Майстры і “класы”

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

Не так часта, пагадзіцеся, адбываюцца ў нас сольнікі валтарністаў — надта “капрызным” лічыцца сам інструмент, таму і распаўсюджаны куды меней, напрыклад, за скрыпку. Таму, калі цягам тыдня Мінск наведалі адзін за адным двое сусветна знакамітых валтарністаў (і адзін з іх — сам Шылклопер), гэта ўжо не проста падзея, а — сапраўдная з’ява мастацтва.

 /i/content/pi/cult/188/2008/Majstry.jpg
Два дні па запрашэнні Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі даваў шматгадзінныя майстар-класы лаўрэат міжнародных конкурсаў, народны артыст Латвіі, прафесар Арвід Клішан. Нягледзячы на тое, што ён выкладае ў вышэйшай школе — Латвійскай акадэміі музыкі імя Я.Вітала, удзельнікамі яго майстар-класаў сталі не толькі нашы студэнты, але і навучэнцы ДМШ. Абмен жа вопытам і зацікаўленыя размовы з калегамі працягваліся і ў вольны ад заняткаў час.
А вось “майстар-клас” Аркадзя Шылклопера (хаця сам музыкант і не любіць гэтае азначэнне, замяняючы яго больш сяброўскім — “сустрэча”) быў выключна канцэртны. На гэты раз А.Шылклопер прыехаў у Мінск “дуэтам” — разам з піяністам Міхаілам Альперыным. Яны выдалі амаль дзвюхгадзінны (без антракту) канцэрт джазавых кампазіцый-імправізацый, што праляцеў, бы адно імгненне. Валторна змянялася на адмысловы флюгер-горн, яшчэ больш “фантазійны” альпійскі рог — гэта быў шыкоўны “гукапад”, ці, дакладней, гукапалёт, вольнае лунанне ў музычным паднябессі.
Дый на прэс-канферэнцыі, што адбылася ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі за некалькі гадзін да канцэрта, А.Шылклопер і М.Альперын акцэнтавалі важнасць творчага палёту:
— Творчасць не бывае без эксперыменту. Яна ўжо сама — эксперымент. А эксперымент — гэта не толькі ўласна музычны авангард, гэта жаданне шукаць штосьці новае ў самым простым, звыклым. Не трэба “забаўляць гукамі” і “здзіўляць хуткасцю”: трэба будаваць масток паміж сабой і інструментам. А публіка — толькі сведка гэтага працэсу. Бо музыка — люстэрка ўласнага вопыту выканаўцы.
Мабыць, каб славутыя гастралёры больш шырока дзяліліся назапашаным вопытам, патрэбна сталая дамоўленасць паміж канцэртнымі арганізацыямі, якія іх прымаюць, і навучальнымі ўстановамі? Хаця б паміж галоўнымі з іх — Філармоніяй і Акадэміяй музыкі. Ну, не заўсёды ж славутасці прыязджаюць за гадзіну да канцэрта і з’язджаюць, ледзь адгучаць апошнія ноты?! Дый замест “сумнай” прэс-канферэнцыі з удзелам не самых дасведчаных прадстаўнікоў журналісцкай прафесіі — ці не лепей праводзіць сустрэчы са студэнтамі? На радасць апошніх і — саміх гастралёраў.
Той жа А.Шылклопер, калі год таму ўдзельнічаў у джаз-фестывалі Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі па запрашэнні народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга, “майстаркласіў” з маладымі валтарністамі столькі, што ледзь не спазніўся на цягнік.
Дый на гэты раз пасля канцэрта яго грымёрка ледзь змяшчала зацікаўленых музыкантаў, а прафесійная гутарка доўжылася да бясконцасці…
Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: А.Шылклопер і М.Альперын.
Фота Юрыя ІВАНОВА