“Я слаўлю тых, хто след для нас пакінуў…”

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

Няшмат мастакоў у 1950-я гады імкнуліся адрадзіць на Беларусі цікавасць да культуры і мастацтва экслібрыса. Сярод іх, нямногіх, — цудоўны графік і бліскучы жывапісец Мікалай Лукіч Тарасікаў, чыё стагоддзе адзначаецца сёлета.

 Аднойчы вядомы наш паэт Анатоль Астрэйка напісаў цудоўны верш пра беларускіх мастакоў:
Бывае, смутак душу агартае…
Тады ў музей мастацкі я іду,
І смутак мой, нібы туман, знікае —
З жыццёвай праўдай гутарку вяду.
Сустрэчы рады з кожнаю карцінай,
Перад табой нямею, прыгажосць.
Я слаўлю тых, хто след для нас пакінуў
Пра родны край, пра нашу маладосць.
Гэтыя словы адносяцца і да Мікалая Лукіча Тарасікава, сябра Анатоля Астрэйкі, таленавітага жывапісца, графіка, майстра экслібрыса, 100 гадоў з дня нараджэння якога споўнілася сёлета. Яго і зараз з цеплынёй ды сардэчнасцю прыгадваюць усе, хто ведаў мастака як асобу ні на кога не падобную.
 /i/content/pi/cult/189/2037/Eks.jpg

М.Тарасікаў. “Аўтапартрэт”.

Выхаванец Віцебскага мастацкага тэхнікума і Адэскага мастацкага інстытута, ён увайшоў у беларускую творчую прастору як сапраўдны наватар вобразнай пластычнай формы, як бліскучы, шчодра адораны партрэтыст (дарэчы, аўтар выдатнага партрэта акадэміка М.М. Нікольскага), як тонкі пранікнёны лірык-пейзажыст. А якія цудоўныя былі ў яго нацюрморты!
Калі Надзя Лежэ пабачыла пасмяротную выстаўку Тарасікава ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР, яна сказала: “Адразу відаць, як гэты чалавек пакутаваў, як ён шукаў сябе…”. У гэтых словах была закладзена галоўная рыса натуры творцы: вечны неспакой, заўсёдныя пошукі, якія часам маглі давесці яго да знясілення. Але гэтыя пошукі мелі адну мэту: знайсці нацыянальную рысу мастацкага вобраза, сутнасць народнай творчасці і старажытнай культуры.
Яго сучаснікі прыгадваюць, як Тарасікаў наладжваў выстаўкі прадметаў народнага мастацтва — ткацтва, побытавых рэчаў, разьбы па дрэве, як выязджаў у самыя аддаленыя куточкі краіны, каб знайсці там спадчыну мясцовых умельцаў. Яго артыкулы на гэтую тэму і сёння ўспрымаюцца вельмі актуальна і злабадзённа.
Акрамя таго, ён выдатна валодаў рознымі матэрыяламі: алеем, тэмперай, акварэллю, пастэллю, алоўкам, вугалем. І ў любым з іх дасягаў выдатнай выразнасці, пераканаўчасці.
А яшчэ ён быў таленавітым экслібрыстам, які стаяў у адным шэрагу з такімі майстрамі кніжнага знака, як “аксакалы” Я.Красоўскі, А.Тычына, П.Гуткоўскі, Я.Мінін, С.Юдовін, А.Грубэ, Г.Змудзінскі…
Самае цікавае, што Мікалай Лукіч рабіў экслібрысы толькі для тых людзей, каго добра ведаў, любіў і цаніў, — у асноўным гэта былі беларускія літаратары і мастакі.
А якім жа Мікалай Тарасікаў быў чалавекам?
З пісьма франтавіка Мікалая Тарасікава свайму сябру Андрэю Бембелю (ад 9 чэрвеня 1945 года): “Душэўна крануты тваім віншаваннем! Перамога — гэта творчасць. А
 /i/content/pi/cult/189/2037/Eks1.jpg
мастаку — гэта жыццё... Знудзіўся я па жывапісе, малюнку, кампазіцыі, і зварот ва ўлонне мастацтва — вялікая радасць... Ці хутка? Віншую цябе, вястун міру, разьбяр аптымізму... Радуюся і трымаюся для буйнога жывапісу, для Беларусі. Гэтыя чорныя, вогненна-крывавыя, смяротныя гады ўсё забілі, але мастак жывы. Ён, як забруджаная рака, прарвецца, буйна, палка, прыгожа, з тэмпераментам мастака-творцы, выльецца ў мастацтве жывапісу...”
Сяргей Каткоў успамінаў: “Мікалай Лукіч ішоў нялёгкай дарогай. Шмат каму гэты мастак здаваўся маўчуном, замкнутым чалавекам, або проста арыгіналам. Але калі ён на якім-небудзь сходзе ці абмеркаванні выстаўкі выходзіў на трыбуну, адразу станавіўся гаваркім, ваяваў з руцінай, пошласцю ў мастацтве, быў Дон-Кіхотам у вялікім значэнні гэтага слова. Можа, таму на яго і сыпаліся, як з меха, усялякія няўдачы і напасці, якія не раз перашкаджалі творчай працы мастака. Помніцца, аднойчы мастак Аляксандр Герасімаў (тагачасны прэзідэнт Акадэміі мастацтваў СССР. — Б.К.) заўважыў, што і ў беларускім жывапісе ёсць свае фармалісты, маючы на ўвазе творчасць Тарасікава. Мікалай Лукіч трохі збянтэжыўся, але не палічыў патрэбным адказваць на гэтую заўвагу, бо ніколі не быў фармалістам...”
Прыгадаю, што ў той час — у 1950-я гады і пазней — у пачатку 1960-х — у “фармалісты” былі залічаны Ван Гог, Сезан, Маціс, імпрэсіяністы, Пікаса, Фальк, Шагал, пападала за “левізну” нашым Яўгену Красоўскаму, Леаніду Шчамялёву, Альгерду Малішэўскаму, Міхаілу Савіцкаму і, канешне, М.Тарасікаву.
Прайшло 43 гады, як няма з намі Мікалая Лукіча. Пайшлі з жыцця ўсе яго равеснікі — сябры і аднадумцы. Але засталіся яго жывапісныя і графічныя творы, засталіся і яго экслібрысы. Выявы некаторых з іх мы сёння прапануем чытачам “К”.

Б.К.

 

 Экслібрыс і аўтапартрэт
Пасля ягонай заўчаснай смерці ў 1965 годзе сярод папак яго прыватнага архіва знайшлося мноства эскізаў-праектаў кніжных знакаў для сяброў-пісьменнікаў і дзеячаў культуры. Баранавіцкі клуб бібліяфілаў зрабіў падборку з 10 завершаных твораў, і ў 1970 годзе яна выйшла ў свет. Невялікі тыраж (150 нумараваных экземпляраў) хутка разляцеўся па калекцыянерах СССР.
 /i/content/pi/cult/189/2037/Eks2.jpg
Асоба мастака прыцягвала да сябе не толькі смелымі і дзёрзкімі пошукамі ў колеры і форме — няўтольная прага да жыцця рабіла яго постаць прыцягальнай для гледачоў на выстаўках і для сяброў-паплечнікаў. Ягоныя работы пачалі збіраць як калекцыянеры, так і мастакі, — ведаю многіх, хто мае ў асабістых зборах эцюды Тарасікава. Нездарма ў 1977 годзе быў выдадзены альбом “Мікола Тарасікаў. Успаміны аб жыцці і творчасці мастака” (складальнік — вядомы жывапісец Яўген Красоўскі). У гісторыі беларускага мастацтва гэтае выданне, бадай, першая спроба аддаць даніну павагі таленту чалавека, які пры жыцці не меў ні адзнак, ні ганаровых званняў, і яркаму мастацтву творчай асобы.
Мяне пазнаёміў з Тарасікавым яго самы блізкі сябра Яўген Красоўскі напрыканцы зямнога шляху мастака, а праз некаторы час падарыў мне на памяць аўтапартрэт Мікалая Лукіча.


Валерый ПАЛІКАРПАЎ
Баранавічы