За гэты час Сяргей Еўдашэнка стварыў болей за сотню сцэнічных вобразаў і амаль 50 рэжысёрскіх работ. У залатую скарбонку беларускага тэатра ўвайшлі яго ролі Доктара Яраша з шамякінскага “Сэрца на далоні”, Сэра Генры ў спектаклі “Калі конь губляе прытомнасць” Ф.Саган, Графа Альмавіва з класічнай “Жаніцьбы Фігаро”, Доктара Хігінса з “Пігмаліёна” Б.Шоу, Цара Крэона ў “Антыгоне” Ж.Ануя...
Зрэшты, усіх не пералічыш. Кожная работа Сяргея Іванавіча была папраўдзе майстэрскай і творчай. Цудоўная ўласцівасць яго натуры — няспынная прага дасканалення, нежаданне і няўменне спачываць на лаўрах.
Пачынаючы з 1966 года, Сяргей Еўдашэнка спрабуе сябе і ў іпастасі рэжысёра, заканчвае ў 1974 годзе Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Акадэмічным тэатры імя У.Маякоўскага ў Маскве. Ім былі створаны такія яркія тэатральныя работы, як “Характары” В.Шукшына, “Вернасць” В.Бертгольц, “Варвары” М.Горкага, “А зори тут тихие” Б.Васільева. Менавіта Сяргей Еўдашэнка ўпершыню на беларускай сцэне паставіў пушкінскую “Гаўрыліяду”. З 1979 па 1981 гады Сяргей Іванавіч займаў пасаду галоўнага рэжысёра Брэсцкага тэатра.
Важнай тэмай творчых пошукаў Сяргея Еўдашэнкі, якая неаднойчы ўплывала на яго рэжысёрскі выбар, было жыццё старэйшага пакалення. Яна знайшла сваё адлюстраванне ў такіх спектаклях, як “Сола для гадзінніка з боем” О.Заградніка, “Бульварны раман” Ю.Эдліса, “Змяшаныя пачуцці” Р.Баэра.
Апрача работы на сцэне, якую Сяргей Іванавіч не пакідаў да апошніх дзён свайго жыцця, ён актыўна займаўся таксама і педагагічнай дзейнасцю, паспрыяўшы творчаму сталенню не аднаго пакалення акцёраў і рэжысёраў Брэсцкага тэатра. Зрэшты, нават проста супрацоўніцтва з карыфеем сцэны станавілася для тэатральнай моладзі сапраўднай школай майстэрства, а таксама і жыццёвай школай: Сяргей Іванавіч запомніўся сваім калегам як чалавек шчыры, сумленны, прынцыповы.
...Акцёр смертны — як і ўсе людзі. Але ж створаныя ім яркія сцэнічныя вобразы заўсёды застануцца ў памяці гледачоў. Бо яны — неўміручыя.