Манеты з якасцю брыльянта

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

Цудоўным падарункам для нумізматаў да навагодніх свят стаў выпуск Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь некалькіх сярэбраных і медна-нікелевых манет. У абарачэнне былі ўведзены памятныя манеты “Заказнік “Ліпічанская пушча” серыі “Заказнікі Беларусі” і “Седов” новай серыі “Парусныя караблі” наміналамі 20 і 1 рубель кожная, а “Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. 80 год” наміналамі адпаведна 10 і 1 рубель.

 /i/content/pi/cult/191/2082/Manety.jpg
На пярэднім баку ўсіх манет уверсе змешчана рэльефная выява Дзяржаўнага герба і па крузе — надпіс: “Рэспубліка Беларусь”. На манеце, прысвечанай Ліпічанскай пушчы, можна ўбачыць выяву квітнеючай расліны з надпісам “Лілея кучаравая” на аверсе, а на фоне фрагмента ракі і берага — рэльефную выяву звычайнага зімародка, які сядзіць на галінцы, а таксама адлюстраванне традыцыйнага беларускага арнаменту, што сімвалізуе жыццё, на рэверсе. На манеце з серыі “Парусныя караблі” — стылізаваная выява ружы вятроў з нанесенай на ёй галаграмай на фоне навігацыйнай марской карты — на пярэднім баку і самы вялікі і хуткасны паруснік свету “Седов” на фоне марскога пейзажу — на адваротным. На манеце, прысвечанай юбілею вядучай навуковай установы краіны, змешчана стылізаваная выява зямнога шара і ліній, што сімвалізуюць навуковую думку, на аверсе, а таксама выява фасада будынка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі — на рэверсе.
Манеты “Седов” адчаканены на “Манетным двары Польшчы” якасцю “брыльянт-анцыркулейтэд”, астатнія — на прадпрыемстве “Казахстанскі манетны двор Нацыянальнага банка Рэспублікі Казахстан” якасцю “пруф” і “пруф-лайк”.

Паводле паведамленняў
прэс-службы Нацыянальнага
банка Рэспублікі Беларусь