У кнізе сабрана інфармацыя пра скарбніцы культуры нашай краіны ад раённых да нацыянальных музеяў. Як зазначыў у размове з карэспандэнтам “К” адзін са стваральнікаў выдання Ігар Клепікаў, канцэпцыю кнігі складае асвятленне гісторыі ўстаноў, апісанне іх сучаснай экспазіцыі.
Сам праект здзяйсняўся прыкладна на працягу года: за гэты час было сабрана больш за 200 артыкулаў і некалькі сотняў фотаздымкаў, прычым шмат матэрыялаў напісалі непасрэдна супрацоўнікі музеяў.
Акрамя таго, выданне ўзбагачае разгорнутая прадмова, дзе зроблены гістарычны агляд музейных устаноў нашай краіны: ад згадак пра зборы мастацкіх каштоўнасцей і рэліквій святой Еўфрасінні Полацкай да разгляду найноўшай Канцэпцыі развіцця музейнай справы ў Рэспубліцы Беларусь.
К.А.