Стратэгічная галіна спадчыны

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

Гомельшчыну, мусіць, ніяк не назавеш найбагацейшым на гісторыка-культурныя помнікі рэгіёнам Беларусі: завірухі часу “парупіліся” пра тое, каб аб’ектаў, пазначаных у Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей “нулявой” і “першай” катэгорыямі, захавалася ў вобласці ўсяго тры. Але тую акалічнасць, што месцам правядзення выязнога пасяджэння калегіі Міністэрства культуры краіны, прысвечанага адраджэнню гісторыка-культурнай спадчыны, была абрана менавіта Гомельшчына, нельга прызнаць выпадковай. Убачанае актуалізавала ў свядомасці адну відавочную ісціну: спадчына можа стаць сапраўднай вартасцю толькі дзякуючы рупнасці сучаснікаў. Як адзначыў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рылатка, які адкрываў пасяджэнне калегіі, убачанае на Гомельшчыне засведчыла: абласныя і раённыя ўлады ўмеюць шанаваць мінуўшчыну свайго краю, і таму яна прыносіць належны плён і ў наш час.

У чаканні новага прызначэння
У свой час адметны паводле архітэктурнага вырашэння палац Козел-Паклеўскіх у Чырвоным Беразе чакаў звыклы для многіх архітэктурных помнікаў лёсціхага скону”. Гадоў сем ён прастаяў спусцелы, амаль без даху. Але цяпер фінансаванне на яго рэстаўрацыю з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў выдаткоўваецца спраўна, таму ёсць усе падставы меркаваць, што рэстаўрацыйныя работы скончацца ў тэрмін, і ўжо налета мы пабачым палац у абноўлена-старым абліччыці, прынамсі, яго частку, бо поўны ўвод абекта запланаваны на 2010 год.

Балазе сёння можна завітаць туды ў любы час, каб пераканацца, што работы ідуць няспынна. Нават наведванне палаца ўдзельнікамі пасяджэння не стала прычынай для іх прыпынення. І прайшоўшыся заламі, кожная з якіх калісьці мела адметнае стылістычнае вырашэнне, лішні раз пераконваешся: рэстаўрацыя — справа надзвычай карпатлівая. Тая ж старая ляпніна аднаўляецца па драбніцах, з захаваннем усіх аўтэнтычных яе фрагментаў. Навуковы кіраўнік аб’екта Аляксандр Кропатаў распавёў таксама і пра нябачны для вачэй будучых турыстаў інжынерны аспект рэстаўрацыйных работ, які прадугледжвае гідраізаляцыю будынка.

 /i/content/pi/cult/187/1981/Socium1.jpg
Як адзначыў пад час свайго дакладу на пасяджэнні калегіі начальнік Упраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый Чумакоў, рэстаўрацыйныя работы вядуцца або плануюцца і ў многіх іншых сядзібах краю — скажам, нараўлянскім палацы або сядзібе ў вёсцы Хальч, што на Веткаўшчыне. Увогуле, за апошнія тры гады на рэстаўрацыю помнікаў архітэктуры Гомельшчыны было выдаткавана больш за 28 мільярдаў рублёў, прычым 16 з паловай з іх — з муніцыпальных бюджэтаў.

Праблема захавання гістарычных сядзіб, якія на сённяшні дзень не маюць свайго функцыянальнага прызначэння, была пазначана асобным пунктам у праекце рашэння калегіі. І сапраўды, сёння гэтае пытанне можна назваць адным з самых злабадзённых у справе аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Але не для Гомельшчыны.

Тут пытанне прыстасавання адноўленых помнікаў мінуўшчыны зазвычай вырашаецца на карысць устаноў культуры: у чачэрскай ратушы цяпер працуе музей, у купецкім доме ў Лоеве— бібліятэка.... Музей размесціцца і ў палацы Козел-Паклеўскіх, а яго экспазіцыя распавядзе не толькі пра рэспектабельны побыт беларускіх сядзіб, але і пра ці не самыя жудасныя старонкі гісторыі чалавецтва, звязаныя з дзіцячым канцлагерам, які калісьці знаходзіўся ў Чырвоным Беразе. Дарэчы, мемарыял “Дзецям — ахвярам вайны”, адкрыты летась у вёсцы, наведала ўжо больш як 560 экскурсій.

Акрэсліваючы ў сваім выступленні на пасяджэнні калегіі турыстычны патэнцыял помнікаў даўніны рэгіёна, намеснік начальніка Упраўлення фізкультуры, спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Вадзім Кармазін звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць інавацый у гэтай сферы — такіх, як, напрыклад, анімацыйныя экскурсіі. Трэба меркаваць, што турцэнтр, у які ў хуткім часе мае ператварыцца вёска Юравічы, стане добрай пляцоўкай па апрабацыі новых ініцыятыў. Усяго ж у рэгіёне сёння створана 105 турыстычных маршрутаў, найцікавейшыя з якіх аб’яднаны ў “Залатое кольца Гомельшчыны”.

Колькасць захопленых наведвальнікаў павялічваецца

Знакаміты Веткаўскі музей народнай творчасці, які стаў чарговым пунктам маршруту выязнога пасяджэння калегіі, таксама месціцца ў колішнім купецкім доме. У плане захавання самабытнай рэгіянальнай культуры гэты музей, які мае ўжо больш як 20-цігадовую гісторыю, з’яўляецца папраўдзе ўзорным. Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнуў той факт, што ўстанова з невялічкага гарадка мае нават уласных кваліфікаваных рэстаўратараў.

Наведванне Гомельскага абласнога музея ваеннай славы, што месціцца ў помніку архітэктуры мінулага стагоддзя, выклікала ва ўдзельнікаў калегіі не толькі прафесійны інтарэс, але і чыста глядацкае захапленне, уласцівае кожнаму экскурсанту, які аглядае змястоўную калекцыю ваеннай тэхнікі: агулам яе складаюць 38 экспанатаў рознага памеру і калібру. Напрыклад, мэр горада Абердзіна Пітэр Стывен, які пабываў у музеі акурат надоечы пасяджэння калегіі, зазначыў: гомельскі досвед будзе карысны і ў ягонай роднай Шатландыі.

Але папраўдзе знакавым пачынам у адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны Гомельшчыны, без сумневу, з’яўляецца тая дзівосная метамарфоза, якую не так даўно спазнаў колішні палац Румянцавых-Паскевічаў. Ён аднавіў сваю раскошу, здатную папраўдзе ўразіць нават кіраўнікоў рэспубліканскіх устаноў культуры, якія пад час экскурсіі не хавалі сваіх уражанняў, адзначаючы ці не самы галоўны фактар гэтага пераўвасаблення: палац стаў не толькі сімвалам горада, але і месцам, сапраўды запатрабаваным людзьмі. Як адзначыў на пасяджэнні калегіі намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Пётр Кірычэнка, летась палац наведалі 188 тысяч турыстаў, а сёлета гэтая колькасць мае перавысіць двухсоттысячную адзнаку.

Адметна, што пераўтварэнне колішняга Палаца піянераў у палацава-паркавы ансамбль адбывалася пераважна высілкамі самой Гомельшчыны, аб’яднанымі яе губернатарам Аляксандрам Якабсонам. Больш за тое — плынь інвестыцый не спыняецца і па сёння. Па словах дырэктара Гомельскага палацава-паркавага ансамбля Алега Рыжкова, з абласнога бюджэту штогод выдаткоўваецца каля 10 мільярдаў рублёў толькі на працяг рэканструкцыі комплексу. Неўзабаве плануецца аднавіць і дэндралагічны склад парку, вядомага некалі шматлікімі рэдкімі пародамі дрэў. І ўжо ў наступным годзе мае быць падрыхтавана дасье на ўключэнне ансамбля ў Спіс сусветнай спадчыны UNESCO. Дарэчы, адпаведныя матэрыялы рыхтуюцца і па іншых помніках архітэктуры Гомельшчыны— самабытных драўляных цэрквах Палесся.

Розныя абліччы спадчыны

Гісторыка-культурная спадчына дарэмна асацыіруецца ў многіх выключна са старадаўнімі будынкамі. Амаль палову ўсіх помнікаў Гомельшчыны, унесенных у Дзяржаўны спіс, складаюць археалагічныя. Як было неаднаразова адзначана пад час пасяджэння калегіі, ахова гэтых, часцяком непрыкметных на першы погляд, “пагоркаў” асабліва складаная. Істотную небяспеку ўяўляюць для іх і “чорныя капальнікі”.
 /i/content/pi/cult/187/1981/Socium2.jpg

Важным аспектам аховы помнікаў гісторыі і культуры з’яўляецца няспынны кантроль за іх станам. Пра тое, як наладжана гэтая дзейнасць на Гомельшчыне, засведчыў пакет копій дакументаў, атрыманы ўдзельнікамі пасяджэння калегіі ў Жлобінскім раёне. Ён уключаў рашэнне райвыканкама аб стварэнні інспекцыі для праверкі стану аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс, план мерапрыемстваў па прафілактыцы нанясення шкоды помнікам археалогіі і графік інспектарскіх праверак аб’ектаў.

Як адзначыў Дзмітрый Чумакоў, у цэлым па вобласці такімі праверкамі сёлета былі ахоплены дзве трэці аб’ектаў, уключаных у Дзяржаўны спіс.

Практыкуюцца і міжведамасныя праверкі гісторыка-культурных каштоўнасцей, удзел у якіх бяруць супрацоўнікі пракуратуры і Камітэта дзяржкантролю. На абласным узроўні прынята рашэнне аб стварэнні раённых каардынацыйных саветаў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны — як матэрыяльнай, так і духоўнай. Разам з тым, як адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі, спецыялісты на месцах нярэдка скардзяцца на нявызначанасць свайго становішча, нястачу рэальных механізмаў ажыццяўлення нагляду за выкананнем заканадаўства.

Яшчэ адна шматлікая група гісторыка-культурных каштоўнасцей — помнікі, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. Па словах Дзмітрыя Чумакова, многія з іх былі зроблены ў свой час не з самых надзейных матэрыялаў, і цяпер ступень іх разбурэння дасягае 70 — 80%. Таму ў самы бліжэйшы час чакаецца вялікая праца па наданні гэтым помнікам урачыстага, адпаведнага юбілею, выгляду.

Разам з тым, як адзначыў начальнік Упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Мікалай Пашынскі, некаторыя помнікі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны, састарэлі не толькі матэрыяльна — іх эстэтычная вартасць сёння можа падацца спрэчнай. І таму мэтазгодным было б не рэстаўраваць, а замяніць іх на новыя.

Першы намеснік міністра культуры краіны Уладзімір Рылатка звярнуў увагу таксама і на неабходнасць сістэмнага падыходу ў справе мемарыялізацыі воінскіх пахаванняў часоў Першай сусветнай вайны.

Самай нешматлікай катэгорыяй гісторыка-культурных каштоўнасцей сёння з’яўляюцца нематэрыяльныя. Пакуль што на Беларусі іх усяго чатыры, прычым дзве — на Гомельшчыне. Пад час наведвання Веткі ўдзельнікі калегіі маглі пазнаёміцца ў відэазапісе з адной з іх — абрадам “Ваджэнне і пахаванне стралы” з вёскі Казацкія Балсуны, а таксама з актыўнайработай культасветнікаў раёна па зборы і сістэматызацыі мясцовага самабытнага фальклору. Зрэшты, на Гомельшчыне сёння рыхтуюцца неабходныя матэрыялы для надання статуса помніка нематэрыяльнай каштоўнасці яшчэ дзвюм з іх — старадаўнім песням з вёсак Козлы Ельскага раёна і Новае Палессе Лельчыцкага раёна. Па словах Ігара Чарняўскага, узровень падрыхтоўкі гэтых матэрыялаў спецыялістамі з Гомельшчыны настолькі высокі, што можа быць узяты за ўзор для іншых.

* * *

Падзякаваўшы рупліўцам рэгіёна за карысны досвед, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Грыдзюшка звярнуў асаблівую ўвагу на пазіцыю мясцовых улад у справе аховы помнікаў даўніны. Зрэшты, яе падкрэслівалі практычна ўсе выступоўцы.

— Спецыялістам нашага ўпраўлення пастаянна даводзіцца сустракацца ў рабочым парадку з прадстаўнікамі мясцовых улад, і магу канстатаваць, што зацікаўленасць улад Гомельшчыны — асаблівая, — адзначыў пад час свайго дакладу Ігар Чарняўскі. — Вельмі важна, што кіраўнікі знаходзяць час асабіста прыняць удзел у вырашэнні пытанняў, датычных аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

Думаецца, менавіта апошняе абумовіла шматлікія поспехі рэгіёна ў гэтай стратэгічнай для дзяржавы галіне.

Ілля СВІРЫН
Фота Юрыя ІВАНОВА