Графскімі шляхамі

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

Вывучэнне гісторыі раёна — адна з прыярытэтных сфер дзейнасці супрацоўнікаў Лагойскага гісторыка-кразянаўчага музея імя К. і Я. Тышкевічаў.

Найперш вядзецца актыўная работа з моладдзю: у межах гісторыка-краязнаўчага клуба “Спадчына” знаёмяць дзяцей з гісторыяй роднага краю. Разам з тым супрацоўнікі музея распрацоўваюць курс лекцый “Лагойсказнаўства” і сістэматычна выязджаюць з імі ў сельскія школы.

Адметная старонка дзейнасці музея — арганізацыя і правядзенне сёлета сумесна з супрацоўнікамі кафедры гісторыі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Першых Тышкевіцкіх чытанняў, у якіх прынялі ўдзел студэнты аддзялення музеязнаўства і іх выкладчыкі, што атрымалі выдатную магчымасць азнаёміцца з цікавымі экспазіцыйнымі матэрыяламі, прысвечанымі жыццю і дзейнасці шляхцічаў-асветнікаў.

З найбольш цікавымі момантамі з жыцця братоў Тышкевічаў пазнаёміў прысутных загадчык кафедры гісторыі і музеязнаўства Аляксандр Смолік.

Акрамя таго, удзельнікамі форуму была агучана інфармацыя пра ўклад нашых знакамітых землякоў у развіццё беларускай археалогіі, пра збор мастацкай калекцыі, частку з якой можна было пабачыць у выглядзе фотапрэзентацыі, падрыхтаванай мастацтвазнаўцай Алай Нароўскай. Дырэктар музея прысвяціла сваё выступленне “Шляхамі графа К.Тышкевіча праз 150 гадоў” Міжнароднай навуковай экспедыцыі “Вілія — Нэрыс-2007”, а галоўны захавальнік фондаў Дзіяна Рамадзіна выступіла з дакладам “Гісторыя Лагойска і сучаснасць” і прадэманстравала відэафільм, прысвечаны 930-годдзю горада.

Карысная інфармацыя прагучала ў выступленні Алены Паўлавай “Архівы К. і Я. Тышкевічаў”. Не забыліся ўдзельнікі чытанняў і на пытанні ўласна музеязнаўства.

Напрыклад, намеснік дэкана факультэта інфармацыйна-дакументных камунікацый БДУКіМ па вучэбнай рабоце Іванна Бамбешка выступіла з дакладам “Нарматыўна-прававое забеспячэнне музейнай дзейнасці ў Беларусі”.

Такім чынам, Першыя Тышкевіцкія чытанні, якія плануецца зрабіць рэгулярнымі, сталі важнай падзеяй для супрацоўнікаў музея і іх будучых калег. Яны таксама ўнясуць свой даробак у справузахавання памяці пра нашых продкаў — братоў Тышкевічаў.

Святлана ЖЫГУНОВА,
дырэктар Лагойскага гісторыка-краязнаўчага
музея імя К. і Я. Тышкевічаў