Экспазіцыя гісторыі

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

З 18 па 31 снежня ў галерэі “Лабірынт” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі у рамках кніжна-дакументальнай выстаўкі “Гісторыя Беларусі: станаўленне нацыянальнай дзяржаўнасці” будуць экспанавацца дакументы, прысвечаныя 90-годдзю абвяшчэння БССР.

Праходзіць выстаўка ў межах навукова-практычнай канферэнцыі “Беларусь: этапы станаўлення дзяржаўнасці: да 90-годдзя з часу абвяшчэння БССР”, якую арганізавала Нацыянальная акадэмія навук Беларусі.
Каля 300 кніг, манаграфій, навуковых прац, падручнікаў і энцыклапедый, выдадзеных з 1920 па 2000 гг., можна будзе пабачыць на экспазіцыі з фондаў галоўнай бібліятэкі краіны.
Выданні ў названай частцы экспазіцыі будуць падзяляцца па храналогіі — кожны блок прадставіць асобнае дзесяцігоддзе БССР.Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь прадставіць 100 арыгінальных дакументаў. У прыватнасці Маніфест аб абвяшчэнні БССР прадстаўлены ў арыгіналах з рукапіснымі праўкамі і ў першых афіцыйных публікацыях.
Па словах Ларысы Фёдаравай, галоўнага бібліятэкара аддзела па галерэйна-выставачнай дзейнасці НББ, выстаўка “Гісторыя Беларусі: станаўленне беларускай дзяржаўнасці” аб’ядноўвае ў сабе вельмі шмат рэдкіх работ, даследаванняў, якія раней не былі вядомы.
Самы вялікі блок дакуметаў асвятляе драматычныя моманты стварэння Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі.
Адзін з раздзелаў выстаўкі ўтрымлівае дакументы па гістарыяграфіі беларускай дзяржаўнасці.