У вачах... залатой рысі

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэнне памятныя манеты “Рысі” і “Алімпійскія гульні 2010 года. Фігурнае катанне” ў межах міжнароднай манетнай праграмы.

 /i/content/pi/cult/188/2002/Rus'.jpg
12 снежня выпушчаны ў абарачэнне
залатая і сярэбраная памятныя манеты “Рысі” з устаўкамі, адпаведна, з брыльянта і крышталя Свароўскі наміналамі 50 і 20 рублёў. На адваротным баку манет размешчаны: у цэнтральнай частцы — рэльефная выява галавы рысі, у вачах — устаўкі з брыльянта (на залатой) і ўстаўкі з крышталя (на сярэбранай), уверсе па крузе — надпіс: “Рысь LYNX LYNX”.
Нацыянальны банк краіны выпусціў таксама сярэбраную манету “Рысі” ў іншым выкананні. На адваротным яе баку размешчаны: у цэнтральнай частцы — рэльефная выява рысі і рысяняці, у вачах рысі — устаўкі з крышталя Свароўскі, уверсе па крузе — надпіс: “Рысі LYNX LYNX”.
На пярэднім баку названых манет размешчаны: у цэнтры ў крузе, абрамленым геаметрычным арнаментам, — рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь, пад якім указаны год чаканкі, проба сплаву, па крузе — надпісы: у верхняй частцы — “Рэспубліка Беларусь”, у ніжняй — намінал манеты.
Залатыя памятныя манеты адчаканены на Каралеўскім манетным двары Нідэрландаў. Тыраж залатой манеты — 2000 штук. Сярэбраныя манеты адчаканены на манетным двары “Майерс Кунстпрэгенштальт” (Германія) якасцю “пруф”, тыраж кожнай з іх разнавіднасцей — 8000 штук.
Днямі таксама былі ўведзены ў абарачэнне сярэбраныя памятныя манеты “Алімпійскія гульні 2010 года. Фігурнае катанне” наміналамі 100 і 20 рублёў.
На пярэднім баку манет размешчаны: уверсе — рэльефны відарыс Дзяржаўнага герба нашай краіны, у цэнтры ў авале — выява фігурных канькоў у абрамленні сняжынак, пад якой указаны год чаканкі і проба сплаву, па крузе — надпісы: у верхняй частцы — “Рэспубліка Беларусь”; у ніжняй — адпаведныя для кожнай з манет наміналы. На адваротным баку манет размешчаны: у цэнтры — выява фігурысткі на фоне стылізаванага лёду; злева па крузе — надпіс у два радкі: “Алімпійскія Гульні 2010 года. Фігурнае катанне”.
Памятныя манеты адчаканены на Каралеўскім манетным двары Нідэрландаў якасцю “пруф”. Тыраж манеты наміналам 100 рублёў — 500, наміналам 20 рублёў — 10 000 адзінак.

Паводле паведамленняў Упраўлення інфармацыі
Нацыянальнага банка
Рэспублікі Беларусь