З нагоды Дня беларускага кіно

№ 50 (867) 13.12.2008 - 19.12.2008 г


Шаноўныя сябры!

Сардэчна віншую ўсіх кінематаграфістаў з прафесійным святам — 84-годдзем беларускай кінематаграфіі.

Кінамастацтва выконвае важную задачу ў нашым грамадстве, выхоўвае ў гледачоў самыя годныя чалавечыя якасці — дабрыню, сумленнасць, душэўнасць, патрыятызм, любоў да Радзімы. Таму глядацкая цікавасць да нацыянальных кінафільмаў пастаянная, кінематаграфісты ж рэспублікі, абапіраючыся на лепшыя літаратурныя творы беларускіх аўтараў, ствараюць стужкі пра нашу краіну, пра нашых знакамітых дзеячаў і гераічныя гістарычныя падзеі ў жыцці народа.

Дзяржава аказвае неабходную дапамогу і падтрымку развіццю і захаванню нацыянальнай кінематаграфіі, усяляк клапоцячыся аб мадэрнізацыі яе матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Вялікая ўвага надаецца прапагандзе беларускага кіно. Удзел у міжнародным фестывальным руху лепшых твораў нашых майстроў экрана спрыяе фарміраванню станоўчага іміджа краіны, стварае добрыя ўмовы для міжнацыянальнага культурнага дыялога, стымулюе інтарэс у сусветнай грамадскасці да нашай дзяржавы. Толькі сёлета работы беларускіх кінематаграфістаў заваявалі больш за 35 узнагарод.

Найважнейшую ролю ў гэтым працэсе адыгрывае Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад”, які з года ў год устанаўлівае новыя рэкорды як па колькасці краін, так і па колькасці кінаработ, што ў ім удзельнічаюць. У сёлетнім форуме былі прадстаўлены больш за 250 работ кінематаграфістаў з 45 краін.

Прыемна адзначыць, што XV Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” прынёс беларускім дзеячам кіно шэсць узнагарод, адна з іх — прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За гуманізм і духоўнасць у кіно”, якім быў адзначаны беларуска-расійскі тэлевізійны мастацкі фільм “У чэрвені 41-га”.

Спадзяюся, што вы і надалей будзеце пацвярджаць высокі прафесійны ўзровень беларускага кіно, ствараючы новыя творы, захоўваючы і працягваючы лепшыя напрацаваныя за гэтыя гады традыцыі.

Сёння я хачу павіншаваць кінематаграфістаў і ўсіх аматараў кінамастацтва са святам — Днём беларускага кіно! Новых вам творчых поспехаў, натхнення, добрага здароўя, удачы і шчасця!

Міністр культуры Рэспублікі Беларусь У.Ф. МАТВЕЙЧУК