Дзень кінасям’і

№ 51 (868) 20.12.2008 - 26.12.2008 г

Дзень беларускага кіно — 17 снежня — работнікі галіны ва ўрачыстай атмасферы адзначылі ў сталічным Доме кіно.

Віншуючы айчынных кінематаграфістаў з іх прафесійным святам, міністр культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Матвейчук адзначыў, што ў апошнія гады колькасць гледачоў, якія прыходзяць у кінатэатры, пастаянна павялічваецца. І сярод фільмаў, запатрабаваных шырокімі масамі, усё часцей з’яўляюцца стужкі айчыннай вытворчасці.
У значнай ступені гэткаму ўздыму нацыянальнага кінематографа паспрыяе і глабальная рэканструкцыя з мадэрнізацыяй творчага і тэхналагічнага працэсу на Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, якая ідзе сёння поўным ходам і неўзабаве прадставіць нам айчынны кінадом у абноўленым выглядзе.
Такім чынам, як адзначыў генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Замяталін, ужо ў наступным годзе Дзень беларускага кіно стане сапраўдным, паўнавартасным святам для кінематаграфістаў.
Адзначаючы клопат кінастудыі аб папаўненні сцэнарнага партфеля высакаякаснай кінадраматургіяй, пад час урачыстага вечара ён уручыў узнагароды пераможцам конкурсу на лепшы літаратурны сцэнарый поўнаметражнага фільма ў жанры меладрамы. Першая прэмія па рашэнні журы не была прысуджана, а вось Другую і Трэцюю атрымалі, адпаведна, Дзіяна Балыка і Андрэй Гудзееў.
І, канешне ж, святочны вечар не абышоўся без выступленняў саміх кінематаграфістаў, якія сустракалі свой прафесійны “дзень” песнямі, вершамі, танцамі, стварыўшы непаўторную атмасферу цёплага сямейнага свята.