У пантэоне “культурных герояў”

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

Наяўнасць подпісу “Доктар Францыск Скарына” на шырокавядомым партрэце нашага першадрукара, змешчаным напрыканцы “Кнігі мудрасці Ісуса, сына Сірахава”, дазволіла сучасным беларускім мастакам стварыць велізарную выяўленчую скарыніяну. Тым больш, сімвалічнымі з’яўляюцца словы з гэтай кнігі, якія, як “І хадзіла нага мая шляхам правым” карэлююць са схаванасцю левай нагі Скарыны за пульпітам, а выраз “Прыхіліў я вуха сваё да яе (мудрасці)” — з нахіленасцю яго галавы ў правы бок.

У 1998 годзе аўтар артыкула ідэнтыфікаваў выявы “падставак” з капітэлямі, на якіх месцяцца “геральдычныя” львы, з легендарнымі калонкамі старазапаветнага праведніка Яноха. Апошнія некаторыя навукоўцы суадносяць са слупамі ўвахода ў іерусалімскі храм.

Наступным крокам аўтара з’явіўся пошук згадак Яноха ў тэксце “Ісуса Сірахава”. Высветлілася, што ягонае імя пачынае пералік асоб, вартых неўміручасці ў памяці людзей.

 /i/content/pi/cult/187/1990/Skaryna1.jpg

“Хрыстова нявеста”.

Зробім невялікі экскурс у эпоху Адраджэння. У колах гуманістаў і блізкіх да іх мастакоў ды паэтаў былі вельмі папулярнымі словы Платона аб звычайных дзецях, за якіх іх бацькам не ўзводзяць помнікаў, і духоўна-творчай спадчыне, творцам якой іх узводзяць. Яшчэ ў XV стагоддзі даверанай асобе Казіма Медычы Старэйшага пашчасціла ў глухім кутку Візантыі адшукаць і набыць для яго славутага кнігазбору старажытныя тэксты, якія прыпісваліся легендарнаму Трысмегісту, чыё імя прыгадаў Скарына ў адной са сваіх прадмоў. Выданне гэтых тэкстаў пад агульнай назвай “Паймандр” зрабіла “Тройчы найвялікшага” вельмі папулярным. Словы яго гучалі ў прамовах універсітэцкіх прафесараў і з царкоўных амбонаў. А выява ягоная ўпрыгожыла інтэр’ер кафедральнай царквы Сіены. Усё гэта садзейнічала ўзнікненню своеасаблівага “віртуальнага” рэнесанснага пантэона “культурных герояў” розных народаў, пачэснае месца ў якім сярод імёнаў Трысмегіста, Арфея і Заратуштры адвялі і Яноху.

Згодна з паданнямі, культурныя героі, выканаўшы сваю асветніцкую місію на зямлі, уздымаюцца на неба. Паспрабуем адшукаць сімвалы гэтага на партрэце асветніка з Полацка.

У час Скарыны існавала дзве разнавіднасці падушак для лаў, пераканаўча намаляваць якія ў стане нават малыя дзеці: гэта звыклыя нам чатырохвугольныя і цыліндрычныя валікі-мяхі, завязаныя з двух бакоў. “Падушка” ж, што адлюстравана на лаве з правага боку ад постаці Скарыны, сваёй бясформеннасцю больш нагадвае воблака. Менавіта так некаторыя ідэнтыфікавалі фрагмент яе правай часткі, пазбаўлены выяў усіх астатніх (найперш — лавы) ніжэйшых прадметаў, што адлюстраваны на гравюры. У гэтым кантэксце цалкам зразумела размяшчэнне сімвала зямнога жыцця Яноха-Скарыны (Светач) на “падлозе”, згасласць і абгарэласць якога сведчаць не на карысць гіпотэзы пра дату нараджэння нашага першадрукара, а наяўнасць на ім рэфлектара нагадвае аб вядомай тэолагам дактрыне: згодна з ёй зямное жыццё з’яўляецца адлюстраваннем нябеснага.

Згодна з эзатэрычнымі паданнямі, Янох вынайшаў страчаны пазней прататып сучаснага пісьменства і навучыў яму першых людзей. Надпіс “Доктар (Настаўнік) Францыск Скарына” змешчаны на аўтэнтычнай выяве пераноснай пісьмовай дошкі шкаляроў. Не хапае толькі плечавага рэменя.

У адрозненне ад гэтай выявы, мастакі часоў Рэнесанса і барока ставілі свае подпісы на ўмоўна-стылізаваных адлюстраваннях дошак, больш падобных на кухонныя. Імя ж Скарыны “напісана крэйдай” на чорным сланцы грыфельнай дошкі. Складанае
 /i/content/pi/cult/187/1990/Skaryna2.jpg

Гравюра з “Кнігі мудрасці Ісуса,
сына Сірахава”.

перапляценне літар гэтага надпісу абумоўлена жаданнем надаць звыклай кірыліцы выгляд страчанага прататыпу пісьменства. Толькі дзякуючы кантэксту прадмовы і пасляслоўя да “Кнігі мудрасці Ісуса, сына Сірахава” (“Доктар Францыск Скарына”), вялікай літары “Ф” (Францыск) і бясспрэчнай паслядоўнасці літар “Ско” (Скарына) першыя даследчыкі змаглі прачытаць складаны подпіс да гравюры.

У эпоху Рэнесанса філосафы-неаплатонікі, і, у прыватнасці, сучаснік Скарыны Мірандола, лічылі старазапаветнага Іегову (левая выява старэйшага льва) адным з шэрагу мясцовых нацыянальных багоў, узыходзячых да Адзінага Святла вышэйшага Розуму, а Стары Запавет і асабліва кнігу “Кнігі мудрасці Ісуса, сына Сірахава” — кампендыумам універсальнай чалавечай мудрасці. На тытуле гэтай кнігі змешчана гравюра “Бласлаўленне”, на якой у вобразе юнака многія даследчыкі абгрунтавана бачылі адлюстраванне Скарыны. У адрозненне ад выяў далоняў так званых данатараў, далоні яго як быццам бы пачціва прымаюць нябачную Мудрасць з рук Бога.

Доказам аўтэнтычнасці трактоўкі дубовай гірлянды (corona) у якасці сімвала універсальнага Бога неаплатонікаў-пантэістаў і гностыкаў-кабалістаў з’яўляюцца не толькі два тэаморфныя аўтапартрэты Іераніма Босха і адзін — Леанарда да Вінчы, але і гравюра з тытула кнігі “Песня песняў” з памылковай назвай “Хрыстова нявеста” (Царква).

Пры разглядзе гэтай выявы выклікаюць здзіўленне грубаватасць “жаночага” твару “нявесты” і адсутнасць вакол выявы німба, таму што Маці-Царква — святая. Дэталёва вывучыўшы гравюру, можна ўбачыць цудоўную выяву Скарыны з рэалістычнай выявай кароны, якую ён атрымлівае з рук самога Бога. Доўгія валасы першадрукара сімвалізуюць ззянне ўнутранага светача розуму. Рэнесансныя перамены ў іканаграфіі выяў Мадонны(прычоска і колер валасоў) сведчаць на карысць гэтай гіпотэзы. Напрыклад, у дзюрэраўскай “Мадонны з касачом” адсутнічае нават выява танюсенькага німбавага круга. Залатыя локаны валасоў, нібы языкі полымя, зарыентаваны ў правы бок. (У перакладзе з лацінскай мовы “coma” — “валасы”, “ззянне”.)

У кантэксце рэнесанснай эмансіпацыі асобы прыжыццёвыя выявы Францыска Скарыны храналагічна апярэдзілі славуты гравюрны партрэт Эразма Ратэрдамскага.


Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА
Гомель