Ён вёў перамовы з Ленінам

№ 52 (869) 27.12.2008 - 02.01.2009 г

1 студзеня адзначаецца 90-годдзе з дня абвяшчэння БССР. Загадчык аддзела публікацый дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук Віталь Скалабан прыгадвае аднаго з удзельнікаў падзей 1917 — 1919 гг., з кім быў знаёмы асабіста. Спецыяльна для “К” Віталь Уладзіміравіч распавёў пра Яўсея Канчара і пра унікальныя матэрыялы з фондаў галоўнай архіўнай установы краіны, звязаныя з гэтай асобай.

На новы, 1919-ы
Але на пачатку — крыху гісторыі. У сувязі з абвешчаным правам нацый на самавызначэнне ў беларускім грамадстве былі розныя пазіцыі наконт далейшага існавання былога Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. Першапачаткова на нашых землях у 1917 годзе ўтварылася Заходняя вобласць на чале з А.Мясніковым і К.Ландэрам. З цягам часу на гэтай глебе і была ўтворана Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь.
 /i/content/pi/cult/189/2025/Lenin1.jpg
Гэтай падзеі папярэднічала
тэлеграма тагачаснага народнага камісара па справах нацыянальнасцей Іосіфа Сталіна да кіраўніцтва Паўночна-Заходняга абкама камуністычнай партыі, дзе, у прыватнасці, адзначалася наступнае: “ЦК партыі вырашыў па многіх меркаваннях, аб якіх гаварыць цяпер не даводзіцца, згадзіцца з беларускімі таварышамі на ўтварэнне Беларускага савецкага ўрада. Пытанне гэтае вырашана...”
Такім чынам, у ноч з 1 на 2 студзеня 1919 года Часовы рэвалюцыйны рабоча-сялянскі ўрад на чале са Зміцерам Жылуновічам абвясціў незалежнасць “вольнай Савецкай беларускай рэспублікі”, якую найперш прызнала Расійская Сацыялістычная Федэратыўная Савецкая Рэспубліка.
Знаёмства з равеснікам Купалы
— Істотную ролю ў развіцці нацыянальнага руху ў 1917 — 1919 гг. адыгралі такія арганізацыі, як Вялікая Беларуская Рада і Беларускі абласны камітэт,— адзначае гісторык Віталь СКАЛАБАН. — Адным з кіраўнікоў апошняга быў Яўсей Канчар, суарганізатар Усебеларускага з’езда 1917 года.
— Віталь Уладзіміравіч, ведаю, што вы былі асабіста знаёмы з Яўсеем Канчарам — чалавекам, непасрэдна звязаным з абвяшчэннем БССР.
— Сапраўды, мне давялося пазнаёміцца з ім. Яўсей Сцяпанавіч быў аднагодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа і пайшоў з жыцця ў 1979 годзе. А сустрэўся я з ім пад час вучобы ў Ленінградзе: Канчар прапанаваў мне вывучыць дакументальныя матэрыялы, збольшага — пра сваю біяграфію. На той час мне было надзвычай складана даць яму адэкватную ацэнку як беларускаму дзеячу: сустрэчы з ім для 20-гадовага студэнта былі няпростымі: дужа шмат тагачасных стэрэатыпаў яны разбуралі.
Дарэчы, прыкладна ў гэты ж час аднавіліся сувязі Яўсея Канчара з Беларуссю: ён прапанаваў свае паслугі як гісторык і мемуарыст выдавецтву “Беларуская савецкая энцыклапедыя” і часопісу “Полымя”. Больш за тое — Яўсей Сцяпанавіч накіраваў віншаванне кіраўнікам БССР з нагоды 50-годдзя абвяшчэння рэспублікі.
 /i/content/pi/cult/189/2025/Lenin2.jpg

Сёння, праз 40 гадоў, можна сустрэць самыя розныя думкі пра яго ролю ў падзеях 1917 — 1918 гг. і ацэнкі яго навуковай і публіцыстычнай спадчыны, таму неабходны далейшыя пошукі. І цудоўна, што ў нашым архіве для гэтага ёсць перадумовы: тут захоўваюцца рукапісы Канчара 1960-х гадоў, што былі прывезены ў Мінск, дзякуючы намаганням супрацоўніка Дзяржаўнага музея палітычнай гісторыі Расіі, кандыдата гістарычных навук А.Калмыкова і руплівасці беларускіх архівістаў.
— Думаецца, 90-гадовы юбілей станаўлення беларускай дзяржаўнасці на пачатку ХХ стагоддзя — нагода больш дэталёва даследаваць падзеі таго часу.
— Наступным крокам у спазнанні гісторыі беларускай дзяржаўнасці можа стаць зборнік “Невядомыя старонкі беларускай дзяржаўнасці”, прысвечаны архіўным дакументам Беларускага нацыянальнага камісарыята (Белнацкама) — структурнага падраздзялення Народнага камісарыята па справах нацыянальнасцей Расіі, што дзейнічаў спачатку ў Петраградзе, а затым— у Маскве (1918— 1919 гг.). У аснову міжархіўнага даведніка можа быць пакладзена апісанне дакументаў фонду Белнацкама, якія захоўваюцца як у нас, так і ў архівах Санкт-Пецярбурга, Саратава, Тамбова, Калугі, Казані, Смаленска і іншых гарадоў, дзе існавалі аддзяленні і эмісары Белнацкама, звязаныя з дзейнасцю беларускіх секцый РКП(б). Дарэчы, вайдуць у зборнік і раздзелы з рукапісаў Канчара.
Наогул, вывучэнне гісторыі беларускай дзяржаўнасці ў XX стагоддзі вымагае не толькі пошуку і асэнсавання новых, раней недаступных крыніц, але і ўважлівага стаўлення да працы папярэднікаў,якія ў няпростых умовах спрабавалі скласці летапіс краіны найноўшага часу. Цяпер жа наспявае неабходнасць персаніфікацыі гістарыяграфічных даследаванняў, вывучэння абставін з’яўлення той ці іншай канцэпцыі, што вымагае наяўнасці значнага біябібліяграфічнага падмурка.

Канстанцін АНТАНОВІЧ