“Унесці карэктывы” ў вечныя тэмы

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Лічыцца, што белы колер пры ўсёй сваёй “прастаце” і “бясколернасці” ўбірае ў сабе ўвесь спектр вясёлкі. І ў тэатральным мастацтве, а ў лялечным — дык бясспрэчна, ён вельмі часта аказваецца нашмат больш выразным, чым уся стракатасць мастакоўскай палітры, пра што сведчаць прэм’еры Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек у гэтым сезоне.

 /i/content/pi/cult/190/2068/Unesci.jpg
Навагодні падарунак тэатра маленькім гледачам — вядомую з дзяцінства казку “Марозка”, дзе дабро і спагада стаяць вышэй за прагнасць і хцівасць, — увасобіў на сталічнай сцэне гродзенскі рэжысёр Алег Жугжда. Пасяляючы персанажаў казкі ў “чорны кабінет”, рэжысёр як бы вяртае нас у эстэтыку старога савецкага тэатра: лялькі нібыта жывуць на сцэне самі па сабе, без удзелу акцёраў. Але ж літаральна з першых хвілін спектакля становіцца зразумелым, што падобная старамоднасць — наўмысна зададзены стыль спектакля. Дарослых ён прымушае вярнуцца да ўласных дзіцячых эмоцый і перажыванняў. Для маленькіх жа гледачоў гэта таксама гісторыя фантастычная і небудзённая, бо і іх яна свядома не адсылае да эстэтыкі паўсядзённага экраннага маскульту.
І той самы “канфлікт бацькоў і дзяцей” Жугжда не проста ігнаруе, а дэманструе, што па-сапраўднаму прыгожыя, вытанчаныя і пазачасавыя ў сваёй актуальнасці гісторыі аднолькава шчыра здольны ўспрымаць прадстаўнікі самых розных пакаленняў. У глядзельнай жа зале не пакідае адчуванне: нарэшце сучасныя дзеці бачаць старую добрую Казку “нашымі” вачыма.
Дакладная, тонкая і ансамблевая работа акцёраў у спектаклі чарговы раз нагадвае, што няма нічога вышэйшага за тэатральную “звышзадачу” — ажыўленне лялечнай гісторыі, нефармальнае стварэнне ў прасторы спектакля (не важна, дзіцячага ці дарослага) свайго адмысловага свету, які будзе ўтульным і зручным для саміх персанажаў і прыцягальным для нас, гледачоў. І ў “Марозка” ў гэтай справе не было роўных Валянціне Пражэевай. Перад намі паўстала не проста жорсткая самадурка мачыха, якая бязлітасна адпраўляе сваю падчарку ў зімовы лес па журавіны, не: яна — клапатлівая маці, якая больш за ўсё на свеце любіць сваю дачушку Пашку. І гэтая любоў не выклікае ў нас не толькі сумненняў, але і пэўным чынам тлумачыць яе ўчынкі. Маці ў выкананні Пражэевай то “па-бабску” дэспатычная — са сваім нягеглым мужам, то настойлівая ў сваёй упартасці і патрабавальнасці — з Дашкай, а то кранальна-лірычная — у дачыненні да роднай Пашкі, нават тады, калі ў фінале спектакля яна са злосці вымушана цягнуць з лесу сваю капрызніцу за нагу. Пры гэтымза вобразам прасочваецца і пэўная акцёрская іронія, што, аднак, не пераходзіць за межы, і — любоў да свайго персанажа, бо для Пражэевай папросту не можа быць іначай. Усёй той палітры пачуццяў і эмоцый, якія перажыла на працягу спектакля яе Маці, магла б пазайздросціць любая драматычная актрыса!
А вось папярэдняя прэм’ера тэатра — “Балада пра белую вішню” Святланы Клімковіч у пастаноўцы Аляксея Ляляўскага расказвае маленькім гледачам, што любоў да роднага краю — гэта не толькі замілаванне, але і патрыятызм.
П’еса гэтая ўжо ішла на сцэне тэатра ў 1980-я гады, дадзеная ж прэм’ера першапачаткова прымяркоўвалася да Міжнароднага фестывалю тэатраў лялек, які прайшоў у Мінску гэтай восенню. Але тое, што “Балада пра белую вішню” не стала адной з шэрагу фестывальных работ, а з’явілася на свет крыху пазней, яшчэ вастрэй закцэнтавала ўвагу на наступным: сёння, у адрозненне ад нядаўніх часоў, творцы зноў палічылі магчымым не толькі забаўляць тэатральную публіку, але і гаварыць са сваімі гледачамі, нават з “лялечным кантынгентам”, пра непапулісцкія, вечныя тэмы. І — не баяцца таго, што публіка ў зале не гатовая гэта ўспрымаць.

 /i/content/pi/cult/190/2068/Unesci2.jpg
Белыя хацінкі і палацы ў “Баладзе…”, клапатліва размешчаныя рукамі акцёраў праз усю сцэну, самі яны ў гэткіх жа бялюткіх балахонах нібыта ўяўляюць з сябе тыя чыстыя, нікім пакуль не кранутыя аркушы паперы, на якіх часам і разнастайнымі заваёўнікамі будзе напісана гісторыя. Але ж героі спектакля, на першы погляд слабыя і безабаронныя, на паверку таксама аказваюцца здольнымі “ўнесці карэктывы” ў гэтыя “дыярыушы”. Як расказаць маленькім гледачам пра самаахвярнасць?
Які эквівалент для яе знайсці? Гераіня спектакля аддае за шчаслівы лёс Радзімы “самае дарагое”. І што схавана за гэтым — кожнаму з гледачоў вырашаць самому.
Два гэтыя абсалютна розныя спектаклі— “Баладу пра белую вішню” і “Марозка” — яднае разам яшчэ адна тэндэнцыя, якая праявілася ў тэатры пару гадоў таму: актыўнае выкарыстанне камп’ютэрных тэхналогій. Пасля спектакля “Сіняя птушка” камп’ютэрная анімацыя трывала ўвайшла ў прастору лялечнага тэатра. Зрэшты, калі гаварыць пра еўрапейскае тэатральнае мастацтва,“падтрымка” драматычнага дзеяння экранным мастацтвам там назіраецца даўно. У беларускіх жа калектывах спробы ўвядзення падобных кінапраекцыйных эфектаў, як правіла, выглядалі знарочыста і непераканаўча. А вось тэатр лялек “зжыўся” з камп’ютэрнай анімацыяй надзвычай арганічна. У “Баладзе пра белую вішню” дзякуючы крыжацкім баталіям, што разгортваюцца на экране-задніку, ствараючы перапады маштабу паміж экраннымі героямі і лялечнымі персанажамі, узнікае панарамнае ўспрыняцце тых крывавых падзей не проста як шэрагу захопніцкіх войнаў і міжусобіц, а як страшэннай і жудаснай навалы, несуразмернай са звычайным чалавечым жыццём (Міжволі ўспамінаецца гэткі ж “недахоп” камп’ютэрнай працы над павелічэннем татарскага войска ў айчыннай кінастужцы “Анастасія Слуцкая”.). У “Марозка” ж і сапраўды, бы няўлоўны ўзор, узнікае, нібы ў пустой прасторы, аб’ёмны і хісткі вобраз вядомага нам з дзяцінства Дзядулі з доўгай белай барадой і мехам падарункаў, карункавы белы конь, які імчыць з лесу сані з Дашкай і яе ляснымі падарункамі, і чароўны ў сваёй непаўторнасці карагод пяшчотна-далікатных сняжынак, што ціха падаюць долу.
…Што ж, аказваецца, не так і складана з’яднаць разам сучасныя прыёмы, тэатральную мову і старыя ісціны. Галоўнае — шчыра верыць у гэта.

Таццяна КОМАНАВА