На адрас Саюза кампазітараў гучала шмат віншаванняў ад арганізацый і творчых асоб. Але ж ці магчыма перадаць усё, што зроблена, словамі? Невыпадкова юбілейныя канцэрты, спектаклі з музыкай нашых творцаў доўжацца ўжо больш за месяц і працягнуцца яшчэ ледзь не да канца года, пры гэтым зусім не прэтэндуючы на ўсеахопнасць. Прычым практычна ўсе музычныя калектывы і салісты падрыхтавалі да юбілею творчага саюза новыя праграмы.
А ў тым, што гэтае святкаванне дзень у дзень супала з юбілеем беларускага кіно, ёсць свая сімволіка. Бо пра кожнага з кампазітараў можна цэлыя серыялы здымаць! Дый сярод прэм’ер, прымеркаваных да юбілею творчага саюза, была і сімфонія Сяргея Янковіча “Амаркорд”, напісаная паводле “музычных перыпетый” знакамітай стужкі Феліні. Чым не падарунак усім “беларусьфільмаўцам” у дзень іх прафесійнага свята?