна Будзейка — з ліку той меншасці, хто працягвае вылучаць новыя адценні ў звыклым і вучыцца з лапікаў уражанняў і пачуццяў складваць мазаіку душэўнай гармоніі.
Наколькі ёй гэта ўдаецца, можна пабачыць на персанальнай выстаўцы мастачкі “На захад ад Эдэма”, што праходзіць у Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі.
Пазнанне свету Жанна Будзейка прапануе распачаць з таго, што ў кожнага перад вачыма, аднак часцяком застаецца незаўважаным, — з песні кветак. Густы бас сланечнікаў “Сонечным магнітам” прыцягвае ўсмешкі, пялёсткавая калыханка за “Веснічкамі” абяцае раскрыць сакрэты старога саду, балады раслін “Аксамітавага сезона” насычаюць жнівеньскі настрой шчымлівымі ноткамі настальгіі па сыходзячай цеплыні, а заміраючая ў паветры “Мелодыя верасня” запэўнівае: сакавітыя фарбы лета абавязкова вернуцца на наступны год. І нават у паміраючых кветак мастачка раскрывае хараство “Ціхага жыцця”.
Павольна карціны распавядаюць гледачу, што філасофскі спакой можна знайсці ў бязмоўнасці мілых сэрцу куточкаў горада, у задуменнасці “Цёмнай алеі”, у загадкавасці звычайнай “Лужыны”. Тады і ў заблытанай рачной траве здолееш пабачыць “Павуцінне часу”.
У эпоху падабенства, калі людзі, якія знаходзяцца побач, паступова ператвараюцца для некаторых у безаблічны натоўп, неадушаўлёны спіс тэлефонных нумароў ці электронных нікаў, галерэя партрэтаў Жанны Будзейка прымушае гледача шукаць індывідуальнасць у кожным чалавеку. Яна знарок не піша твар канкрэтнай асобы, хаваючы імёны за тыпізаванымі подпісамі, такімі, як “Суседка”, “Гандлярка”, “Ігарок”, “Дзім Дзімыч”. Аднак графічныя партрэты, якія напачатку нібы згубіліся ў зале побач з кідка-яркімі нацюрмортамі і пейзажамі, раптам захопліваюць усю ўвагу наведвальніка. У іх чытаюцца думкі, характарі лёс герояў твораў мастачкі — звычайных і адначасова ні на кога не падобных людзей.
Як зазначае сама Жанна Будзейка, дзеці і кветкі, паркі і сады, творы мастацтва,
усё тое чароўнае, што нараджаецца сілай духу, гэта і ёсць часткі мазаікі Сусветнай гармоніі, якія кожны з нас імкнецца сабраць у адзінае цэлае.
Людміла МАКОЎСКАЯ