Пагранічная застава ў Брэсце, 1941 г. |
Урэшце, тут няма нічога дзіўнага. Што мы наогул ведалі пра работу ваеннай контрразведкі? У чым яе сутнасць? Так, контрразведка — гэта спецыяльны орган разведвальнай службы, прызначаны ахоўваць краіну ад пранікнення агентуры замежных разведак і ліквідаваць іх падрыўную дзейнасць. На Беларусі гэтым у адпаведнасці з Законам «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь» ад 3 снежня 1997 г. займаецца Упраўленне ваеннай контрразведкі КДБ краіны. Кантроль за дзейнасцю апошняга ажыццяўляюць непасрэдна Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і Урад, а нагляд за яе законнасцю — адпаведныя органы пракуратуры.
Так бы мовіць, адкрыты бок работы гэтай дзяржаўнай структуры ў яе візуальна-эмацыянальным ключы мы ведаем, збольшага, па дэтэктывах і мастацкіх фільмах, на жаль, не заўсёды дабраякасных. Хаця, на мой погляд, такія карціны розных часоў, як «Подзвіг разведчыка», «Мёртвы сезон», «Семнаццаць імгненняў вясны», «Шчыт і меч», «Шлях у «Сатурн» і «Канец «Сатурна» (апошнія два фільмы зняты, дарэчы, на «беларускім» матэрыяле) і некаторыя іншыя, былі вельмі цёпла сустрэты мільёнамі гледачоў.
Пра дзейнасць Галоўнага ўпраўлення контрразведкі «Смерш» (расшыфроўка абрэвіятуры — «Смерць шпіёнам»), створанага для барацьбы з разведвальна-падрыўной работай праціўніка, са здраднікамі і дэзерцірамі, мы ведалі таксама вельмі мала. Бадай, толькі кніга Уладзіміра Багамолава «Момант ісціны» і знятая па гэтым рамане стужка нашага выдатнага кінарэжысёра Міхаіла Пташука «У жніўні 44-га…» упершыню, прынамсі, для мяне, прыадкрылі нейкія таямніцы дзейнасці названага органа.Асабісты склад аднаго з асобых аддзелаў ваеннай контрразведкі. 1942 г. |
Дарэчы, аддзел Галоўнага ўпраўлення контрразведкі «Смерш» Беларускай ваеннай акругі быў створаны восенню 1943 года і ўнёс неацэнны ўклад у барацьбу з акупантамі, канчатковы разгром ворага і набліжэнне Вялікай Перамогі. Адзначу, што адна з мінскіх вуліц носіць імя лейтэнанта Васіля Чабатарова, оперупаўнаважанага «Смерш» 5-й гвардзейскай танкавай арміі 3-га Беларускага фронту, Героя Савецкага Саюза, які ў чэрвені 1944 года загінуў у рукапашным баі з фашыстамі пад Барысавам.
Як сказана ў пралогу згаданай кнігі, «сёння прыходзіць разуменне таго, што гісторыю нельга кроіць па сваім прыватным меркаванні. Усё дрэннае і добрае, подлае і гераічнае, усё, што было, — усё гэта наш набытак. За намі толькі права выбару. Нам вырашаць, што ўзяць з мінулага: попел ці агонь. Але для гэтага вельмі важна ведаць і разумець гісторыю сваёй краіны».
Кніга «Военная контрразведка Беларуси...» — якраз пра гэта, пра яе гераічную і трагічную гісторыю, пра далёкае і нядаўняе мінулае контрразведчыкаў, якія дзейнічалі менавіта на тэрыторыі нашай краіны. Выданне расказвае пра падзеі, фактычна, стогадовага перыяду, пачынаючы з дакументальных гістарычных нарысаў дарэвалюцыйнага і савецкага часу і заканчваючы сучаснасцю. У кнігу ўвайшлі ўспаміны ваенных контрразведчыкаў, якія выконвалі свой воінскі і службовы абавязак у Афганістане і Чарнобыльскай зоне.
У трэцім раздзеле выдання падаецца біяграфічны даведнік і даныя аб кі-аўніках ваеннай контрразведкі Беларусі, пачынаючы з моманта ўтварэння Асобага аддзела Заходняга фронту, гэта значыць — з 1919 года.
Як гісторык і мастацтвазнаўца я з вялікай цікавасцю сачыў за разгортваннем падзей і фактаў у раздзеле «Выпрабаванне агнём», дзе апісваецца дзейнасць беларускай ваеннай контрразведкі ў гады Вялікай Айчыннай. Прывяду толькі адзін факт, раней невядомы. Па даных «Кнігі памяці супрацоўнікаў контрразведкі, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны 1941 — 1945 гг.», на тэрыторыі Беларусі загінулі і прапалі без вестак больш за 350 ваенных контрразведчыкаў, у тым ліку 200 чалавек — толькі летам 1941 года. Аднак, на думку аўтара кнігі Валерыя Надтачаева, рэальная лічба страт — 700 чалавек. І ён даказвае гэта па дакументальных крыніцах. Адметна, што за першыя паўгода вайны Асобым аддзелам Заходняга фронту было арыштавана і выкрыта больш за 500 агентаў нямецкай разведкі!
І яшчэ. Вельмі яскрава расказана пра тое, як трагічна пачыналася вайна на тэрыторыі нашай краіны і як мужна выконвалі свой абавязак у гэтых нялёгкіх абставінах першыя героі-контрразведчыкі, якія змагаліся з германскімі спецслужбамі, дыверсантамі, шпіёнамі, прадстаўнікамі розных абвергруп у Барысаве, Віцебску, Багушэўску, Мінску.
Аўтар падрабязна распавядае і пра малавядомыя старонкі дзейнасці так званых загараджальных атрадаў, пераканаўча аддзяляе праўду ад вымыслу ў гэтым складаным пытанні.
Чытач таксама даведаецца пра унікальныя аперацыі нашых контрразведчыкаў у тыле ворага, у тым ліку ў Барысаве — «Сатурн» (пазыўны «Сатурн» належыў абверкамандзе-103 пры армейскай групіроўцы «Цэнтр»), пра нялёгкі лёс агента савецкай ваеннай контрразведкі Аляксандра Казлова — пад псеўданімам “Следапыт” — прататыпа героя вядомага фільма, таксама пра іншых “байцоў нябачнага фронту”, пра выдатную «вострасюжэтную» аперацыю «Перахват» па знішчэнні фашысцкай разведвальна-дыверсійнай тэрарыстычнай групы, якая была заслана з разведоргана «Цэпелін» у раён Смаленшчыны.
Словам, як піша Валерый Надтачаеў, у гады Вялікай Айчыннай вайны органы ваеннай контрразведкі эфектыўна змагаліся са спецслужбамі Трэцяга рэйха. Перамогу ў тайнай вайне ім забяспечылі не карныя меры, а прафесіяналізм, мужнасць супрацоўнікаў і, што не менш важна, падтрымка з боку насельніцтва. Але гэта, падкрэслівае аўтар, не здымае адказнасці з тых, хто парушаў закон, злоўжываў уладай і праяўляў неапраўданую жорсткасць. Такія факты, канешне, былі, але яны не насілі сістэмнага характару, як гэта часам падкрэсліваецца і акцэнтуецца ў некаторых кнігах.
Галоўнае ў іншым. Як піша ў сваім уступе да кнігі Юрый Жадобін, «у ходзе страшэнных баёў з ворагам склалася новая фармацыя ваенных контрразведчыкаў, якія прыйшлі, вобразна кажучы, з акопаў і не па чутках ведалі, што такое перадавая. Яны з гонарам вытрымалі выпрабаванне агнём і ўпісалі свае імёны ў летапіс нашай агульнай Вялікай Перамогі». І гэта сапраўды так.
Згадайма, што ў прэзентацыі кнігі прынялі ўдзел старшыня КДБ Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Вадзім Зайцаў, намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета беспекі генерал-маёр Аляксей Ялфімаў, кіраўніцтва і асабовы склад КДБ, Упраўлення ваеннай контрразведкі, упраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці ды іншыя інстытуты нацыянальнай бяспекі, рэцэнзенты кнігі, доктар юрыдычных навук Станіслаў Князеў і доктар гістарычных навук Аляксандр Каваленя, генеральны дырэктар выдавецтва «Кавалер», якое ажыццявіла выпуск выдання, Канстанцін Хацяноўскі, ветэраны ваеннай контрразведкі, удзельнікі баявых дзеянняў у Афганістане, контрразведчыкі-ліквідатары вынікаў Чарнобыльскай аварыі, а таксама кіраўнікі навуковых і архіўных цэнтраў Беларусі і прадстаўнікі СМІ.
Фотаматэрыял для кнігі падрыхтаваны А.Стрэхам і В.Надтачаевым, малюнкі выкананы В.Ляхорам.
Удзельнікам прэзентацыі быў паказаны дакументальны фільм «Хроніка тайнай вайны» — адна з васьмі стужак, якія былі створаны на аснове матэрыялаў гэтай кнігі.
Барыс КРЭПАК
Ад рэдакцыі. 19 снежня — 90-годдзе з дня заснавання Асобага аддзела ВЧК-КДБ — Ваеннай контрразведкі Беларусі. “К” далучаецца да віншаванняў на адрас супрацоўнікаў і ветэранаў Ваеннай контрразведкі Беларусі.