Што дадаць да “высокай пробы”?

№ 48 (865) 29.11.2008 - 05.12.2008 г

У часы распаду Савецкага Саюза тры тэатры — гомельскі, бранскі і чарнігаўскі — вырашылі, не зважаючы на з’яўленне дзяржаўных межаў, застацца вернымі ідэям славянскай еднасці і міжкультурнага сяброўства, заснаваўшы свой міжнародны тэатральны фестываль. І сёлета беларускі Гомель ужо дзесяты раз вітаў “Славянскія тэатральныя сустрэчы”. Не напалохаў і не сапсаваў фестывальнага “надвор’я” нават сусветны фінансавы крызіс, бо калектывы і людзей, што з’язджаюцца ў горад над Сожам, аб’ядноўвае не клопат пра камерцыйны поспех свайго мастацтва, а — ідэі, што стаяць вышэй за эканамічна-лічбавыя паказчыкі: сяброўства, вернасць традыцыям славянскай культуры і сцвярджэнне пазачасавасці ідэй маральнасці і дабра, незалежна ад знешніх абставін.

 /i/content/pi/cult/185/2020/KiT1.jpg
 Сцэна са спектакля “Дадому”.
У “Славянскіх тэатральных сустрэч” ёсць свой шарм. Гэта не спаборніцтва і не фестываль-прэзентацыя, дзе кожны намагаецца здзівіць іншых сваёй адмысловасцю і нешараговасцю, а сапраўднае свята, дзе сустракаюцца старыя і новыя сябры. І тыя спектаклі, якія яны прывозяць у Гомель, менш за ўсё падпадаюць пад фармат “фестывальных”, бо першапачаткова разлічаны не на ацэнку прэтэнцыёзных крытыкаў, а на гледача-аматара, што прыходзіць у тэатр не на працу, а па поклічу ўласнай душы. Пераважную большасць фестывальнай афішы склалі пастаноўкі па творах класікаў Мікалая Гогаля, Мікалая Астроўскага, Янкі Купалы, Івана Мележа, альбо “з нагоды” Фёдара Дастаеўскага ці Антона Чэхава… І гэта дало сур’ёзныя і часам нават дыскусійна вострыя падставы для таго, каб пагутарыць не столькі пра месца класікі ў рэпертуары, колькі пра форму яе падачы ў сучасным тэатры і ступень рэжысёрскага піетэту ці, наадварот, радыкалізму ў пытаннях “недатыкальнасці” аўтарскага слова.
Адшукаць у творы сцяжынкі
Беларускія тэатры з гэтых пазіцый выглядалі досыць “бесканфліктна”. Гомельскі абласны тэатр драмы прадставіў даволі-такі радыцыяналісцкую пастаноўку “Ваўкоў і авечак” М.Астроўскага ў рэжысуры Валерыя Раеўскага, галоўнай “разыначкай” якой стала дакладна-трапнае сучаснае гучанне аўтарскага тэксту, асабліва з вуснаў мужчынскіх персанажаў: Беркутава — Віктара Чэпелева, Лыняева — Юрыя Фейгіна ды Чугунова — Аляксея Бычкова. У “Залётах” В.Дуніна-Марцінкевіча Гомельскага маладзёжнага тэатра шчыры творчы запал маладых акцёраў пастаноўшчык Аляксандр Гарцуеў так і не здолеў скіраваць у больш глыбокае рэчышча, прапанаваўшы ім існаванне ў прасторы спектакля, стылістыка якога адпавядае хіба “народнаму прымітыву”. На жаль, гэта так і не вырасла ў выразны мастацкі прыём. Рэжысёр “Раскіданага гнязда” Мазырскага драматычнага тэатра імя І.Мележа Раман Цыркін паспрабаваў адшукаць у творы Купалы тыя “сцяжынкі”, якія прывялі б нас, гледачоў, ад побытавага пласта п’есы і яе фальклорна-сімвалісцкага ўспрыняцця да перафармуліроўкі пытання “Хто вінаваты?” на “Чаму так атрымалася?”. Нездарма патэтычны “рэвалюцыянер”Незнаёмы ў выкананні Андрэя Спірыдовіча ў спектаклі набыў рысы ўсюдыіснага настойлівага чорта, які сваім назаляннем не дае Сымону спакойнага жыцця, проста-такі штурхаючы хлопца да неўласцівых яму ўчынкаў.
На жаль, з-за нязвыкла вялікай для мазыран сцэнічнай пляцоўкі купалаўскі тэкст проста не далятаў да перапоўненай глядзельнай залы, што значна збядніла ўспрыняцце спектакля ў цэлым.
Сёлета ўпершыню ў фестывальную праграму ўліліся тэатры лялек. Два беларускія лялечныя калектывы-ўдзельнікі прадставілі “Памінальную малітву” Р.Горына (Гомельскі абласны таэтр лялек) і “Тутэйшых” Я.Купалы (Гродзенскі абласны тэатр лялек). І калі “Памінальная малітва” пры ўсёй сваёй выбудаванасці і багатым выяўленчым радзе часам выклікала адчуванне сцэнічнай… непатрэбнасці саміх лялек, то “Тутэйшыя” гродзенцаў прадэманстравалі, што спектакль за час свайго існавання не толькі не састарэў, але па-ранейшаму трымаецца на моцным акцёрскім ансамблі.

 /i/content/pi/cult/185/2020/KiT2.jpg
 Сцэна са спектакля “Камень шчасця”.
Бадай, самым непрадказальна-нефармальным беларускім спектаклем стала пастаноўка новай п’есы Алены Паповай “Дадому” Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Нягледзячы на тое, што коласаўцы закрывалі фестывальны конкурс, журы паспела ацаніць новую работу Віталя Баркоўскага і адзначыць рэжысёрскае ўменне абвастрэння сітуацый на сцэне. У выніку сама п’еса, створаная па класічных законах псіхалагічнай драмы, набывае ў сцэнічным увасабленні рысы дэтэктыва, што разгортваецца ў па-касмічнаму метафізічнай прасторы… унутранага свету саміх герояў. Дзякуючы такой стылістыцы пастановачнага рашэння знешні сюжэт твора на сцэне праламляецца праз света- і жыццеадчуванне персанажаў спектакля.
Традыцыі і наватарства ў “двубоі”
Тэма пастановачных “стасункаў” рэжысёра і драматурга сталася на сёлетніх “Славянскіх тэатральных сустрэчах” адной з дамінуючых. Прычым найбольшыя дыскусіі выклікала нават не тое, як свабодна рэжысёр мае права абыходзіцца з аўтарскім тэкстам, але больш канцэптуальнае: наколькі ён можа дазволіць сабе быць вольным ад усялякага роду папярэдніх “прачытанняў”, класічных канонаў і так званых пастановачных традыцый. Адметна, што ніводны з падыходаў — традыцыяналісцкі і радыкальна-наватарскі — у гэтым “двубоі” так і не перамог, бо навідавоку аказаліся як вартасці кожнага з іх, так і пэўныя слабыя месцы. Так, гогалеўская “Жаніцьба?” маскоўскай “Камернай сцэны”, вырашаная ў традыцыйным пастановачным ключы, пры ўсёй філіграннай прапрацоўцы вобразаў і дакладнай, падрабязнай акцёрскай ігры выклікала ў гледачоў адчуванне зацягнутасці.
А разанская “Дзікунка” М.Астроўскага з яе яркай тэатральнасцю дэкарацый і “стракатасцю” акцёрскай ігры, што адсылала нас да “старамоднага” тэатра, нават пры ўсёй сваёй знешняй знарочыстасці і візуальнай гіпербалізацыі пераконвала ў перавагах прастаты сцэнічнай мовы. Эксперыментальнасць спектакля чарнігаўскага тэатра “Кумір душы маёй” заключалася не столькі ў тым, што класічны “Брыгадзір” Д.Фанвізіна паўстаў перад намі на ўкраінскай мове, колькі ў спробе рэжысёра зухавата перавесці канфлікт у… матрасна-дыскатэчную сістэму сцэнічнай умоўнасці, і гэтым ключыкам асучаснівання твора праз “карэкціроўку” існавання персанажаў з улікам сучаснай манеры паводзін зрабіць фанвізінскую гісторыю бліжэйшай для тэатрала ХХІ стагоддзя.
Бранскі тэатр персанажаў другога класіка — Антона Чэхава наблізіў да нашых дзён іншым чынам: у спектаклі “Рускае варэнне” Л.Уліцкай перад намі паўсталі, па сутнасці, нашчадкі Ранеўскай, Гаева, Лапахіна і трох сёстраў разам узятых. Яны, як і іх “папярэднікі” сто гадоў таму, жывуць за горадам, але ўжо не мараць перабрацца ў Маскву, хаця і маюць там кватэру, а выбіраюць паміж Парыжам, Амстэрдамам і Барселонай. Ідэя працаваць, каб убачыць неба ў дыяментах, іх таксама не прываблівае, бо нашмат больш перспектыўнай падаецца пабудова на месцы радавога гнязда Дыснейленда.
Урэшце, і сам пафас вакол “каранёў” выглядае пустым і паказным на фоне таго, як персанажы паціху высякаюць на дровы яблыні з уласнага саду, а потым і ўвогуле адзін з “нашчадкаў рускай інтэлігенцыі” цішком прадае лецішча мясцоваму слесару-сантэхніку. У адрозненне ад Чэхава, Уліцкая, а следам за ёй — і рэжысёр спектакля Барыс Ярыш да сваіх персанажаў ставяцца без залішняга жалю і сентыментальнага спачування. Але ж такім чынам ці не забіваюць яны веру ў “светлае заўтра”?..
Хто страляў у Рэвізора?
Кульмінацыяй фестывальнага “сюжэта” стаўся “Рэвізор” Смаленскага тэатра, наглядна прадэманстраваўшы, што сучасныя рэжысёры разглядаюць аўтарскі тэкст не як застылую догму, якую варта штораз ажыўляць наноў, надаючы ёй рысы свежасці і прывабнасці, а — як нагоду для ўласных разважанняў пра жыццё і пра сябе ў ім. І калі на пачатку спектакля адкрываецца заслона і мы бачым вялікі партрэт Гогаля, на які персанажы моляцца, бы на абраз, пасля антракту іх, гэтых гогаляў, становіцца ўжо шасцёра… Ды і самі персанажы спектакля змяняюць свае крыналіны і мехавыя “а-ля баярскія” шапкі на сучасныя дзелавыя касцюмы, трансфармуючы і ўласныя паводзіны з манерна-свецкіх на паўкрымінальныя. У выніку ўсяго гэтага не толькі ў гогалеўскі тэкст украпваецца шэкспіраўскі маналог “Быць ці не быць?”, але і істотна змяняецца фінал спектакля. Адзінай магчымай на сёння развязкай гогалеўскай сітуацыі рэжысёру бачацца… забітыя сваімі ж калегамі да смерці Добчынскі і Бобчынскі, а ўслед за імі і — Хлестакоў, застрэлены з пісталета з глушыцелем уласнаручна Гараднічым!
Дык што ж такое класіка ў сучасным драматычным тэатры? Наколькі яна самакаштоўная, і што можа даць гэтай літаратуры “высокай пробы” сучасны рэжысёр? “Славянскія тэатральныя сустрэчы” яскрава прадэманстравалі, што адназначнага адказу на гэтае пытанне проста не можа быць. Але незалежна ад таго, у якім накірунку рухаецца той ці іншы рэжысёр, яго мастакоўская адказнасць не перад аўтарам, а — у першую чаргу — перад гледачамі вызначаецца тым сплавам драматургіі і асабістай творчай і грамадскай пазіцыі, які ў выніку нараджае цікавы, яркі і запамінальны вобраз спектакля. Альбо не.
Таццяна КОМАНАВА
Мінск — Гомель — Мінск
Фота Алега БЕЛАВУСАВА,
“Гомельская праўда”.


Віншуем!
Узнагароды фестывалю:
“За рэжысуру” — Віталь Баркоўскі, “Дадому” А.Паповай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа (Віцебск, Беларусь).
“За пастановачнае майстэрства” — Анатоль Ледухоўскі, “Рэвізор” М.Гогаля Смаленскага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя А.С. Грыбаедава (Смаленск, Расія).
“За лепшую галоўную жаночую ролю” — Людміла Корхава за ролю Мурзавецкай, “Ваўкі і авечкі” М.Астроўскага Гомельскага абласнога драматычнага тэатра (Гомель, Беларусь);
“За лепшую жаночую ролю” — Ніна Камышава за ролю Макані, “Рускае варэнне” Л.Уліцкай Бранскага ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга тэатр драмы імя А.К. Талстога.
“За лепшую галоўную мужчынскую ролю” — Аркадзь Аверын за ролю Падкалёсіна, “Жаніцьба?” М.Гогаля Маскоўскага тэатра рускай драмы “Камерная сцэна” (Масква, Расія).
“За лепшую мужчынскую ролю” — Аляксей Бычкоў за ролю Чугунова, “Ваўкі і авечкі” М.Астроўскага Гомельскага абласнога драматычнага тэатра (Гомель, Беларусь).
“За ансамблевасць” — “Тутэйшыя” Я.Купалы Гродзенскага абласнога тэатра лялек (Гродна, Беларусь).
Прыз глядацкіх сімпатый — “Кумір душы маёй” Д.Фанвізіна Чарнігаўскага абласнога музычна-драматычнага тэатра імя Т.Р. Шаўчэнкі (Чарнігаў, Украіна).
Спецыяльны прыз журы “За мастацкую цэласнасць спектакля”— “Камень шчасця” паводле казак народаў Поўначы Тэатра юнага гледача Рэспублікі Саха (Якуція) (Якуцк, Расія).
Спецыяльны прыз журы “За гуманістычнае гучанне” — “Гуарапскі пісар” М.Бгажба Абхазскага дзяржаўнага драматычнага таэтра імя С.Чанба (Сухум, Абхазія).