Калі ў доме васьмёра дзяцей... няма ніякіх бяссонных начэй!

№ 1-2 (870) 10.01.2009 - 16.01.2009 г

Аўтарытэт майстра, прафесійнага творцы часам падаецца больш прывабным, чым побытавыя, сямейныя клопаты, вынікам якіх таксама становіцца адраджэнне духоўнасці. Сярод лаўрэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне” — шматдзетная сям’я Онахавых з Пружан. У адрозненне ад астатніх пераможцаў, бацькі гэтай не такой ужо і маленькай ячэйкі грамадства (у іх восем дзяцей) атрымалі ўзнагароду менавіта за ўклад у падтрымку сямейных каштоўнасцей. Карэспандэнт “К” пагутарыў з берагіняй-захавальніцай Кацярынай ОНАХАВАЙ.

 /i/content/pi/cult/190/2049/Kali u dome.jpg
— Вялікі дом з камінам на беразе возера, шмат дзяцей, нам з мужам крыху за трыццаць гадоў, мы поўныя сіл. Пра гэта мараць многія, гэта было маёй марай, і яна поўнасцю спраўдзілася, — гаворыць Кацярына. — Мы з Аляксандрам маем дваіх уласных (як мы кажам, “самадзельных”) дзяцей, дваіх усыноўленых, траіх прыёмных, над адным апякуемся. Шэсць дзяўчынак і два хлопчыкі — ад пятнаццаці гадоў да чатырох месяцаў. У многіх адразу ўзнікае стэрэатып, што мы стомленыя, не сочым за сабой, у нас пастаянныя праблемы, але, паверце, гэта не так. Мы выглядаем, як звычайныя сучасныя маладыя людзі. Называем сябе бацькамі-экстрэмаламі: хтосьці атрымлівае задавальненне ад сёрфінга, скачкоў з парашутам, а мы — ад клопату пра дзяцей.
— Скажыце, калі і як узнікла жаданне займець вялікую сям’ю?
— Быў час, што я не думала аб такой колькасці дзяцей, гэта здавалася немагчымым. Ва універсітэце нам расказвалі, як у дзіцячых прытулках малым, бывае, ставяць няправільныя дыягназы, няўважліва ставяцца, і пасля яны ўсё жыццё маюць праблемы. У студэнцкія гады я пазнаёмілася з Сашам, мы ажаніліся, у нас нарадзілася першая дачка, якую назвалі ў яго гонар Аляксандрай. Потым пераехалі да маіх бацькоў у Беларусь. Тут у нас з’явілася Яўгенія. І мы сутыкнуліся з праблемай дыягностыкі, калі сапраўднае захворванне аказалася не такім складаным, як казалі ўрачы. Мы пераехалі ў Пружаны — невялікі спакойны горад.
Пасля афармлення неабходных дакументаў пачалі браць такіх малых у госці на выхадныя і святы, і адчулі, што гэта наша прызначэнне. Нам давалі цьмяныя прагнозы наконт некаторых з нашых дзяцей, папярэджвалі пра няпростыя захворванні, але ўсіх мы пакрысе выхадзілі, і цяпер яны нічым не адрозніваюцца ад звычайных малечаў з сем’яў. Узялі пазыку на будаўніцтва дома, ужо дарабілі яго і пераехалі туды. Яшчэ я хачу зазначыць, што не ведаю, што такое бяссонныя ночы, бо ўсе нашы маленькія моцна спяць з дзевяці вечара да самай раніцы, нават чатырохмесячная Валерыя. Гэта падаецца неверагодным. Калі б дзеці былі праблемнымі, і мы аддавалі ўсе свае сілы, каб іх падняць на ногі, то гэта быў бы подзвіг. А так — звычайная сям’я, але з вялікай колькасцю дзяцей.
— Ці цікавяцца вашы дзеці творчасцю, мастацтвам? Раскажыце таксама пра вашы асабістыя захапленні.
— Канешне! Старэйшая дачка вучыцца граць на домры ў мясцовай школе мастацтваў. Дзесяцігадовая Алена вельмі добра танцуе, займаецца там жа. Сямігадовая Яўгенія яшчэ не вырашыла, кім хоча быць: спявачкай ці мастачкай. Шасцігадовая Вераніка таксама хоча пайсці на аддзяленне харэаграфіі. Хлопчыкі Лёша і Міша вельмі любяць маляваць на сценах (смяецца). Муж — праграміст, працуе інжынерам-сістэматэхнікам. Я ж захапляюся вязаннем. Таксама мяне як псіхолага цікавіць гісторыя крыміналістыкі, асобы правапарушальнікаў і адвакатаў. Але асноўным сваім хобі, нават абавязкам, лічу кансультаванне прыёмных бацькоў, ужо з досведам і будучых, у Інтэрнеце. У сваім дзённіку, на розных форумах, сайтах для жанчын займаюся папулярызацыяй любых форм уладкавання дзяцей-сірот.
Хачу таксама дадаць, што якім бы ні быў спосаб уладкавання дзіцяці ў сям’і, яго патрэбна любіць як сваіх малечаў. Мы вырашылі, што часткай нашага з мужам жыцця з’яўляецца абвяржэнне стэрэатыпаў. Таму заўсёды адкрыты для кантактаў, сустрэч з прэсай. Я лічу, што са з’яўленнем новага дзіцяці любові становіцца болей, і ўсе астатнія не абдзелены ёй, а, наадварот, — больш шчаслівыя.

Алена САБАЛЕЎСКАЯ