Бульба ў арт-праекцыі

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

2008 год быў адзначаны шэрагам значных падзей. Адным з сімвалічных яго знакаў стала... бульба, паколькі 2008 быў абвешчаны Генеральнай Асамблеяй ААН Міжнародным годам бульбы. Карэспандэнт “К” вырашыў узгадаць, якімі “бульбянымі” падзеямі, у тым ліку і культурнымі, адзначылі беларусы гэты год.

 /i/content/pi/cult/189/2039/Bulba1.jpg
 А.Некрашэвіч. “Едакі бульбы”.
У Мінску бульбу “запусцілі ў космас”...
Мінск зладзіў адну з самых адметных мастацка-”бульбяных” падзей — выставачны праект “Арт-бульба”.
Выстаўка, што адбылася ў галэрэі “Універсітэт культуры”, сабрала больш за 40 мастакоў, дызайнераў, фатографаў і скульптараў, маладых творцаў — усіх, каму было цікава асэнсаваць “феномен матэрыяльна-культурнага жыцця беларусаў”. Бульба — як касмічны аб’ект, як аб’ект спакушэння, аб’ект філасофскіх разваг, урэшце, — аб’ект кулінарыі…
Неардынарны падыход, добрае пачуццё гумару ўдзельнікаў праекта абумовілі незвычайны поспех выстаўкі ў гледача. Мо таму гэтую экспазіцыю назвалі “бульбяной сенсацыяй”?
У Бабруйску — “дранікавая гара”...
Бабруйчане яшчэ ў 2001 годзе аб’явілі свой горад бульбяной сталіцай і пачалі штогод ладзіць бульбяны фестываль. Менавіта на тэрыторыі былой Магілёўскай губерні 190 гадоў таму пачаліся вопыты па гатункавыпрабаванні “sаlоnum tuberosum”, падкрэсліваюць арганізатары бабруйскага фэсту, таму Бабруйск можа па праве лічыцца “знаўцам” бульбяных традыцый. За сем гадоў гісторыі фестывалю бабруйчане ладзілі бульбяныя балі, выбіралі “Каралеву бульбы”— самага лепшага бульбянога кулінара, праводзілі конкурс вырабаў з клубняў, прысвячалі знакамітай гародніне тэатралізаваныя пастаноўкі…
У сёлетнім форуме, што ладзіўся асабліва ўрачыста, прынялі ўдзел усе мясцовыя школы. І калі летась удзельнікі фэсту частаваліся спецыяльна прыгатаванай 25-метровай
 /i/content/pi/cult/189/2039/Bulba2.jpg
 С.Шыла. “Куры не клююць”.
бульбяной каўбасой, гэтыя разам да свята было зроблена 1000 дранікаў. Цэлая дранікавая гара!
А ў Іўі бульбу… дакапалі
У Іўі Гродзенскай вобласці сёлета ўпершыню прайшло ўрачыстае свята “другога хлеба” — Іўеўскія дакопкі. Вядома, што пасля таго, як бульбу выкопваюць, заключным этапам збору бульбянога ўраджаю з’яўляюцца дакопкі: бульбу дакопваюць, прыводзячы ў парадак глебу, не абмінаючы ўвагай забытыя клубні. На цэнтральнай плошчы горада быў зладжаны святочны кірмаш, на якім можна было не толькі купіць знакаміты “земляны яблык”, але і паспрабаваць прыгатаваныя з яго стравы. Не абышлося свята без канцэрта, на якім мясцовыя артысты агучылі тое, што адчувалі ўсе пад час ужывання любімага караняплода: “Бульбу пякуць, бульбу вараць, бульбу ядуць, бульбу і хваляць”.
Іўяўчанам ініцыятыва гарадскіх улад прыйшлася даспадобы, і сёння Іўеўскія дакопкі могуць увайсці ў шэраг любімых святкаванняў горада.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ