Вызначана прававое становішча дзіцячых школ мастацтв

№ 3 (871) 17.01.2009 - 23.01.2009 г

У гэтым нумары “К” пачынае друкаваць каментарый да Палажэння аб установах пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры. Пасля афіцыйнага апублікавання дакумента мы абавязкова пазнаёмім чытачоў з ім больш падрабязна.

Вырашэнню задач забеспячэння неабходных умоў для фарміравання агульнай культуры і мастацкага развіцця дзяцей і моладзі, арганізацыі іх вольнага часу, пошуку, навучання і выхавання таленавітых дзяцей і моладзі, іх прафесійнай арыентацыі будуць садзейнічаць установы пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры.
Згодна з артыкулам 46 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь” установы пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры — гэта ўстановы, якія ажыццяўляюць эстэтычна-выхаваўчыя і асветніцкія функцыі праз навучанне дзяцей і моладзі розным відам мастацтваў, стварэнне спрыяльных умоў для развіцця і рэалізацыі іх творчых здольнасцей, прафесійнага самавызначэння.
Названым Законам вызначана, што пералік устаноў пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры зацвярджаецца, а прававое становішча, парадак дзейнасці ўстаноў пазашкольнага выхавання і навучання ў гэтай галіне вызначаюцца заканадаўствам.
Да нядаўняга часу прававы стан устаноў пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры (дзіцячых школ мастацтваў) рэгуляваўся загадам Міністэрства культуры БССР ад 17 ліпеня 1990 г. №92. Аднак, улічваючы распараджэнне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 мая 2005 г. № 108рп “Аб некаторых мерах па ўдасканаленні сістэмы нарматыўных прававых актаў”, названы дакумент загадам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 28 мая 2007 г. быў прызнаны страціўшым сілу.
Новае палажэнне не магло быць прынята Міністэрствам культуры, паколькі згодна з часткай сёмай артыкула 15 Закону Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 1991 года “Аб адукацыі” (далей— Закон аб адукацыі) дзейнасць устаноў адукацыі рэгулюецца палажэннямі аб адпаведных установах адукацыі, што зацвярджаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь або ўпаўнаважаным ім дзяржаўным органам. Урадам Рэспублікі Беларусь паўнамоцтвы па зацвярджэнні палажэнняў аб установах адукацыі былі прадастаўлены Міністэрству адукацыі.
Пастановай Міністэрства адукацыі ад 31 снежня 2002 года № 59 было зацверджана Палажэнне аб установе, якая забяспечвае атрыманне пазашкольнага выхавання і навучання.
Аднак указаная пастанова Міністэрства адукацыі не ўлічвае асаблівасці ўстаноў пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры, дзе навучанне ажыццяўляецца па тыпавых вучэбных планах і вучэбных праграмах, выкарыстоўваецца дзесяцібальная сістэма ацэнкі ведаў, асноўнай формай арганізацыі вучэбнага працэсу з’яўляецца ўрок, прыём вучняў здзяйсняецца па выніках праглядаў, праслухоўванняў і г. д.
Такім чынам, навучанне ва ўстановах пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры мае свае асаблівасці і патрабуе асобнага рэгулявання.
Унясенне Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь дапаўненняў у Палажэнне аб Міністэрстве культуры дазволіла Міністэрству культуры распрацаваць і зацвердзіць дакумент, які вызначае прававое становішча ўстаноў пазашкольнага выхавання і навучання ў галіне культуры.
8 снежня 2008 г. Міністэрствам культуры прынята пастанова № 41 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб установах пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры” (далей — Палажэнне), у якой вызначана, што ўстановы пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры з’яўляюцца ўстановамі адукацыі.
У Палажэнні даецца дакладнае раздзяленне ўстаноў пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры на два тыпы: шматпрофільныя і аднапрофільныя.
Да шматпрофільных устаноў пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры адносіцца дзіцячая школа мастацтваў, у якой навучанне ажыццяўляецца па некалькіх розных профілях.
Да аднапрофільных устаноў пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры адносяцца дзіцячая музычная школа, дзіцячая мастацкая школа, дзіцячая харэаграфічная школа, дзіцячая школа рамёстваў і дзіцячыя школы іншых профіляў.
Улічваючы, што ўстановы пазашкольнага выхавання і навучання ў сферы культуры (далей — школы мастацтваў) з’яўляюцца ўстановамі адукацыі, іх дзейнасць рэгулюецца Законам аб адукацыі.
У адпаведнасці з артыкулам 15 названага Закону ўстанова адукацыі — юрыдычная асоба, якая мае выключнае права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць.
Юрыдычнай асобай у адпаведнасці з артыкулам 44 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь прызнаецца арганізацыя, якая мае ва ўласнасці, гаспадарчым падпарадкаванні або аператыўным кіраванні адасобленую маёмасць, нясе самастойную адказнасць па сваіх абавязацельствах, можа ад свайго імя набываць і ажыццяўляць маёмасныя і асабістыя немаёмасныя правы, выконваць абавязкі, быць істцом і адказчыкам у судзе. Юрыдычная асоба павінна мець самастойны баланс.
Школа мастацтваў, з’яўляючыся юрыдычнай асобай, дзейнічае на падставе статута, які зацверджаны яе заснавальнікам.
У статуце школы мастацтваў у абавязковым парадку павінна быць пазначана:
найменне (з пазначэннем формы ўласнасці); прававы статус; месца знаходжання; прадмет, мэты і задачы дзейнасці; калі, кім (заснавальнік) створана, падпарадкаванасць; асноўныя характарыстыкі арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, у тым ліку мова (мовы) навучання і выхавання; парадак ажыццяўлення фінансавай і гаспадарчай дзейнасці, у тым ліку крыніцы і парадак фарміравання і выкарыстання маёмасці, замацаванай за школай мастацтваў, парадак фінансавання і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння школы мастацтваў, наяўнасць права на ажыццяўленне дзейнасці, якая прыносіць прыбыткі; парадак збірання платы за навучанне; парадак кіравання дзейнасцю школы мастацтваў, у тым ліку кампетэнцыя заснавальніка, структура і парадак фарміравання органаў кіравання і самакіравання, парадак прызначэння кіраўніка, іх кампетэнцыя і арганізацыя дзейнасці, парадак кантролю за дзейнасцю школы; парадак прадстаўлення заснавальніку справаздач аб паступленні і выдатках фінансавых і матэрыяльных сродкаў; парадак фарміравання штатаў і аплаты працы работнікаў; правы і абавязкі ўдзельнікаў вучэбна-выхаваўчага працэсу; парадак рэарганізацыі і ліквідацыі школы мастацтваў; парадак унясення змяненняў і дапаўненняў у статут.
Школа мастацтваў можа ствараць філіялы, якія дзейнічаюць на падставе палажэнняў, што зацвярджаюцца школай мастацтваў, і павінны быць указаны ў статуце школы мастацтваў.
Філіял школы мастацтваў — гэта адасобленае падраздзяленне школы мастацтваў, якое размешчана па-за месцам яе знаходжання і ажыццяўляе ўсе або частку яе функцый. Філіялы школы мастацтваў не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, яны надзяляюцца маёмасцю школы мастацтваў, што стварыла іх, якая ўлічваецца асобна на балансе стварыўшай іх школы мастацтваў. Кіраўнікі філіялаў прызначаюцца дырэктарам школы мастацтваў па ўзгадненні з заснавальнікам.
(Заканчэнне будзе.)