ПАРАД ПЛАНЕТ

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

Сцэнарый навагодняга прадстаўлення

Заслона закрыта. На пярэднім краі авансцэны і подыуме над аркестравай ямай размешчаны серабрыстыя ёлачкі. Віншавальны надпіс: “З Новым годам!”. На правым партале — гадзіннік. На левым — выявы планет Сонечнай сістэмы. Над глядзельнай залай з казырка звісаюць зоркі. Гучаць фанаграмы дзіцячага смеху, званочкаў. З’яўляецца дзяўчынка Яна, гучаць званочкі, яна паказвае зале пальчыкам “маўчок”, хаваецца за прыступкамі.

Голас хлопчыка. Яна, ты дзе?

(На сцэну выходзіць хлопчык з завязанымі вачыма, з выцягнутымі ўперад рукамі, шукае.)

Саша. Я ўсё роўна цябе знайду!

Яна звоніць у Сашы над вухам званочкам.

Яна (уцякаючы). Не знайшоў, не знайшоў!

Саша (скідваючы павязку). Шкодніца! (Агледзеўшыся, ціха і спужана.) Я ж так баюся цемры…

Яна (падыходзіць да Сашы). Саша, я ж пагуляць з табой хацела...

Саша. Я ведаю, што ты думаеш пра мяне: які ён баязлівы і непаваротлівы!

Яна (супакойваючы). Ну што ты, Саша, ты не такі…

Саша (нясмела). Ведаеш, сёння — навагодні вечар, і я хачу задаць табе адно пытанне. (Гучыць фанаграма пяшчотнай мелодыі, пераліву званочкаў.) Адзін мой сябар, увогуле, даволі смелы і знаходлівы, пазнаёміўся з дзяўчынкай, якая яму так спадабалася, што ён зусім разгубіўся. Што ты яму параіла б зрабіць?

Яна. А можа быць... Можа быць, хлопчыку здалося, што гэтая дзяўчынка яму так спадабалася?..

Саша (сур’ёзна). Не, ён дакладна ведае, што нічога падобнага з ім не было да гэтай пары і болей ніколі не будзе.

Яна. Ты, ведаеш, Саша, у навагоднюю ноч здзяйсняюцца самыя запаветныя жаданні, і мне хацелася б, каб твой сябар стаў крышачку смялейшы.

Набліжаюцца адно да аднаго. Фанаграма змаўкае. З-за куліс з’яўляюцца дзве дзяўчынкі.

Лена, Іра (пакрыўджана). Ага, вось вы дзе! Забыліся пра нас?

Саша. І зусім не забыліся…

Яна (падыходзіць да гадзінніка). Мы хацелі завесці гадзіннік, таму што без яго не пачнецца Новы год.

Дзеці ўстанаўліваюць стрэлкі гадзінніка. Гучыць фанаграма ходу стрэлак на фоне музыкі. З аркестравай ямы з’яўляюцца “сняжынкі”.Удзельнікі масоўкі танцуюць — выбудоўваюць малюнкі “сняжынак”. На фоне музыкі — дыялог дзяцей.

Лена. Секунды, як сняжынкі, адлятаюць

І ў паветры марозным знікаюць.

Іра. У гадзінніку чароўным маятнік пяе.

Саша.Уважліва сачыце за хвілінамі...

Яна. Мы сустрэнемся сёння з цудамі,

Бо цуды мы самі ствараем.

Дзеці сыходзяць за кулісы і звоняць у званочкі. Фанаграма мелодыі, звязанай з зоркамі. Падымаецца заслона. У глыбіні сцэны, на чорным фоне, — зоркі, гірлянды лямпачак, ёлка ў цэнтры другога плана зацемнена, над сцэнай — таксама зоркі, “дожджык”, контуры сузор’яў: Вялікай Мядзведзіцы, Рыб, Шаляў, Скарпіёна...
На першым плане, справа, стаіць падзорная труба. Гульня святла. На ўпрыгожаных вяровачных арэлях — дзеці-“зорачкі”. Танец “зорак” на сцэне і ў зале, масоўка “зорак” у аркестравай яме або за кулісамі.
Гучыць песня з кінафільма “Чырвоны Каптурык”.На апошняй фразе тэксту ля падзорнай трубы з’яўляюцца Дзед Мароз і Снягурка, на фоне музыкі ідзе дыялог. Глядзяць на танец “зорачак”.

Дзед Мароз. Паглядзі, унучачка, як развесяліліся сёння зорачкі!

Снягурка. Дзядуля, дзядуля, а гэта што?

“Зорачкі” ў танцы акцэнтуюць увагу па чарзе на кожным сузор’і.

Дзед Мароз. Гэта сузор’і. У кожнай зорачкі ёсць свой дом, і называюцца яны па-рознаму. Вось гэта — сузор’е Рыб, а гэта — Скарпіёна.

Снягурка. Ой, а гэта я ведаю: гэта — Шалі.

Дзед Мароз. Правільна, унучачка! А самая яркая зорачка жыве ў сузор’і Вялікай Мядзведзіцы.

Снягурка. Яна і зараз ззяе асабліва ярка.

Дзед Мароз. Я адкрыю табе сакрэт: Новы год будзе сустракаць увесь Сусвет!

Снягурка. Як гэта?

Дзед Мароз. Адбудзецца Парад планет!

Снягурка. Ой, як цікава! Я ж думала, такога не бывае.

Дзед Мароз. Паглядзі і пераканайся.

Танец “зорачак” пераклікаецца з танцам “планет”. У аркестравай яме выстройваюцца “малюнкі” каляровымі шэрагамі ў адпаведнасці са ззяннем кожнай з планет.

Снягурка. Дзядуля Мароз, а што ж адбываецца на Зямлі?

Дзед Мароз. Ай, унучачка, выбачай, я зусім забыўся пра тваю любіміцу. Зараз настроім нашу падзорную трубу... Ну, глядзі!

Святло робіцца ярчэйшым. Сцэну запаўняюць дзеці. Гучыць песня пра казкі. Дзеці ўпрыгожваюць ёлку, дастаючы з каляровай каробкі цацкі.

Саша. У Новы год, у Новы год,

Што ні пажадаецца —

Усё заўжды адбудзецца,

Усё заўжды здзяйсняецца!

Яна (паказваючы цацку зоркі). Дзеці, паглядзіце, што ў нас ёсць!

Іра. Падумаеш, звычайная зорачка!

Яна. А вось і не! Яна — чароўная, бо гэта падарунак Дзеда Мароза. Менавіта яна выканае нашы навагоднія пажаданні.

Іра. Цудоўна! Я — першая: хачу... Хачу быць багатай-багатай!.. Каб мець сто, не — тысячу лялек!.. І каб усё — мне!

Саша (перабіваючы). А я, я хачу нічога не рабіць, у школу не хадзіць, і каб на мяне за гэта не сварыліся!

Яна. Пачакайце, спыніцеся! Жаданні павінны быць не толькі для вас, але і для вашых родных, сяброў, для ўсёй нашай планеты!

Лена. Яшчэ чаго! І мне хочацца шмат салодкага: марожанага, пірожных, мармеладу, шакаладу...

Чуваць гук, нібы нешта разбілася. Зацямненне. Гульня святла. Ствараецца эфект промняў, якія разляцеліся. Нарастанне трывожнай мелодыі.
Саша, Іра, Лена — спужаўшыся — з крыкамі хаваюцца. У зале, у яме, на сцэне з’яўляюцца Нячысцікі ў чорных пальчатках, шаліках.

Яна. Што ж вы нарабілі? Трэба было загадваць добрыя жаданні… І не толькі для сябе… А як жа зараз?!

Танец Нячысцікаў, яны забіраюць праменьчыкі. Яна спрабуе ім перашкодзіць.

Яна. Прэч!!! Не аддам! Саша, сяброўкі, дзе ж вы?! А-а-а…

Нячысцікі забіраюць Яну і праменьчыкі. Сцэна ў зацямненні. Высвечваецца падзорная труба, ля яе — Дзед Мароз і Снягурка.

Снягурка. Дзядуля, трэба дапамагчы дзецям на Зямлі! Толькі як?

Дзед Мароз. Не хвалюйся, унучачка! Ты забылася, што ў мяне ёсць чароўны посах і цуда-барада, ды і сам я — крышачку чараўнік!

Снягурка. Тады хутчэй на Зямлю!

Высвечваецца ёлка, з-за яе з’яўляюцца перапужаныя дзеці.

Лена (хныча). Што рабіць?

Іра. Чаму мы не паслухаліся Яну?

Лена. Гэта ты вінаватая: “Лялькі, лялькі”...

Іра. А ты? “Пірожнае, марожанае”!..

Саша. Не трэба хныкаць і сварыцца — трэба выпраўляць нашы памылкі!

Лена. Тут можа дапамагчы толькі цуд.

Іра. Правільна! А па цуды трэба звяртацца да Дзеда Мароза!

Саша. Давайце разам паклічам Дзеда Мароза!

Дзяўчынкі. І Снягурку!

Разам (неўпапад). Дзед Мароз! Снягурка!

Саша. Не, адным нам не справіцца.

Святло падае ў залу.

Лена. Паглядзіце, колькі дзяцей! Няхай яны нам дапамогуць!

Іра. Дзеці, калі ласка, дапамажыце!

Саша. Усе разам!

Разам. Дзед Ма-роз! Сня-гур-ка!

Песня-заклік да сустрэчы Дзеда Мароза. У зале — танец “сняжынак”. З бакавых дзвярэй у залу заходзяць Дзед Мароз і Снягурка, вітаюцца з дзецьмі. Работа масоўкі ў аркестравай яме. Дзед Мароз і Снягурка падымаюцца на сцэну, на фоне мелодыі звяртаюцца да дзяцей.

Дзед Мароз. Дзеці вясёлыя і гарэзлівыя!

Снягурка. Хлопчыкі і дзяўчынкі слаўныя!

Дзед Мароз. Хлопчыкі і дзяўчынкі выдатныя!

Снягурка. Забаўныя, сімпатычныя!

Разам. Дзень добры!

Дзед Мароз. Я імчаўся праз завеі й туманы, я быў на фантастычнай хвалі, я праляцеў наўсцяж моры і акіяны, каб свята прынесці да вас на заснежаным крыле.

Снягурка. Мы прыляцелі да вас! Падаецца, яшчэ не дужа позна? Мы ў космасе былі, як і заўжды, лічачы яркія сінія зоркі.

Дзед Мороз. Сябры, такая праца ў нас: лятаем, лічым, ды ў гэтыя дні, паверце, літаральна збіліся з ліку: паўсюдна цяпер — агні, агні...

Снягурка. Нібыта ў зорак з’явіліся крылы! Глядзіце, за вокнамі — зоркапад! Гэтак зіхоткім зорным пылам сняжынкі з неба ляцяць!

Дзед Мароз. Сёння зоркі вясёлым гуртком напаўняюць дамы, у скокі клічуць! Нездарма яны сталі яркімі агеньчыкамі на вашых ёлках!

Дзеці (наперабой). Дзед Мароз, у нас тут такое… Нячысцікі нашу… А чарадзейная Зорка…

Дзед Мароз. Мы ўсё ведаем.

Дзеці. Дзед Мароз, Снягурка! Мы так больш не будзем! Дапамажыце нам, калі ласка!

Снягурка. Мы вам дапаможам.

Дзед Мароз. Зноў запаліць Зорку зможаце толькі вы, а выратаваць Яну — толькі ты, Саша.

Снягурка. Але для гэтага трэба прайсці шмат выпрабаванняў. Не баіцеся?

Дзеці. Не, не!

Снягурка (да залы). А вы, дзеці, не баіцеся?

Дзеці ў зале адказваюць: “Не!”

Дзед Мароз. Калі з наступленнем Новага года над намі не заззяе чарадзейная Зорка шчасця, то ў наступным годзе не будзе панаваць дабрыня.

Снягурка. Вось таму нячысцікі раскідалі праменьчыкі Зоркі па ўсім Сусвеце, і нам неабходна іх знайсці!

Лена. Але Сусвет такі велізарны!..

Дзед Мароз. У гэтым нам дапаможа дыван-самалёт.

Фанаграма вандроўнай песні. Паварот кола. Ёлка змяшчаецца ўлева за перакрыццё з маркізы, на яе месцы з’яўляецца ўзлётная пляцоўка з дываном-самалётам. Дзеці-“зорачкі”, падымаючы і апускаючы краі дывана, імітуюць яго палёт. Гульня святла.

Дзед Мароз. Гэй, дыван, павярніся! Гэй, дыван, развярніся!

Танец “зорак” на сцэне, у зале, масоўка “зорак” у яме. Гучыць вандроўная песня. Дзед Мароз і Снягурка падымаюцца на ўзлётную пляцоўку.
Вандроўная песня:

Хай нам зоркі будуць ззяць

І дарогу азараць.

Паляцелі!

Ты, дыван, ляці, ляці!

Нас па небе пракаці!

Угару, угару ўздымайся,

Ну, цішэй ты, не гайдайся!

Дзетак нашых не пужай,

Адвязі ў далёкі край.

Фанаграма. Зверху пасыпаліся бліскаўкі.

Лена (працягнуўшы руку, ловіць бліскаўкі). Глядзіце, глядзіце! Што гэта?

Усе ловяць бліскаўкі, падносяць да твараў, разглядваюць. Пачынаюць пазяхаць. Засынаюць.

Іра (сонна). Якія прыгожыя...

Дзед Мароз (храпе). Хр-хр-хр...

Саша (сонна). Дзед Мароз, не спі, а то замерзнеш…

Галасы Нячысцікаў.

— Ты ўжо зачапіў?

— Напэўна...

— Цягні яе, цягні!

— Зараз… Ёсць!

Гучыць фанаграма. У Дзеда Мароза знікае частка барады. У запаволеным тэмпе барада “плыве”: гэта яе пераносяць Нячысцікі.

Снягурка (прачынаецца). Што гэта было? (Гучна.) Дзядуля, дзе ж твая барада?

Усе прачынаюцца.

Дзед Мароз (засмучана). Згубілася. А без яе не магу рабіць цуды.

Голас. Увага, увага! Вы набліжаецеся да казачнай планеты Юпітэр! Просьба падрыхтавацца да пасадкі!

Снягурка. Дзядуля, добры казачнік Юпітэр нам абавязкова дапаможа!

Паварот кола. У цэнтры — ёлка. Маскі казачных персанажаў у яме.
Песня і танец пра казкі пад час танца.
На сцэне, злева, Брамнікі з каляровых кубікаў будуюць печ, трон — справа. У фінале танца Юпітэр шпарка рухаецца са світай.

Юпітэр. Прывітанне, Брамнік казачнага каралеўства!

Брамнік. Здравія жадаем, Ваша каралеўская Вялікасць!

Юпітэр (каля печкі). Хто ўжо прыбыў?

Чырвоны Каптурык. Кот у ботах!

Юпітэр. Кот у ботах! Слаўны хлопец, разумнік, але як прыедзе — тут жа здымае боты, кладзецца на падлогу каля каміна і дрэмле.

Ліса Аліса. Хлопчык-з-пальчык.Юпітэр (перабіраецца на трон).

Мілы, дасціпны чалавечак, але такі гарэза! Увесь час гуляе ў хованкі на грошы, а паспрабуй знайдзі яго?!

Паўза.

Юпітэр (нецярпліва). Хто яшчэ?

Брамнік. Пакуль усе.

Юпітэр. Вы што, павар’яцелі?

Брамнік. Ніяк не, Ваша Вялікасць!

Юпітэр. Спрачацца з Юпітэрам?! Якое казачнае свінства! Калі я кажу: звар’яцелі, — значыць, звар’яцелі! Я з ног збіўся, а вы? Гэх, пайду я ад вас! Жывіце самі, як ведаеце! Не жадаю быць Юпітэрам, калі жыхары маёй планеты ходзяць з поснымі тварамі!

Ліса Аліса. Ваша Вялікасць, у нас твары не посныя!

Юпітэр. А якія ж?

Брамнік. Летуценныя!

Юпітэр. Усё! Адлятаю ў іншую Галактыку!

Брамнік. У якую?

Юпітэр. У любую! (Здымае карону, зрываецца з месца.)Фанаграма перазову званоў.
З’яўляюцца падарожнікі: Дзед Мароз, Снягурка, дзеці. Дзед Мароз працягвае руку да Юпітэра, але той, не заўважаючы, адмахваецца, праходзіць міма, блытаецца ў мантыі.

Снягурка. Дзень добры, Ваша Дабрадзейства!

Юпітэр. Няўжо мне не падалося: я зноў чую гэты цудоўны галасок?

(Убачыўшы Снягурку.) Добры дзень, мілая! А дзе ж твой Дзядуля?

Снягурка. Вось жа ён! (Паказвае на Дзеда Мароза.)

Юпітэр. Ха-ха-ха, вось рассмяшылі: Дзед Мароз без барады! Ха-ха-ха!.. Добра, угаварылі: застаюся! (Надзявае карону.) Дзед Мароз, а дзе ж твая барада?

Дзед Мароз. Згубіў па дарозе. Мы шукаем чарадзейныя праменьчыкі Зоркі шчасця.

Юпітэр. Ну, гэта не бяда. Варта!!! Падаць сюды лепшыя бароды каралеўства!

Загад паўтараецца некалькі разоў.

Снягурка (звяртаецца да дзяцей у зале). Хлопчыкі і дзяўчынкі, падкажыце, хто з казачных герояў славіўся сваёй барадой?

З залы. Карабас-Барабас!!!

Брамнікі. Прыбыла барада Карабаса-Барабаса!

Пад фанаграму казачныя персанажы выносяць бараду Карабаса-Барабаса.

Снягурка. А хто яшчэ славіцца ў казках сваёй барадой?

З залы. Сіняя Барада!!!

Пад фанаграму выносіцца сіняя барада.

Брамнікі. Прыбыла барада... Сіняй Барады!

Снягурка. Цяпер жа дапамажыце нам вырашыць, якая з барод Дзеду Марозу пасуе найбольш?

Прыкладвае па чарзе бароды да твару Дзеда Мароза. Рэакцыя залы і масоўкі ў яме адмоўная: “Не падабаецца!” Убягае Хатабыч.
Хатабыч. Жыхары казачнага каралеўства! Я прынёс вам падарунак, які трапіў да мяне з нябёсаў! Паказвае праменьчык, перадаючы яго Юпітэру.

Юпітэр. Ці не гэты праменьчык вы шукаеце?

Дзяўчынкі. Гэта ж наш праменьчык!

Юпітэр. Вазьміце яго!

Дзяўчынкі і Саша. Ура! Ура! Знайшлі!

Снягурка. Дзякуй, Хатабыч! Дзякуй, Юпітэр! Дзякуй, сябры!

Юпітэр. Хатабыч, чаму я ранней не заўважаў тваёй цудоўнай барады? (Кратае за валасінкі.)

Хатабыч. Асцярожна, асцярожна! Адарвеш валасінку!

Юпітэр. Сапраўды, бо яны ў цябе — чарадзейныя! Хатабыч, падзяліся барадой, у цябе ж яна яшчэ адрасце.

Хатабыч (аддаючы частку барады Дзеду Марозу). З вялікім задавальненнем! Прымі ад мяне падарунак, о Наймарознейшы з наймарознейшых, у гонар найпрыгажэйшага Навагодняга свята! Дзеду Марозу прыладжваецца барада.

Дзед Мароз. Дзякуй, Хатабыч!

Юпітэр. Шкада з вамі раставацца…

Снягурка. Сябры, але і нам пара ў дарогу.

Паварот кола. Вандроўная песня. Танец “зорак”. Вандроўнікі перамяшчаюцца на ўзлётную пляцоўку. Фанаграма трывожнага перазову званоў. Гульня святла.

Снягурка. (Камандным тонам.) Дзед, чуеш? Футра новае жадаю!

Дзед Мароз. Што з табой, унучачка? Гэта ж тваё любімае футра!

Снягурка. Дзед, расплюшчы вочы: няўжо гэта — футра?! Жадаю, каб было новае, каб блішчала, і каб зоркі на ім ззялі!

Дзяўчынкі і Лена. Дзядуля Мароз, ізноў нячысцікі сваволяць.

Іра. І нашу Снягурку зачаравалі?

Дзед Мароз. Трэба спяшацца на Меркурый: там расце чарадзейная ягада снежаніка, якая разбурыць чары.

Паварот кола. Малюнак жоўтымі шалікамі. Песня аб працы і сяброўстве. У танцы кубікі пераносяцца жыхарамі Меркурыя ў праход залы і складаюцца ў выглядзе веж. Меркурый з вядром і пэндзлем “фарбуе” кубікі. Перазвон, з’яўляюцца вандроўнікі. Жыхары бягуць ім насустрач.

Дзед Мароз. Дабры дзень, працавітыя і дружныя жыхары Сусвету! Міру і росквіту вашай планеце!

Меркурый. Дабрыдзень, дарагія госці! Юныя жыхары Меркурыя, пазнаёмцеся з самай добрай і выхаванай дзяўчынкай!

Жыхары. Снягурка, што ты такая журботная, дзе ж твая ўсмешка?

Снягурка. Вам справа?

Дзед Мароз. Сябры мае, зусім сёння характар у маёй унучкі сапсаваўся, відаць, нячысцікі сваволяць.

Іра. Мы ведаем, што на вашай планеце расце чарадзейная ягада снежаніка.

Лена. Яна можа дапамагчы нашай Снягурцы!

Снягурка. Хачу снежанікі!

Меркурый. Так, гэта праўда, але ягаду гэтую трэба вырасціць, мілая Снягурка.

Снягурка. Вось і вырасціце яе, неадкладна!

Меркурый. Мілая Снягурка, ты павінна гэта зрабіць сама, і толькі добрыя сапраўдныя сябры могуць табе дапамагчы.

Дзед Мароз. Хлопцы і дзяўчынкі, дапамажыце, калі ласка, Снягурцы!

Саша. Дапаможам!

Жыхары. Абавязкова!

Меркурый. Вам трэба будзе перадаць чарадзейныя кубікі нашай Снягурцы, а яна павінна выкласці назву цуда-ягады.

Фанаграма. Праводзіцца гульня з гледачамі, Снягурка з кубікаў складае слова “Снежаніка”.

Дзед Мароз. Цяпер і мне час папрацаваць! Нясіце мне вялікі кацёл, пастаўце яго вось сюды — на стол. Соль, цукар і вядро вады, крыху снегу, мішуры. А пасля я дадам снежанікі. Яшчэ хвіліначку, сябры! У катле нам патрэбна ўсё змяшаць і дадаць чароўных слоў: “Снег! Снег! Снег! Лёд! Лёд! Лёд! Цуды будуць у Новы год! Снежаніка, дапамажы!”.

Усе разам з залай паўтараюць заклінанне. Гульня святла. З’яўляецца снежаніка з ямы. Дзед Мароз абсыпае Снягурку серабрыстым канфеці.

Снягурка. Ой, якое прыгожае маё футрачка! Якія добрыя і дружныя дзеці!

Снягурка дастае з снежанікі праменьчык.

Снягурка. Дзед Мароз, рабяты, паглядзіце: яшчэ і праменьчык нам падарыла снежаніка!

Меркурый. Ты сама для гэтага пастаралася, папрацавалі і сябры твае.

Жыхары. А сапраўднае сяброўства здзяйсняе цуды!

Снягурка. Дзякуй вам, працавітыя і дружныя жыхары Меркурыя!

Дзеці. Да сустрэчы!

Вандроўная песня. Паварот кола. Танец “зорак”, якія перасоўваюць кубікі, выбудоўваючы з іх у глыбіні сцэны гару. Зацямненне на сцэне.

Іра. Так цёмна! Нічога не відаць!

Лена. Ой, мы заблукалі! Я баюся, баюся!..

Саша. Дзяўчаты, не хныкаць! Зараз што-небудзь прыдумаем!

Снягурка. Дзе Палярная зорка, я памятаю, Дзядуля: ты мне расказваў, што жыве яна ў сузор’і Вялікай Мядзведзіцы.

Іра. Снягурка, усе жывёлы твае сябры.

Лена. Магчыма, і зорная Мядзведзіца не адмовіць табе ў дапамозе.

Снягурка. Мы ўсе — дзеці аднаго Сусвету, ты і я! Вялікая Мядзведзіца, дапамажы нам!

Гучыць мелодыя калыханкі з мультфільма “Умка”. Усе разам паўтараюць заклінанне. З правай кулісы з’яўляюцца Палярная зорка, за ёй шлейфам цягнецца “белая дарога” — Млечны шлях, які падымаецца ўгару. Палярную зорку суправаджаюць “зорачкі” — рухаюцца па дыяганалі.

Іра. Вось яна — Палярная зорка!

Дзед Мароз. Яна адкрывае нам Млечны шлях!

Снягурка. Дзякуй, Вялікая Мядзведзіца!

Усе. Дзякуй за дапамогу!

Голас. Увага! Падрыхтавацца да пасадкі на планету высакароднага Марса!

Паварот кола. Малюнак чырвоным. У танцы марсіян з’яўляецца Марс у дубовым вянку. На “гары” з кубікаў устаноўлены праменьчык. З’яўленне вандроўнікаў.

Дзед Мароз. Прывітанне, высакародны Марс!

Снягурка. Прывітанне, рыцары Сусвету!

Марс. І мы вам рады, паважаныя госці!

Амазонкі.

— Усім жыхарам Сусвету!

— Аб’яўляецца навагодні рыцарскі турнір!

— Пераможца ў якасці ўзнагароды атрымае…

— …апошнюю з каштоўных знаходак марсіян (паказваюць на праменьчык)!

Дзед Мароз. Саша, надышоў твой час!

Саша. У мяне не атрымаецца, я такі няўклюда…

Дзед Мароз. Саша, будзь смялейшы!

Дзяўчаты і Снягурка. Мы з табой!

Саша (падыходзіць да Марса). Я хачу прыняць удзел у рыцарскім турніры!

Марс. Рыцару патрэбны даспехі, здабудзь іх!

Фанаграма для гульні-эстафеты. Святло ў залу. Дзецям-гледачам раздаюць атрыбуты гульні “Здабудзь даспехі” — шлемы, мячы. Этапы гульні: скокі ў мяшках, бег у ластах, праход па вяроўцы.Амазонкі выступаюць каментатарамі. Удзельнікі гульні перадаюць Сашы меч і шлем. Марс, Дзед Мароз, марсіяне, дзяўчаты ўтварылі “ганаровы калідор” да гары.

Марс. Смялей, рыцар: узнагарода чакае цябе!

Гульня святла, зацямненне. Фанаграма ветру, завірухі. Саша прабіраецца да “гары”, падымаецца на яе, бярэ праменьчык. Вецер сціхае. Замена фанаграмы на ўрачыстую. Святло становіцца ярчэйшым. Саша з праменьчыкам у руках вяртаецца да Марса.

Марс. Юны рыцар, табе ў падарунак ад нас — дубовы вянок, знак моцы.

Дзед Мароз. Я ведаў, што ў цябе ўсё атрымаецца!

Вандроўная песня. Паварот кола. Танец “зорачак”. Зацямненне. “Зорачкі” знікаюць. Гучыць трывожная мелодыя. Танец Нячысцікаў вакол узлётнай пляцоўкі.

Дзед Мароз. Дык гэта ж чорны вір!

Лена. Няўжо нас паглыне цемра?

Саша. Не, гэтаму не бываць!

Снягурка. Хлопчыкі і дзяўчынкі, дапаможам закрыць чорны вір!

Дзед Мароз. Няхай кожны з вас зараз жа развітаецца з усім дрэнным!

Іра. Зайздрасцю, прагнасцю, грубіянствам.

Па меры агучвання адмоўных якасцей у танцы Нячысцікаў знікае па адным акцёры.

Лена. Ліслівасцю, хлуснёй.

Снягурка. Сябры, развітайцеся ж і вы з усімі дрэннымі якасцямі!

Дзеці (у аркестроўцы). Глупствам.

Іра. Эгаізмам.

Дзеці. Жорсткасцю.

Лена. Нянавісцю.

Дзед Мароз. Саша, а ты?

Саша. Баязлівасцю, лянотай…

Снягурка. Яшчэ, Саша.

Саша. Слабасцю.

Змена фанаграмы. Святло становіцца ярчэйшым. Нячысцікі зніклі.

Разам. Ура! Мы перамаглі!

Дзед Мароз. Дзякуй, Саша! (Кладзе руку на плячо.)
Паварот кола. Блакітнае свячэнне Венеры. Танец жыхароў планеты і Венеры. У фінале танца на авансцэну выходзіць Венера ў атачэнні маленькіх дзетак (4-5 гадоў). Дзеці ўважліва слухаюць расповед Венеры.

Венера. І тады Бог угнявіўся, і раскідаў палавінкі па ўсім свеце...

Дзяўчынка. Па ўсім?

Венера і дзеці рассаджваюцца на кубікі.

Венера. Так.

Дзяўчынка. А цяпер?

Венера. І да гэтай пары людзі шукаюць сваіх “палавінак”, і толькі разам яны становяцца шчаслівымі.

Хлопчык. Я зразумеў: любоў — гэта мама, тата і я!

Дзяўчынка. Я ведаю: любоў гэта — калі ўсім весела!

З правага дальняга вугла сцэны з’яўляюцца вандроўнікі. Саша, убачыўшы Яну, кідаецца насустрач.

Саша. Яна!

Яна (узняўшыся). Саша!

Фанаграма мелодыі песні Папялушкі і Прынца з мультфільма “Папялушка”. Саша і Яна паступова рухаюцца насустрач адно аднаму.

Саша. Ты?

Яна. Ты?

Саша. Мы.

Яна. Мы.

Саша. Для цябе.

Яна. Для цябе.

Дзеці працягваюць адно аднаму далоні з праменьчыкамі.

Разам. Для нас, для ўсіх.

На фоне музыкі — ціканне гадзінніка. Сцэна зацямняецца. На авансцэне Саша і Яна глядзяць адно на аднаго, злучыўшы рукі.

Яна. Вось мы і дома.

Саша. Я жадаю нам, я жадаю ўсяму свету...

Яна. Я жадаю нам, я жадаю ўсім кахання!

Падыходзяць Лена і Іра, працягваюць далоні з праменьчыкамі, злучаюць рукі.

Лена. Я жадаю нам, я жадаю ўсім сяброўства!

Іра. Я жадаю нам, я жадаю ўсім дабра!

Паступова святло на сцэне становіцца ярчэйшым, да дзяцей падыходзяць Дзед Мароз і Снягурка. Гучыць мелодыя песні “Алілуя!” з рок-оперы “Юнона і Авось”.

Снягурка. Працягніце адно аднаму рукі...

Дзед Мароз. Паглядзіце адно аднаму ў вочы...

Снягурка. І пажадайце адно аднаму…

Разам. Шчасця!

Мелодыя працягвае гучаць. Сцэна асвятляецца. На ёй — усе ўдзельнікі прадстаўлення, у руках — бенгальскія агеньчыкі, напрыканцы прыпеву песні гучыць бой звона, над сцэнай з’яўляецца Зорка шчасця — ад яе промняў расцягваюцца па крузе бліскучыя стужкі.
Праз цэнтр сцэны Дзед Мароз выносіць маленькага акцёра ў ролі Новага годзіка. На фоне мелодыі гучыць тэкст.
Новы годзік.

Я самы юны госць на свяце сёння:

Я не пражыў пакуль яшчэ і дня.

І ў гэты час святочны, навагодні

Звяртаюся з вітаннем да вас я!

Снягурка.

Няхай будзе мір на планеце,

Жывуць усе народы ў згодзе!

Яна.

Сябруюць усе дзеціна свеце

У Новым — 2009-ым — годзе!

Дзед Мароз.

Няхай убачаць усе планеты

Шмат сонца, шмат святла!

Саша.

Няхай знікнуць усе нягоды!

З Новым годам!

З новым шчасцем!

З Новым 2009 годам!

Гучыць фінальная песня. У аркестравай яме чуваць выбухі хлапушак. Напрыканцы ўсе ўдзельнікі адыходзяць у глыбіню сцэны.
Заслона.

Наталля МАІСЕЕВА,
галоўны рэжысёр УК “Магілёўскі АМЦНТ і КПР”