Цэнтры ініцыятывы

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г

Першы Форум студэнцкіх саветаў ВНУ горада Мінска пад назвай “Моладзь на шляху да поспеху” адбыўся 11 снежня ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Маладыя актывісты трынаццаці ВНУ сталіцы ўпершыню сабраліся разам, каб вырашыць, як палепшыць узровень адукацыі, паспяхова працаўладкавацца, рэалізаваць сацыяльна значныя праекты. Арганізавалі Першы студэнцкі форум прафкам БДУКіМ і БНТУ.

Члены студсаветаў паказвалі прэзентацыі, прысвечаныя праграмам, якія ўжо дзейнічаюць ці толькі плануюцца да рэалізацыі.

Сярод устаноў тэхнічнага, экалагічнага накірункаў вялікую вагу мелі праекты і гуманітарыяў: ад Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў выступілі тры студэнты, быў таксама прадстаўнік Беларускай акадэміі музыкі. “Студэнцкі цэнтр занятасці БДУКіМ” — так называецца праект Галіны Рэпінай, навучэнкі 2 курса факультэта культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці названага універсітэта. Дзяўчына абгрунтавала неабходнасць стварэння на базе сваёй альма-матэр такой установы, што дапамагала б студэнтам з самага пачатку знаёміцца з працай у тым накірунку, які яны выбралі. А гэта і цесныя кантакты з кіраўнікамі ўстаноў культуры ўсёй рэспублікі, падрыхтоўка моладзі да выхаду ва ўмовы рынку, стварэнне электроннай базы вакансій арганізацый у галіне культуры і мастацтва.

Студэнт 4 курса вакальна-харавога факультэта Беларускай акадэміі музыкі Аляксандр Палякоў імкнецца рэалізаваць праграму пад назвай “Інавацыйны падыход у правядзенні дабрачынных акцый”. Студэнцкі савет гэтай установы мае на ўвазе ўдасканаленне арганізацыі дабрачынных канцэртаў. А Алена Ракоўская, пяцікурсніца факультэта інфармацыйна-дакументальнай камунікацыі БДУКіМ, прадставіла прэзентацыю па арганізацыі канцэртаў для жыхароў малых гарадоў, гарадскіх пасёлкаў, вёсак.

С.Ю.