“Бліскавічныя” акцэнты браслаўскіх брэндаў

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

На пытанне, чым адметная сфера культуры Браслаўскага раёна, начальнік Упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі адказаў без ваганняў: “Святам “Браслаўскія бліскавіцы”, якое было спачатку рэгіянальным, потым — абласным, а цяпер прэтэндуе на статус міжнароднага, і унікальным музейным аб’яднаннем, дзе краязнаўства, этнаграфія і музейная педагогіка пад эгідай мясцовага аддзела культуры натуральна спалучаюцца з неблагім гасцінічным сервісам”.

За два камандзіровачныя дні мы на ўласныя вочы пераканаліся ў тым, што за рэалізацыяй любой творчай ініцыятывы ў рэгіёне стаіць карпатлівая штодзённая праца многіх раённых падраздзяленняў, а ўнёсак аддзела культуры — заўжды важкі.
А канкрэтны вопыт мясцовых культасветнікаў, як даводзіла рэжысёр апошніх “Бліскавіц” Таццяна Кука, — у нестандартных падыходах да будзённай справы. Напрыклад, цягам дзіцячых канцэртаў у СДК аграгарадка “Відзы” дзятве раздаецца марожанае (глядацкай радасці няма межаў, а кошт пачастунка ўносіцца ў кошт уваходнага квітка). Падавалася б, дробязь, але ў выніку шараговае мерапрыемства ператвараецца ў незабыўнае шоу. Ці не таму план платных паслуг па гэтым сельскім Доме культуры заўжды перавыконваецца?! Іказненская сельская бібліятэка заняла сёлета першае месца на Рэспубліканскім аглядзе-конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”. І зноў сакрэты поспеху — у неабыякавасці. Апрача традыцыйнай кнігавыдачы іказненскія культасветнікі цягам апошняга часу асаблівую ўвагу звярнулі на выхаванне дзяцей і моладзі.
Кожнае свята — прыступка ўверх
Штогадовыя “Браслаўскія бліскавіцы” — вынік намаганняў усіх без выключэння раённых арганізацый, прадпрыемстваў і выканкамаўскіх структур. Натуральна, творчы бок фестывальных мерапрыемстваў — прэрагатыва мясцовага аддзела культуры. Менавіта на “Браслаўскіх бліскавіцах”, падрыхтоўка да якіх доўжыцца ледзь не год, праходзяць апрабацыю самыя разнастайныя ініцыятывы лепшых творчых сіл Браслаўшчыны.
 /i/content/pi/cult/189/2038/Braslau1.jpg
— “Браслаўскія бліскавіцы” — адно са старэйшых святаў у нашай краіне, — патлумачыла намеснік старшыні райвыканкама Ніна ПУЧЫНСКАЯ. — Напрыканцы чэрвеня 2009-га ў гарадскім масіве “Леснічоўка” будзем ладзіць яго 42 раз. І невыпадкова заснавальнікам свята стаў у свой час першы сакратар райкама партыі Барыс Лысы, які быў упэўнены: людзі, здольныя на “ўдарную” працу, і адпачынак павінны мець адпаведны. Задумка была рэалізавана, а мерапрыемства стала самым улюбёным для жыхароў Браслава і раёна. Дый не толькі: “Браслаўскія бліскавіцы” вабяць гасцей з іншых рэгіёнаў Беларусі і замежжа... Свята штогод пашыраецца, напаўняецца новым зместам. За гэты час з’явіліся новыя калектывы. Дарэчы, на сёння 12 з іх маюць званні “народны” і “ўзорны”... Тэматыка “Бліскавіц” штогод новая: шанаванне лепшых працаўнікоў, услаўленне сем’яў раёна, дзяцінства, прапаганда здаровага ладу жыцця, як сёлета...
— У наступным, 2009 годзе, наколькі вядома, свята стане міжнародным?
— Выйшлі з хадайніцтвам да ўпраўлення культуры аблвыканкама, каб тое паспрыяла прыняццю нашай ініцыятывы ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь... Геапалітычнае становішча раёна абумовіла правядзенне менавіта міжнароднага мерапрыемства. З суседзямі Браслаўшчыны — Ігналінскім раёнам Літвы і Пскоўскім раёнам Расіі— у свой час заключылі дамовы аб культурным супрацоўніцтве. Гасцямі сёлетніх “Бліскавіц” стануць дэлегацыі з Украіны, Польшчы, Прыбалтыкі, лепшыя творчыя калектывы краіны і вобласці. Над сцэнарыем працуюць, як і заўжды, усе ўстановы культуры Браслаўшчыны... А сённяшні рэжысёр, супрацоўнік РДК Таццяна Кука доўжыць добрыя традыцыі, закладзеныя Мікалаем Пашынскім, які быў першым рэжысёрам нашага свята...
— Як яно паўплывала, Ніна Антонаўна, на дзейнасць аддзела культуры? Ці сталі “Бліскавіцы” іспытам прафесійнай годнасці і самадзейных артыстаў, і работнікаў устаноў культуры?
— Безумоўна, сталі. Выраслі і выканальніцкае майстэрства, і прафесійныя падыходы да культасветы. Кожнае свята — чарговая прыступка да творчага ўдасканалення. Штогод выяўляем новыя таленты, бо кожная ўстанова культуры ў час падрыхтоўкі да “Бліскавіц” ладзіць свой агляд-конкурс у адпаведнасці з вызначанай тэматыкай свята. Так што “Браслаўскія бліскавіцы” — цудоўная творчая майстэрня, дзе напрацоўваецца унікальны вопыт масавых мерапрыемстваў. Маю на ўвазе не толькі ўдасканаленне самадзейнага мастацтва, але і работу Браслаўскага музейнага аб’яднання, бібліятэчнай сістэмы, якія таксама працуюць і на брэндавае свята, і на развіццё традыцыйнай культуры Паазер’я, арганізацыю паўнацэннага адпачынку і гасцей раёна, і яго жыхароў. “Браслаўскія бліскавіцы” — своеасаблівы каталізатар усіх культпрацэсаў нашага краю. Усё ж такі ў час свята насельніцтва Браслава павялічваецца за кошт гасцей ледзь не ўдвая і складае амаль 20 тысяч чалавек. І, пагадзіцеся, нашы культасветнікі жадаюць выглядаць у іхніх вачах прафесіяналамі вышэйшага кшталту. Менавіта такімі, трэба сказаць,у большасці сваёй і з’яўляюцца.

 /i/content/pi/cult/189/2038/Braslau6.jpg
 Браслаў прыазёрны і пераднавагодні.
Дый выканкам гэтае жаданне ўсяляк падтрымлівае. Да слова, сёлета на ўтрыманне ўстаноў культуры выдаткавана больш за 3 мільярды рублёў бюджэтных асігнаванняў, на бягучы рамонт выкарыстана больш за 188 мільёнаў, на набыццё музычных інструментаў, апаратуры і абсталявання — больш за 200 мільёнаў, сцэнічных касцюмаў — 28,6, кніг — 36,3 мільёна рублёў.
— А што цікавага з форм работы можа прапанаваць вёска?
— Пры Опсаўскім культурна-дасугавым цэнтры дзейнічае, напрыклад, паэтычнае аб’яднанне “Ветразь надзеі”. Яго сябрам, дарэчы, з’яўляецца і галоўны спецыяліст аддзела культуры Святлана Цыўнэль — яна і культасветнік дасведчаны, і літаратар. Піша вершы і пенсіянер Дзмітрый Волчак — муж кіраўніка аматарскага аб’яднання “Спадчына” Святланы Волчак з вёскі Слабодка... “Ветразь надзеі” нават свае паэтычныя зборнікі выпускае.
А кіруе гэтай творчай суполкай Тэрэса Крумплеўская, работнік Опсаўскага СДК, — таксама адметная асоба, якая здолела надаць “Ветразю надзеі” статус досыць уплывовай патрыятычнай арганізацыі. І гэта таксама наш брэнд... Работнікі Відзаўскага ГДК Ганна і Аляксандр Павінічы працуюць у кантакце і са школай, і з мясцовай сельскай гаспадаркай, самі з уласнымі дзецьмі ў самадзейнай творчасці заняты, і рознаўзроставыя групы вясковага насельніцтва да самарэалізацыі актыўна падштурхоўваюць. Узорная студыя эстраднай песні “Фартуна” названага ГДК на Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці “Залатая пчолка” была ўзнагароджана сёлета лаўрэацкім дыпломам, а на рэгіянальным адборачным туры “Песня для “Еўрабачання” адзначана прызам журы...
Словам, усе ініцыятывы нашых культасветнікаў падтрымлівалі і будзем падтрымліваць. Вось кіраўнік Браслаўскага музейнага аб’яднання Галіна Падалян прапанавала стварыць у райцэнтры музей прыроды і экалогіі. Ідэя больш чым слушная. Значная частка раёна ўваходзіць у Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”, мы маем унікальныя флору і фауну, так што рэалізацыя ініцыятывы — справа бліжэйшых гадоў.
Мара пасівелага мукамола
Галіна Падалян — неўтаймоўны генератар ідэй. Больш за тое — актыўны іх рэалізатар. Для журналістастасункі з такім творцам-реrpetum mobile — асалода неймаверная. Вось толькі асобныя штрыхі да партрэта няўрымслівай музейшчыцы. У 1982 годзе яна ўзначальвае толькі што заснаваны гісторыка-краязнаўчы музей. З таго часу колькасць экспанатаў тут павялічылася з 4,5 да 22 тысяч адзінак захоўвання. Праз пэўны час Галіна Станіславаўна прапаноўвае ператварыць напаўразбураны будынак колішняга паравога млына, што месціцца ля галоўнага гарадскога возера Дрывяты, у Музей традыцыйнай культуры. У 1997 годзе ён пачынае дзейнічаць. Структура музея — незвычайная. У трохпавярховым будынку размяшчаюцца Дом рамёстваў, народны Клуб народных майстроў і самадзейных мастакоў “Ля возера”, музей традыцыйнай культуры, а з 2002 года да колішняга млына прыбудоўваецца гасцініца “Заезны двор” — зноў-такі яе ініцыятыва, ухваленая і падтрыманая мясцовым кіраўніцвам. Бадай, упершыню ў рэспубліцы гасцінічны бізнес у краі, райскім для турыстаў, бярэ ў свае рукі аддзел культуры... Мара сівога мукамола, які спрадвек прагнуў, каб на млыне ля шыкоўнага возера і пляжа было спрадвек завозна, здзейснілася праз стагоддзі. Да слова, гэты таямнічы млынар, па словах супрацоўнікаў музея і паводле мясцовых легенд, раз-пораз уночы рыпіць масніцамі колішняй уласнай гаспадаркі, частуецца печывам, ветліва падкладзеным спадкаемцамі. А ў прыемную прахалоду Дома рамёстваў запаўзаюць улетку вужы — балцкі сімвал уладарнасці ды творчасці...
Дык вось, у Браслаўскае музейнае аб’яднанне, створанае ў 1996-ым, увайшлі экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея і музея традыцыйнай культуры. Узначаліла яго, натуральна, Падалян, захоўваючы пры гэтым пасаду кіраўніка гісторыка-краязнаўчага музея.
Эканамічны вынік пад адной шапкай
Гісторыка-краязнаўчы музей — асяродак музейнай педагогікі. Аб’яднанне мае статус навукова-даследчай установы, а таму, апрача экскурсій, тут ладзяцца краязнаўчыя і архіўныя даследаванні, падтрымліваюцца стасункі з навуковымі цэнтрамі Беларусі і замежжа. Выдаецца гістарычны зборнік “Браслаўскія сшыткі”, іншыя выданні краязнаўчай тэматыкі.
 /i/content/pi/cult/189/2038/Braslau4.jpg
 Музей традыцыйнай культуры.
Краязнаўчае таварыства ладзіць навуковыя канферэнцыі “Браслаўскія чытанні”. Навуковая бібліятэка музея мае 6 тысяч выданняў...
Музей традыцыйнай культуры ў старым млыне мае пастаянную экспазіцыю “Гісторыя традыцыйных рамёстваў”, дзве выставачныя залы, дзе на сёння прадстаўлены работы майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Мінска Алены Шалінай — выцінанка і роспіс па шкле — і жывапіс мастака з Віцебска Уладзіміра Шапо пад назвай “Казкі старога Браслава”. Экспазіцыі ў выставачных залах мяняюцца раз на 2 — 3 месяцы. Музей — інтэрактыўны.
Тут таксама ладзяцца ўрокі музейнай педагогікі. Школьнікі маюць магчымасць памацаць рукамі і прылады рамесніцкай працы, і самі творы, вырабленыя з саломкі, дрэва, лучыны, воўны. Заняткі музейшчыкі вядуць па аўтарскіх праграмах. Апошні ўрок называўся “Як да нас прыйшоў хлеб”. Дзеці ў старым млыне складалі ўласныя гісторыі-казкі, карыстаючыся і ступай, і жорнамі. І што цікава — дарослыя навучалі малодшых.
Словам, выставачныя залы, дзе праходзяць заняткі, ніколі не пустуюць... Як паведамляе загадчыца музея Эла Зінкевіч, інтэрактыўнасці ўстановы спрыяе і тое, што экскурсанты могуць паназіраць, як працуюць народныя майстры і іх вучні. Дарэчы, па словах кіраўніка Клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Ля возера” Наталлі Парахневіч, пад дахам музейнага Дома рамёстваў збіраецца каля паўсотні знаных рамеснікаў раёна. У шасці гуртках займаюцца 53 іхнія выхаванцы, 18 з іх — дарослыя (для іх навучанне — платнае).
Калі казаць пра эканамічны складнік работы аб’яднання, дык варта спачатку прыгадаць паслугі, якія яно прапаноўвае спажыўцу. Гэта аглядныя і тэматычныя экскурсіі па экспазіцыях, што месцяцца на 285 квадратных метрах двух музеяў, а таксама шпацыры па гарадзішчы Замкавай гары і райцэнтры.
Гэта лекцыі па гісторыі культуры Браслаўшчыны. А яшчэ — згаданыя гурткі па ганчарстве, ткацтве, саломкапляценні, лозапляценні, разьбе, рукадзеллі. Ды плюс музейна-педагагічныя заняткі для вучняў. Платнымі з’яўляюцца гістарычныя даведкі і кансультацыі па мінуўшчыне Браслаўскага раёна, карыстанне навуковай бібліятэкай, выязныя выстаўкі з удзелам народных майстроў.
Дарэчы, адна з тэм абласнога свята “Браслаўскія бліскавіцы” была цалкам прысвечана мясцоваму традыцыйнаму мастацтву. Натуральна, Браслаўскае музейнае аб’яднанне тады на поўны голас і яшчэ раз даказала права на ўласнае і агульнакарыснае існаванне...
Карацей, Гісторыка-краязнаўчы музей у сярэднім за год зарабляе 6 мільёнаў рублёў, Музей традыцыйнай культуры, дзе неўзабаве да ўсіх структур дадалася і крамка па рэалізацыі твораў народных майстроў, — 8 мільёнаў рублёў. А калі ўлічыць, што аддзелаўская гасцініца “Заезны двор” за год дае чыстага прыбытку ледзь не ў 10 мільёнаў рублёў, дык становіцца красамоўным той факт, што аб’яднанне — не толькі творчае, але і эканамічна самадастатковае ўтварэнне.
Не маглі не пагаварыць з бухгалтарам мясцовага музейнага аб’яднання Алай Высоцкай.
Жадаючых засяліцца ў “Заезны двор” заўжды процьма. Дванаццаць нумароў — на любы кашалёк. Кошт — ад 18 да 57 тысяч. Як паведамляе Ала Раманаўна, на сёння гасцініца ўжо зарабіла 66,5 мільёна рублёў, а чысты прыбытак склаў 9 мільёнаў. Дырэктар гасцініцы Марыя Варанецкая завознасцю на старым млыне не нарадуецца: маўляў, і выгодна, і прэстыжна. Хто ж запярэчыць!
Пра Дзеда Мароза і “рэпартажны” стыль працы
Начальнік аддзела культуры Галіна Караткова на сваёй пасадзе — лічаныя месяцы. Ды справу ведае не з чужых слоў — райвыканкамаўскі работнік са стажам. Але да слоў галоўнага спецыяліста аддзела культуры Святланы Цыўнэль прыслухоўваецца заўжды, бо тая не толькі ў вершаскладанні майстрыха ад Бога: менавіта Святлана Мікалаеўна зрабіла нам уводзіны ў метадалогію, тактыку і стратэгію мясцовай культасветы. Дык вось, паводле Цыўнэль, работнік — не работнік, калі не валодае артыстычным майстэрствам, культурай мовы, арганізацыяй методыкі, псіхалогіяй рознаўзроставай аўдыторыі, глыбокім веданнем форм клубнай і бібліятэчнай работы. А вось да
 /i/content/pi/cult/189/2038/Braslau2.jpg
 Дзед Мароз і Санта Клаус ля ёлкі.
словазлучэння “менеджэр культурнай сферы” ставіцца Святлана Мікалаеўна з немалой доляй скепсісу. Маўляў, выпускнікам з такой спецыяльнасцю, як паказвае практыка, не надта проста ў працы: хоць і дасведчаныя, быццам, ды ініцыятыўныя, але што рабіць — часцяком і не ведаюць. Таму на першым месцы ў Цыўнэль — методыка, формы работы, бездакорнасць сцэнарыяў, самаахвярная барацьба за душу кожнага спажыўца культуры. Хоць і пафасна гучыць, але стратэгію і тактыку работы культасветнікаў перадае максімальна поўна.
Сярод новых форм клубнай работы мясцовага РДК — прэзентацыі, шоу, альманахі, трэнінгі, мюзіклы, злёты, майстар-класы, рэпартажы, кансультацыі, рэйды міласэрнасці, цырымоніі, бенефісы... Дарэчы, пра дырэктара РДК Валянціну Кезік, узнагароджаную да сёлетняга Дня работнікаў культуры нагрудным знакам “За ўклад у развіццё культуры
 /i/content/pi/cult/189/2038/Braslau3.jpg
 Узорны харэаграфічны ансамбль “Такт”.
Беларусі”, і пра харэаграфічны ансамбль “Такт”, што стаў нядаўна ўзорным, наша газета пісала ўжо. Валянціна Іванаўна, гаспадыня шчырая і ветлівая, знаёміць нас і з крэатыўнай рэжысёркай “Браслаўскіх бліскавіц” Таццянай Кука і кіраўніком народнага тэатра мініяцюр Яўгенам Набеевым. Апошні — таксама рэжысёр адмысловы: разам з харэографамі падрыхтаваў да навагодніх святаў мюзікл пра прыгоды Дзеда Мароза і Санта Клауса. Сюжэтныя калізіі пастаноўкі перадаваць бессэнсоўна — гэтую яркую феерыю трэба бачыць!
Залішне казаць, што Раённы дом культуры даведзены план па аказанні платных паслуг выконвае своечасова. Пры такой наяўнасці нестандартных форм клубнай работы — справа цалкам чаканая і заканамерная. Хто, да прыкладу, з наведвальнікаў РДК адмовіцца стаць саўдзельнікам рэпартажу “пра родную Браслаўшчыну”, аздобленага і ёмістай інфармацыяй, і арыгінальным канцэртным суправаджэннем, і “інтэрв’ю” з адметнымі асобамі азёрнага краю?!
Слабодка — крыніца фальклору
Як сцвярджае начальнік аддзела культуры Браслаўскага райвыканкама Галіна Караткова, у рэгіёне цягам года ладзяцца больш за тры тысячы мерапрыемстваў, пры клубах і бібліятэках дзейнічаюць амаль дзве сотні гурткоў і аб’яднанняў.
“Маштабнасць і доўгажывучасць “Браслаўскіх бліскавіц” — своеасаблівай лабараторыі па ўдасканаленні самадзейнага мастацтва — і пошук арыгінальных форм работы Браслаўскага музейнага аб’яднання не маглі не падштурхнуць і развіццё клубных ды бібліятэчных устаноў на сяле. Пацвярджэнне высновы намесніка старшыні райвыканкама Ніны Пучынскай пра тое, што прыклад культуры райцэнтра заўжды падхоплівае культура вёскі, мы без цяжкасцей знайшлі ў Слабодцы.
Летась вёска набыла статус аграгарадка. Мясцовы СДК небеспадстаўна пераўтварыўся ў Слабодкаўскі этнаграфічны цэнтр. А падставы вось якія: паселішча, апавітае возерам Поцех, спеліцца не толькі талентамі (узгадаем хаця б паэта і спевака Дзмітрыя Волчака ці таленавітага саломкапляцельшчыка, таксама вершаскладальніка, Міхаіла Чэркаса), але і выключнымі па прыгажосці мясцовымі песнямі. Так Дом культуры пераўтварыўся ў Цэнтр этнаграфіі.
 /i/content/pi/cult/189/2038/Braslau5.jpg
 Вакальны гурт Слабодкаўскага СДК.

Як распавядае дырэктар Слабодкаўскага этнаграфічнага цэнтра Вольга Садоўская, на беларускім фальклоры будуюць сваю дзейнасць не толькі мясцовыя вакальныя гурты (жаночы — “Надзея” і мужчынскі — “Чарадзеі”), але і аматарскае таварыства “Спадчына” і аднайменны фальклорны ансамбль, дзе кіраўніком — Святлана Волчак. Даследуюцца і рэканструююцца абрады. Навуковай пошукавай дзейнасцю заняты і дзіцячы краязнаўчы гурток-спадарожнік “Сонейка” (8 навучэнцаў 4— 6 класаў мясцовай сярэдняй школы). У этнаграфічным кірунку працуюць танцавальныя гурткі, вакальны ансамбль “Вясёлка”, драмтэатр, якім кіруе малады спецыяліст Вольга Цімановіч... Хоць новы статус колішні СДК займеў адносна нядаўна, але да новага рэчышча працы прызвычаіўся. Безумоўна, не ўсё пакуль гладка ідзе. Метадыст этнаграфічнага цэнтра Ала Волчак распавядае, што для большай паспяховасці даследчай экспедыцыйнай дзейнасці мараць пра сучасныя фотаапарат з дыктафонам, а памяшканне музейчыка не хацелася б сумяшчаць з касцюмернай, ды і летняя эстрада для абрадавых дзей ды канцэртаў прыйдзецца дарэчы.

Яўген РАГІН,
Андрэй СПРЫНЧАН (фота),
нашы спецыяльныя карэспандэнты
Мінск — Браслаўскі раён — Мінск