АПЫТАЛЬНІК ДЛЯ ЗБОРУ МАТЭРЫЯЛУ ПА НАРОДНЫМ ВЯЗАННІ НА БЕЛАРУСІ

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г


 /i/content/pi/cult/187/1995/Apytalnik.jpg
Яшчэ не так даўно валоданне пэўнымі відамі рамёстваў з’яўлялася жыццёва неабходным для селяніна. Жанчына павінна была ўмець прасці, ткаць, вышываць, вязаць, плесці паясы, каб задаволіць патрэбы сям’і ў вопратцы і іншых рэчах бытавога прызначэння. У канцы ХІХ — першай палове ХХ стагоддзя самаробныя рэчы паступова пачынаюць “выцясняцца” прамысловымі, і ў гарадскіх жыхароў занятак рукадзеллем з жыццёва неабходнага набывае статус “хобі”. У вёсцы ж гэты працэс ішоў нашмат марудней, і таму яшчэ і ў наш час можна сустрэць жанчын старэйшага пакалення, якія валодаюць сакрэтамі майстэрства або пэўнай інфармацыяй па такім рамястве.
Адным з відаў беларускага народнага мастацтва з’яўляецца вязанне. Вязанне — складаны від пляцення, які заснаваны на счапленні паміж сабой петляў адной ніткі. Пры гэтым у наш час існуе як пласт традыцыйнага вязання, якое можна ўбачыць у старадаўніх рэчах, так і пласт больш сучаснага, узоры і тэхнічныя прыёмы выканання якога маглі быць узяты з літаратуры і перыядычнага друку. Пры распрацоўцы дадзенага апытальніка аўтар хацеў засяродзіць увагу карыстальніка менавіта на традыцыйным вязанні, таму што толькі па ім можна вызначыць мясцовыя асаблівасці і паспрыяць іх аднаўленню ды захаванню.
Вязанне не атрымала на Беларусі такога вялікага распаўсюджання, як, напрыклад, у краінах Скандынавіі ці Расіі. Цяжка сказаць, чаму ў старадаўнія часы на тэрыторыі Беларусі амаль не распаўсюджана было вязанне цэлых рэчаў, асабліва на прутках. Абумоўлена гэта было, напэўна, наступнымі прычынамі:
— тканая рэч з той жа самай якасці нітак будзе цяплейшая, а значыць, больш карысная для вясковага селяніна ў кліматычных умовах Беларусі;
— ткацтва — менш працаёмкі і больш хуткі працэс;— вязаныя кручком рэчы маюць звычайна ажурны выгляд, яны існуюць, хутчэй, для ўпрыгожвання, таму ў гэтай тэхніцы часцей за ўсе рабілі толькі асобныя дэталі для аздаблення адзення;
— ваўняныя ніткі былі менш распаўсюджаны на Беларусі, паколькі з’яўляліся больш дарагімі.
Вязанне, падобна і іншым відам традыцыйнага мастацтва, мае як агульныя рысы ў межах пэўнай тэрыторыі, так і свае асаблівасці. На Беларусі гэта датычыцца толькі асобных відаў вязання (напрыклад, карункапляцення).
Гэты апытальнік, прызначаны для работнікаў культуры, пакліканы дапамагчы высветліць мясцовыя асаблівасці аднаго з традыцыйных відаў мастацтва — вязання і, як ужо адзначалася, паспрыяць яго захаванню.
Пры распрацоўцы апытальніка аўтар карыстаўся працамі вядомых навукоўцаў і даследчыкаў пры вызначэнні агульнапрынятых тэрмінаў і паняццяў, якія могуць быць невядомымі і незразумелымі для карыстальнікаў. Таму не ўсе пытанні, прыведзеныя ніжэй, трэба чытаць з ліста ў тым выглядзе, у якім яны пададзены: іх варта крыху “адаптаваць” да мясцовых паняццяў, зразумелых носьбіту традыцыі. У любым выпадку, рэкамендуецца прачытаць апытальнік, і, калі ёсць нейкія незразумелыя моманты, прагледзець адпаведную літаратуру.


АГУЛЬНЫЯ ПЫТАННІ ПРА ЗАНЯТАК ВЯЗАННЕМ У ПЭЎНАЙ МЯСЦОВАСЦІ

1. Якія віды вязання з нітак, карункапляцення сустракаюцца ў вашай мясцовасці, акрамя вязання пруткамі і кручком (шыдэлкам)?

Якімі спосабамі, акрамя вязання кручком, рабіліся карункі?

2. Якія інструменты выкарыстоўваліся для вязання, карункапляцення? Ці існавалі самаробныя інструменты для вязання? З якога матэрыялу яны вырабляліся?

3. Як па-мясцоваму называюцца інструменты і віды вязання?

4. У вашай мясцовасці вязаннем займалася пераважна ўсё жаночае насельніцтва ці асобныя майстрыхі?

5. Ці захаваліся ў жыхароў якія-небудзь старадаўнія вязаныя рэчы?

6. Якія мясцовыя назвы паняцця “вязанне” існуюць?

7. З якога часу пры вязанні пачалі карыстацца інфармацыяй з часопісаў, газет, кніг?

8. Пералічыце вядомых майстрых вашай мясцовасці, якія здаўна займаюцца вязаннем і маюць якія-небудзь старадаўнія вязаныя рэчы (прозвішча, імя, імя па бацьку, год нараджэння, ад каго пераняласакрэты майстэрства).

9. У якую пару года займаліся вязаннем? У які час сутак? Вязалі звычайна паасобку ці групамі (калі збіраліся на вячоркі)?

10. Як вучыліся вязанню: у сям’і ці ў групе вучылі адна адну, або магла навучыць якая-небудзь мясцовая майстрыха?

11. З якога прыкладна ўзросту дзяўчыну маглі вучыць вязанню?

12. Ці рабіліся вязаныя рэчы на продаж?

13. Пад час якіх царкоўных святаў забаранялася вязаць? У якія дні тыдня вязаць было нельга?

14. Ці дазвалялася вязаць у перыяд цяжарнасці? Калі не дазвалялася, то чаму?

15. Ці вязалася адзенне для нованароджанага, немаўляці? Кім яно вязалася і ў які перыяд (да ці пасля нараджэння)?

16. Ніткі якой якасці выкарыстоўваліся для вязання?

17. Да якога часу ніткі фарбавалі самастойна? Якімі спосабамі фарбавалі ніткі ў вашай мясцовасці ў старадаўнія часы (лісцем бярозы, шалупіннем цыбулі, яловымі шыгаллем і шышкамі, жалудамі, крапівой)? Якія колеры атрымліваліся пры ўжыванні кожнага спосабу? (Апішыце.)

18. Якім быў працэс фарбавання? Ці выкарыстоўвалі замацавальнік: расол квашанай капусты, вінную кіслату, бярозавы попел, воцат?

19. Якія рэчы вязалі цалкам (сурвэткі, абрусы, безрукаўкі, хусткі, рукавіцы, шкарпэткі, іншае)? У якіх рэчах вязалі асобныя дэталі (абвязка краёў ручнікоў, сурвэтак, фіранак, абрусоў)?

20. Ці вязалі кручком гузікі? Вязалі цалкам ці абвязвалі зробленыя з іншага матэрыялу?

21. Кручкі для вязання ў вашай мясцовасці выраблялі з дрэва ці металу? З якіх парод дрэва яны маглі вырабляцца: яблыні, лазы, бярозы, алешыны, іншых? Ці мянялася назва кручка у залежнасці ад яго формы або матэрыялу, з якога рабілі? Якой формы быў гэты кручок?

22. Ці выкарыстоўвалі кручкі для віцця вяровак, шнуроў? Якая мясцовая назва існавала для вяровак, вырабленых пры дапамозе кручка?

23. Ці выкарыстоўвалі самаробныя шнуркі для спалучэння дэталей вязаных вырабаў, дэкарыравання адзення, для завязвання абутку?

Калі ў вашай мясцовасці існаваў старадаўні шнураваны абутак, ён быў жаночы ці мужчынскі, святочны ці паўсядзённы?

КАРУНКІ

Карункі — тэкстыльныя ажурна-сеткаватыя вырабы, у якіх узор утвараецца перапляценнем нітак; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У залежнасці ад тэхнікі выканання падзяляюцца на ручныя і машынныя (з’явіліся ў пачатку ХХ стагоддзя). Ручныя карункі могуць выконвацца пры дапамозе розных інструментаў: кручка (шыдэлка), кручка разам з вілкай; каклюшак; чаўнака; пруткоў. Суадносна з інструментам будуць адрознівацца і тэхнікі выканання. Акрамя таго, існуе некалькі розных тэхнік выканання і ў рамках выкарыстання аднаго інструмента. Напрыклад, кручок (старадаўняя назва — тамбур) выкарыстоўваўся ў народным вязанні ў многіх краінах, але ў кожнай маглі быць свае варыяцыі ці спосабы выканання.

Віды карункапляцення паводле інструментаў, што выкарыстоўваюцца, — пляценне карункаў на каклюшках, пры дапамозе чаўнака і пры дапамозе кручка.

Каклюшкі — круглыя драўляныя палачкі з выемкамі для наматвання нітак, перакідваючы якія майстрыха стварае патрэбны ўзор.

Па спосабе пляцення карункі дзеляцца на парныя і счэпныя. Парныя карункі выплятаюць некалькімі парамі каклюшак у залежнасці ад шырыні карункавай паласы. Пры счэпнай тэхніцы колькасць каклюшак павялічваюць у некалькі разоў. Выплятаюцца асобныя кавалкі карункавага ўзору, якія потым аб’ядноўваюць пры дапамозе вязальнага кручка. У парнай тэхніцы выконваюць звычайна мерныя карункі: іх можна адмерыць і адрэзаць у патрэбнай колькасці. Счэпную тэхніку прымяняюць галоўным чынам для выканання штучных вырабаў — абрусаў, сурвэтак, фіранак, дапаўненняў да адзення. У каклюшачных карунках існуе мноства разнастайных прыёмаў: палатнянка, сеткі, павучкі і г. д. Кожны з гэтых прыёмаў мае пэўныя сродкі выяўлення і выкарыстоўваецца майстрыхай у адпаведнасці з задуманым малюнкам.

Чаўночныя карункі — карункі, выкананыя пры дапамозе спецыяльнага чаўнака. Чаўнок складаецца з дзвюх пласцінак, якія аб’яднаны пасярэдзіне кароткім стрыжнем і выгнуты такім чынам, што іх вострыя канцы дакранаюцца. У стрыжні ёсць вушка, куды ўцягваецца рабочая нітка. Асноўны элемент чаўночных карункаў — колцы.

Віды вязаных кручком карункаў паводле тэхнічнага выканання: простае вязанне кручком, гіпюр (ірландскае карункапляценне), вязанне на “вілцы” (звычайна металічнай), туніскае вязанне, філейнае вязанне.

Асноўныя прыёмы простага вязання кручком: паветраная пятля, паўслупкі, слупкі без накіду, слупкі з накідам, слупкі з 2-ма, 3-ма накідамі, піко.