“Самая прэстыжная!”

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Прэмію “За духоўнае адраджэнне” 2008 года атрымлівае калектыў Дзяржаўнай установы “Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр дзіцячай анкалогіі і гематалогіі”. Сваімі ўражаннямі падзялілася з карэспандэнтам “К” дырэктар Цэнтра, доктар медыцынскіх навук, прафесар Вольга АЛЕЙНІКАВА

 /i/content/pi/cult/190/2051/Samaya prest.jpg
— Гэта самая прэстыжная прэмія ў краіне, і я яе, вядома, успрымаю як заслугу ўсяго нашага даволі вялікага і дружнага калектыву. Дванаццаты год мы працуем разам і за гэты час дасягнулі даволі вялікіх поспехаў. Павінна сказаць, што нашым хворым дзеткам, якія пакутуюць ад наступстваў чарнобыльскай трагедыі, ужо не трэба ехаць лячыцца за мяжу.
— У Цэнтры выкарыстоўваюць сучаснае абсталяванне, найноўшыя лекі?
— Так, гэта ультрасучасны цэнтр, што быў адкрыты Прэзідэнтам краіны. Бясспрэчна, больш за ўсё дапамагала дзяржава, але, вядома, былі і спонсары. За гэтыя 12 гадоў я аб’ехала практычна ўсю Еўропу і магу сказаць з поўнай упэўненасцю: наша медустанова — на самім высокім сусветным узроўні па ўсіх параметрах. Дастаткова заўважыць, што нават расіяне не маюць такога Цэнтра, едуць да нас лячыцца.
— Цікава, а на якіх умовах?
— Па-першае, едуць не толькі з Расіі, але і з іншых краін СНД, з-за мяжы. І лячэнне гэтае, вядома ж, вельмі дарагое. Атрымліваецца прыкладна 20 працэнтаў экспартных паслуг. Трансплантацыя касцявога мозгу, хіміятэрапія каштуюць дорага. Так што тут мы яшчэ і зарабляем самі. Само ж абсталяванне ў нас — зробленае па апошнім слове тэхнікі.
— Колькі ж дзяцей можа абслужыць Цэнтр?
— Лячэнне доўгае, расцягваецца не на адзін дзень. У нас 198 ложкаў і ёсць дыспансер на 60 наведванняў у змену. Акрамя самага вялікага мінскага аддзялення ёсць яшчэ два — у Гомелі і ў Магілёве.
— Цікава, колькі ж медработнікаў працуюць у Цэнтры?
— Сто дактароў толькі, а ўсяго — 550 супрацоўнікаў розных профіляў. Кожны з іх уносіць свой пасільны ўклад. Складана!.. Але ўжо ёсць сусветны досвед лячэння хвароб, звязаных з Чарнобылем. І, што самае галоўнае, мы не адстаём, паспяваем дапамагаць нашым дзеткам. Гэта стала справай усяго майго жыцця, нашага жыцця і творчасці.
В.Я.
Фота Анатоля КЛЕШЧУКА