Дом Пятра Алейнікава

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

Сыходзіць 2008 год — год, калі расійскае кіно адзначала сваё 100-годдзе. Наўздагон можна згадаць і тое мінулае, што сышло ад нас, падзеі, якія паступова пакрываюцца высакароднай пацінай гадоў. Узгадаць асоб, што аднолькава адносяцца як да расійскага, так і да беларускага кінематографа. Слава знакамітага савецкага кінаакцёра Пятра Алейнікава — незгасальная. Адсмяяліся, адшумелі два пакаленні, для якіх ён быў кумірам, але варта старой стужцы толькі з’явіцца на тэлевізійным экране, як вобразы, створаныя Пятром Мартынавічам, зноў адраджаюцца з небыцця. Ён прыйшоў у вялікае кіно з глухой вёсачкі Крывель, што на Шклоўшчыне. Тут ён нарадзіўся.

“Культура” шмат пісала пра знакамітага нашага земляка. Але расказ кінарэжысёра Юрыя Цвяткова — гэта згадкі праз беларускі кантэкст, аповед чалавека, які блізка сябраваў з сям’ёй Алейнікава, асабліва з Арынай Пятроўнай... 

Ва ВГИК — басанож
Прынята казаць, што тая ці іншая знакамітасць такі з дзяцінства марыла стаць акцёрам. Але гэты хлапчук з вельмі беднай беларускай вясковай сям’і ўскокваў на куфар, чытаў вершы і сапраўды з малых гадоў пераконваў родных у гэтым. Тыя пакуль паблажліва пасміхаліся.
 /i/content/pi/cult/189/2031/Alejnikau1.jpg
Дзіцячае імкненне пацвердзіцца: ён сыграе
ў кіно больш за 30 галоўных роляў. Перад гэтым пройдзе школу беспрытульніцтва і працоўную камуну ў Магілёве, але ўсё ж паступіць у Ленінградскі інстытут сцэнічных мастацтваў, хаця з тысячы абітурыентаў неабходна было набраць толькі сорак. Сяргей Апалінар’евіч Герасімаў, рэжысёр і будучы буйнейшы кінапедагог, чыё імя будзе насіць ВГИК, адбярэ на свой курс менавіта гэтага абадранага хлапчыну. На заняткі Пётр прыходзіць у чырвонай футболцы, штанах і… басанож. Іншай вопраткі — няма. Студэнтам ён крыху падпрацоўвае ў кіно, здымаючыся ў невялікіх ролях: у стужках “Сустрэчны”, “Я люблю”.
Пётр Алейнікаў, які хоць і развітаўся з Беларуссю, але з землякамі імкнуўся пасябраваць. Тым больш, што Белдзяржкіно ў той час размяшчалася ў Ленінградзе, на канале Грыбаедава, і беларусы ў паўночнай сталіцы былі госці частыя.
Як трапіць на Парнас?
Аб перыпетыях жыцця гэтага чалавека мне распавядала цудоўная беларуская актрыса і рэжысёр Любоў Мазалеўская, якая працавала тады ў Ленінградзе. Мы пазнаёміліся ў 1962 годзе на здымках кінанавелы “Мост” — дыпломнай работы Ігара Дабралюбава і маёй аператарскай курсавой. Любоў Іванаўна была ўжо ў гадах, яна выканала невялікую ролю ў стужцы. Да часу іх сустрэчы Мазалеўская была вядомым педагогам, актрысай. Потым яна стане стваральнікам і першым галоўным рэжысёрам Тэатра юнага гледача ў Мінску. А яшчэ Любоў Мазалеўская — заўзяты кіношнік: некалі ў 1930-ыя гады працавала на беларускай студыі, якая тады называлася “Савецкая Беларусь”. Ды і ейныя ролі ў кіно былі фактычна галоўныя: у “11 ліпеня”, пастаўленым заснавальнікам беларускага кіно Юрыем Тарычам, “Жанчыне” Яфіма Дзігана, “Залатых агнях” Уладзіміра Корш-Сабліна.Мазалеўская выступала з Алейнікавым на канцэртах, здымалася ў фільмах і марыла разам з мужам — рэжысёрам і акцёрам Паўлам Малчанавым зафіксавацьна кінаплёнцы “Тараса на Парнасе” ў выкананні Алейнікава. Ды і сам знакаміты артыст да такой ступені, падавалася, трызніў гэтай ананімнай беларускай сатырычнай паэмай ХІХ стагоддзя, што свайго сына назваў Тарасам. І адным з партнёраў у пастаноўцы меркаваўся якраз Павел Малчанаў — фігура каларытная, яркая і аўтарытэтная: Павел Сцяпанавіч адным з першых беларускіх майстроў сцэны стаў народным артыстам СССР. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, ён па-майстэрску валодаў мастацтвам пераўвасаблення і выконваў ролі ад Бобчынскага да Гамлета. У кіно таксама не быў чужынцам: мала таго, што сам здымаўся, напрыклад, у фільме “Баям насустрач” Эдуарда Аршанскага, дык у якасці рэжысёра ў 1934-ым годзе паставіў карціну “Палескія рабінзоны” паводле Янкі Маўра. Любоў Іванаўна, жонка Паўла Малчанава, распавядала пра тыя казачныя часіны, калі гэтыя трое ў складзе Ленінградскай канцэртнай брыгады раз’язджалі па краіне. А ў антрактах Алейнікаў чытаў:
Народ то быў усё не такоўскі:
Сам Пушкін, Лермантаў, Жукоўскі
І Гогаль шпарка каля нас
Прайшлі, як павы, на Парнас.
Мазалеўская расказвала пра Алейнікава з душэўным трапятаннем перад яго талентам.
Галоўныя ролі “прыдатнага для масовак”
Пятра ўвесь час цягнула да землякоў. Яшчэ ў студэнцкія гады ён шукае сярод беларусаў сяброў, тым больш, што кіношнікі знаходзяцца тут жа, у Ленінградзе. Ён прыходзіць у “Белдзяржкіно” на канале Грыбаедава. І будзе прыходзіць яшчэ неаднаразова, пакуль не атрымае адмову.
Яму патлумачылі: маўляў, выбраў ён не той шлях, а твар ягоны — нефотагенічны. У акцёрскай жа “корачцы” запісалі: “Прыдатны толькі для масовак”. Так беларускі акцёр перастаў быць беларускім. А расійскія студыі ўзбагаціліся акцёрам рэдкага кінематаграфічнага таленту.
Назаўсёды запомніліся яго вясёлыя і жыццярадасныя героі: кухаронак у “Сямёра смелых”, Пецька ў “Камсамольску”, Саўка з “Трактарыстаў”, што хаваўся за напускной бравадай.
Толькі аднойчы Пётр Мартынавіч зняўся ў беларускай кінастужцы, але калі! Гэта быў самы цяжкі для Беларусі час — 1942 год, калі студыя знаходзілася ў эвакуацыі ў Ташкенце. У кіназборніку “Беларускія навелы”, пастаўленым нашымі буйнейшымірэжысёрамі Юрыем Тарычам і Уладзімірам Корш-Сабліным, у стужцы “На покліч маці” Алейнікаў стварыў мужны вобраз беларуса з Полацка, кулямётчыка-танкіста Фаталінскага. Ратуючы адступаючых таварышаў, герой падбівае фашысцкі танк і гіне сам. Усю сваю шчырую душу ўклаў артыст у гэты мужны вобраз свайго земляка. Нібыта і не быў ніколі адрынуты кінастудыяй.
Назвы фільмаў, у якіх ён браў удзел, гавораць самі за сябе: “За Савецкую Радзіму”, “У імя Радзімы”, “Яна абараняе Радзіму”. Гэта не выпадковае супадзенне — Алейнікаў быў сапраўдным патрыётам. Не меншымі патрыётамі аказаліся і яго землякі, нашы сучаснікі, вырашыўшы стварыць прысвечаны артысту музей. Пра беларусаў заўсёды кажуць, што яны, маўляў, хоць і “памяркоўныя”, але ж адначасова “ўпартыя”. Гэта так. Таму што ні эканамічныя праблемы, ні складанасці рэстаўрацыі, ні першапачатковая адсутнасць экспанатаў не спынілі “ўпартых” крывяльчан: летам 1998 года адчыніліся дзверы амаль самадзейнага музея, прысвечанага вялікаму артысту, у яго роднай вёсачцы Крывель Шклоўскага раёна.
Стары-новы дом, які стаў музеем
Ля вытокаў нараджэння ўстановы стаялі дзве жанчыны: стараста вёскі, дэпутат Тамара Давідовіч і яе дачка, выпускніца культасветвучылішча, Таццяна Ісакава — цяперашні дырэктар музея. А яшчэ — Галіна Валозіна, начальнік аддзела культуры Шклоўскага райвыканкама, чалавек багатай фантазіі і выключных арганізатарскіх здольнасцей.
Асаблівай увагі заслугоўвае біяграфія Тамары Давідовіч. Выхаваная на гераічных характарах, тых, што падобны да створаных у кіно Алейнікавым, яна ў нечым нагадвае ўласцівасці ўвасобленых ім вобразаў. Некалі, скончыўшы Вышэйшую партыйную школу, Тамара Антонаўна прайшла камсамол і працу на партыйных пасадах, а пасля вярнулася да работы ў саўгасе. Жанчына паставіла на ногі дзвюх дачок, стала брыгадзірам, атрымаўшы “вырочны” анкалагічны дыягназ, знайшла сілы вылечыцца. Яе выбралі старастай, дэпутатам. Такая не тое што “каня на хаду спыніць”, але і стварэнне кінематаграфічнага музея выцягне.
 /i/content/pi/cult/189/2031/Alejnikau2.jpg

 Дом-музей Пятра Алейнікава
ў вёсцы Крывель


Адным словам, дырэкцыя саўгаса на старым падмурку замест падгнілай хаты пабудавала новы дом. У дакладнасці такі, якім ён быў. Плюс усе гаспадарчыя пабудовы. Таццяна Ісакава з палкім энтузіязмам уключылася ў збор музейных матэрыялаў. Былі падняты сотні кніг, зроблены тысячы фотаздымкаў. Вяскоўцы прынеслі сялянскія рэчы пачатку ХХ стагоддзя. Запрасілі з Масквы сына артыста, пенсіянера, былога кінааператара “Цэнтрнаучфильма” Тараса Пятровіча Алейнікава. Ён прывёз шмат арыгінальных дакументаў, рэдкія побытавыя фотаздымкі, тое-сёе з асабістых рэчаў бацькі. Так была створана вельмі цікавая і шматаблічная экспазіцыя.
Ад Міністэрства культуры мы прывезлі ў музей цэлы стос кіналітаратуры. У тым ліку выданне “Усе беларускія фільмы”, дзе ёсць інфармацыя аб беларускай кінакарціне, у якой здымаўся Пётр Алейнікаў. Перадалі падарунак ад ленінградскіх кінематаграфістаў — бюст заснавальніка горада Пятра Першага. Акрамя таго, “ленфільмаўцы” (там Пётр Алейнікаў зняўся ў дзесяці карцінах) даслалі відэакопіі стужак.
 /i/content/pi/cult/189/2031/Alejnikau3.jpg
Для паўнаты карціны варта дадаць, што
Крывель — вёска нават не сярэдняя: тут ажно 153 жыхары. Але не мае не толькі вясковага клуба, бібліятэкі, а і пачатковай школы. Так што музей — асноўны і адзіны цэнтр культуры на вёсцы. Тут і збіраюцца з усялякай нагоды мясцовыя жыхары: ужо невялічкую бібліятэку абсталявалі. Ва ўстанове паказваюць і фільмы на відэаносьбітах. Па месцы знаходжання музей лічыцца вясковым. А шкада: па сваёй насычанасці, арганізацыі, уменні прыцягваць людзей яму не тое што раённым ці абласным — рэспубліканскім не сорамна называцца!
Тамара Антонаўна па-ранейшаму апякуе любімы музей. Нягледзячы на свой даўно ўжо пенсійны ўзрост, ганяе па вёсцы ад дома да музея і назад на матацыкле з каляскай. Альбо імчыць у раённы Шклоў за новымі набыткамі для музея ды за прысмакамі для ўнукаў. Толькі рокерскі трэск стаіць на досвітку! Першы матацыкл падарыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Цяпер яна ездзіць на трэцім. А гады… Гады — не бяды!
Аддзел культуры райвыканкама і фінансуе, і ў агульнай вупражы з ініцыятыўнымі вяскоўцамі вядзе гэты музей…
Пагаварыць, правесці дадому...
Шасцідзесятыя… У апошнія гады жыцця Алейнікаў часта бываў у старым Доме кіно на вуліцы Вароўскага, я часта яго бачыў, часам удавалася пагаварыць ды правесці дадому. Ён ужо быў вельмі хворы.
Апошняя карціна, у якой зняўся хворы, стомлены Пётр Мартынавіч Алейнікаў, — “Спатоленне прагі” рэжысёра Булата Мансурава. Карціна злабадзённая, удалая, нашумелая. Роля рабочага Маруціна — яркая, пераканаўчая, з нейкім трагічным надрывам. Выйшла на экраны яна ў 1966 годзе. А ў 1968 годзе на Усесаюзным фестывалі ў Ленінградзе Пётр Алейнікаў за работу ў фільме быў удастоены спецыяльнага прыза. На жаль, пасмяротна.
Але карціна знамянальная яшчэ і тым, што ў ёй зняліся дачка Пятра Мартынавіча, якая скончыла акцёрскі факультэт ВГИКа, Арына Алейнікава, і сын, кінааператар Студыі навукова-папулярных фільмаў, Тарас Алейнікаў.
Наш Алейнікаў пахаваны ўдалечыні ад радзімы: у Маскве, на Новадзявочых могілках. Але памяць пра яго тут, на Беларусі, жывая…

Юрый ЦВЯТКОЎ,
кінарэжысёр, заслужаны дзеяч мастацтваў,
лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі